З цёплымі пачуццямі

Апублiкавана: 05 красавiка 2024 Стужка Афіцыйна не указан Культурная дыпламатыя

Аўтар: Аўтары

Адноўлена традыцыя абменных Дзён культуры Беларусі і Азербайджана. Яркую прэзентацыю нашай краіны ў Баку зладзілі з 1 па 4 красавіка. Жыхары сяброўскай рэспублікі далучыліся да найлепшых набыткаў беларускіх творцаў, раскрылі для сябе нашу багатую спадчыну.

— Беларуска-азербайджанскае культурнае супрацоўніцтва грунтуецца на глыбокіх традыцыях. Мы высока ацэньваем дасягнуты ўзровень супрацоўніцтва і ўсведамляем, што наперадзе — вялікі шлях, які прывядзе да ажыццяўлення маштабных сумесных праектаў, што будуць цікавыя жыхарам нашых краін, — падкрэсліў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч. — Вельмі прыемна, што сфера культуры аказвае значны ўплыў на ўмацаванне сяброўства між нашымі народамі. 

Анатолій Маркевіч і Адыль Габіль-аглу Керымлі

Анатолій Маркевіч і Адыль Габіль-аглу Керымлі

Сапраўды, культурнае ўзаемадзеянне паміж краінамі развіваецца. Тэатры і канцэртныя арганізацыі ажыццяўляюць творчы абмен. Напрыклад, азербайджанскія артысты рэгулярна ўдзельнічаюць у пастаноўках Вялікага тэатра Беларусі, у Мінскім міжнародным Калядным оперным форуме. Варта адзначыць, што прадстаўнікі гэтай краіны традыцыйна выступаюць на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. На Алеі зорак ля Летняга амфітэатра ў Віцебску закладзена зорка ў гонар Палада Бюльбюль-аглы. Выступленні гэтага артыста нашы гледачы прымаюць асабліва цёпла. Таксама актыўна супрацоўнічаюць музеі і бібліятэкі дзвюх дзяржаў. Напрыклад, партнёрамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’яўляюцца Азербайджанская нацыянальная бібліятэка і Цэнтральная навуковая бібліятэка Акадэміі навук Азербайджана. 

Цяпер стаіць задача ўмацоўваць сувязі і знаходзіць новыя фарматы супольнай дзейнасці. Беларускія арганізацыі зацікаўленыя ў актывізацыі кантактаў. Адной са стратэгічных задач наш бок лічыць развіццё кантактаў паміж моладдзю абедзвюх дзяржаў. Асаблівае значэнне напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне маюць сумесныя патрыятычныя праекты. 

Беларуская дэлегацыя імкнулася перадаць самыя цёплыя сяброўскія пачуцці да азербайджанскага народа, паказаць самабытнасць і ўнікальнасць нашай культуры. У гала-канцэрце ў Палацы імя Гейдара Аліева паўдзельнічалі найлепшыя майстры айчыннай сцэны. Гэта легендарны ансамбль “Песняры”, Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вікторыя Алешка, салісты оперы Вялікага тэатра Беларусі Дар’я Гаражанка і Дзяніс Янцэвіч, эстрадныя выканаўцы Гюнэш Абасава і Самір Ёлчыеў. 

Прэзентацыя беларускага народнага мастацтваПрэзентацыя беларускага народнага мастацтва

У Азербайджанскім нацыянальным музеі мастацтваў разгарнулася выстава “Беларусь вачыма мастакоў”. Экспазіцыя ўключае 35 жывапісных твораў сучасных майстроў: Антона Вырвы, Уладзіміра Уродніча, Глеба Отчыка, Ганны Садоўскай і іншых. У сваіх пейзажах яны паказваюць лясныя далі, вясковыя прасторы і гарадскія віды, апяваюць хараство роднай зямлі, асэнсоўваюць каштоўнасць мірнага, стваральнага жыцця. Падчас вернісажу ў дар ад беларускага народа Азербайджанскаму нацыянальнаму музею мастацтваў перадалі карціну Глеба Отчыка “Назіральнік”. 

Плённай сталася сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з міністрам культуры Азербайджанскай Рэспублікі Адыль Габіль-аглу Керымлі. Кіраўнікі ведамстваў абмеркавалі сумесныя набыткі і пазначылі перспектывы ўзаемадзеяння. У прысутнасці міністраў падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж арганізацыямі культуры нашых краін. 

Цяпер дакументамі замацавана партнёрства паміж Белдзяржфілармоніяй і Азербайджанскай дзяржаўнай акадэмічнай філармоніяй імя Мусліма Магамаева, Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і Азербайджанскім нацыянальным музеем мастацтваў, Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь і Цэнтрам Гейдара Аліева. 

Яркай часткай праграмы сталі Дні беларускага кіно. Жыхары Азербайджана добра знаёмыя з нашай кінакласікай — фільмамі “Белыя Росы” Ігара Дабралюбава, “Я родам з дзяцінства” Віктара Турава, “Прыгоды Бураціны” Леаніда Нячаева, іншымі карцінамі. Сучасныя майстры годна працягваюць традыцыі папярэднікаў. Бакінская публіка ўбачыла беларускія фільмы апошняга часу. У кінацэнтры “Нізамі” паказалі ігравыя стужкі “Ліст чакання” Аляксандра Яфрэмава і “Падрыў” Івана Паўлава, дакументальныя карціны “Перазвон” Яўгена Сяцько і “Краіна выратаванага велікана” Ігара Бышнёва.  

Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Юрый Аляксей выказаў упэўненасць, што кінамастацтва ўмацуе сяброўства паміж краінамі і прынясе вялікую карысць двум народам. Па яго словах, праграму сфарміравалі такім чынам, каб найбольш ярка паказаць замежнаму гледачу нацыянальныя традыцыі Беларусі. 

Дні культуры — толькі адна са старонак шматграннага творчага супрацоўніцтва. І цяперашняе наведванне Баку беларускай дэлегацыяй паспрыяе актывізацыі дыялогу. Пакуль жа чакаецца адказны візіт азербайджанскіх калег у нашу краіну.