Душа народа ў песнях

У 1973 годзе пры Столінскім раённым доме культуры быў створаны самадзейны хор “Крыніца”. Яго арганізатарам і першым мастацкім кіраўніком стаў Мікалай Вайцяхоўскі. Аб’яднанне прывабіла апантаных людзей, якія не ўяўлялі жыцця без народнай музыкі і песні. У 1982—2020 гадах хор узначальвала Алена Аўсяннік, а з 2020-га мастацкі кіраўнік заслужанага народнага аматарскага калектыву “Крыніца” — Вольга Навумовіч.

СІЛА І ЗДАРОЎЕ 

Назва калектыву “Крыніца” — старанна прадуманая і шматзначная. Крыніца, як вядома, асацыюецца з чыстай і свежай вадой, якая мае гаючыя ўласцівасці, дорыць сілы і здароўе. 

Песня таксама лечыць душу чалавека, дапамагае адолець негатыўныя эмоцыі, зняць стрэс, расфарбоўвае настрой. 

Хор "Крыніца"

Хор "Крыніца"

Назва хору гаворыць, што ён хоча быць крыніцай чысціні і пазітыўнай энергіі дзякуючы сваёй песні. Выканаўцы імкнуцца падарыць публіцы яркія ўражанні, увесь творчы патэнцыял накіроўваюць на тое, каб стаць крыніцай натхнення, радасці і шчасця для шырокай аўдыторыі. 

РАЗНАСТАЙНАСЦЬ ГУЧАННЯ 

Калектыў спецыялізуецца на харавым жанры. У рэпертуары перавага аддаецца народным песням, аднак ёсць месца і для аўтарскіх кампазіцый. 

Адзін з асноўных напрамкаў — песні, якія выконваюцца без акампанементу, a cappella. Падобны падыход стварае асаблівую атмасферу і дазваляе поўнасцю раскрыць вакальныя магчымасці артыстаў. 

Спявае “Крыніца” і ў суправаджэнні аркестравай групы. У яе складзе — два баяны, скрыпка, бас-гітара і ўдарныя. Такі акампанемент дадае насычанасць гучанню.

ТОЕ, ШТО АБ’ЯДНОЎВАЕ 

Артысты рэпеціруюць два разы на тыдзень, у асноўным па вечарах. У калектыве выступаюць людзі розных узростаў і прафесій. Таму часам выканаўцам складана сабрацца ўсім разам. Але дзякуючы багаццю відаў дзейнасці, характараў і захапленняў хор гарманічны і па-сапраўднаму паўнавартасны. Кожны артыст робіць “Крыніцу” па-свойму цікавай і запамінальнай. Усе музыканты маюць агульную мэту — стварыць якасны прадукт, які прыносіць асалоду слухачам і дорыць самім спевакам задавальненне ад выканання. 

ТРЫ КІТЫ “КРЫНІЦЫ” 

Харысты вылучаюць тры галоўныя кірункі дзейнасці: прыцягваць у калектыў таленавітых людзей, прадстаўляць родны край на фестывалях і конкурсах і ўдасканальваць выканальніцкае майстэрства кожнага ўдзельніка. 

Каб таленты прыходзілі ў творчае аб’яднанне, павінна быць дзейсная стратэгія па іх прыцягненні. Народны хор распаўсюджвае інфармацыю аб тым, як можна да яго далучыцца, у сацыяльных сетках. Матэрыялы аб “Крыніцы” з’яўляюцца ў мясцовай прэсе. Але найлепшая рэклама — камунікацыя з цяперашнімі ці былымі ўдзельнікамі калектыву. І артысты заўсёды рады бачыць у сваіх шэрагах новых зорак. 

Рэгулярныя выступленні дапамагаюць расці і развівацца. Вольга Навумовіч ўпэўненая: на працягу многіх гадоў калектыву ўдаецца годна прадстаўляць Столінскі раён на фестывалях і конкурсах харавога мастацтва. Для кожнага выступлення артысты падбіраюць новыя праграмы, якія здзіўляюць і ўражваюць гледача. Спевакі звяртаюць пільную ўвагу на аранжыроўкі. Рэпертуар — разнастайны, знойдзецца песня на любы густ. 

ГАСТРОЛІ І РАЗ’ЕЗДЫ 

У 1996 годзе “Крыніца” ўпершыню паўдзельнічала ў рэспубліканскім фестывалі “Дажынкі”, які праходзіў у Століне. Гэта была незабыўная падзея, бо артысты атрымалі ўнікальную магчымасць выступіць перад шырокай аўдыторыяй і паказаць сваё мастацтва. 

Пазней былі “Дажынкі” ў Слуцку. Калектыў сабраў мноства пахвал за выступленні і на гэтым фестывалі. 

Вельмі адказным і важным для “Крыніцы” стаў 2011 год. Музыкантам ізноў давялося трымаць іспыт перад вялікай аўдыторыяй і абараняць званне заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь. Усё прайшло як нельга лепш. Тытул — важнае прызнанне працы і таленту. І, вядома, артысты ім вельмі ганарацца. 

Мастацкі кіраўнік хору "Крыніца" Вольга Навумовіч

Мастацкі кіраўнік хору "Крыніца" Вольга Навумовіч 

Выдатным вопытам быў фестываль харавой творчасці “Пявучае поле” ў Мядзеле. Кіраўнік калектыву паставіла перад музыкантамі задачу не проста паказаць сябе на сцэне, а абмяняцца досведам з іншымі ўдзельнікамі фэсту, паназіраць за іх стылем і манерай выканання, каб намеціць уласныя пункты росту. 

У 2021-м “Крыніца” далучылася да агульнарэспубліканскай акцыі “Харавое веча”. Зноў на адной сцэне сустрэлася мноства хароў з усёй Беларусі. Пра музыкантаў са Століна на той час ужо ведалі не па чутках. 

Яшчэ большы канцэрт зладзілі ў Ляскавічах у 2022 годзе. У Гомельскай вобласці на Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый “Кліч Палесся” сабраліся калектывы з усяго свету. Кожны імкнуўся годна прадставіць сваю культуру і традыцыі. “Мы былі ўражаны маштабам мерапрыемства і рады паказаць родную Беларусь на такой інтэрнацыянальнай пляцоўцы”, — распавядае Вольга Навумовіч. 

Зусім нядаўна прайшоў юбілейны канцэрт, прысвечаны 50-годдзю з дня ўтварэння самадзейнага калектыву “Крыніца”. У глядзельнай зале сабраліся знаўцы народнай творчасці, сябры і самыя блізкія людзі. Харысты ўспомнілі доўгую і паспяховую гісторыю працы і падзяліліся радасцю з прыхільнікамі. 

Гэта далёка не поўны спіс мерапрыемстваў, на якіх выступала “Крыніца”. Артысты выязджалі за межы Беларусі, паднімаліся на сцэну на розных канцэртах і фестывалях, дэманстравалі сваё самабытнае мастацтва і знаёмілі публіку з беларускай музыкай і культурай. 

АЛЁ, МЫ ШУКАЕМ ТАЛЕНТЫ! 

Самадзейны народны хор заўсёды ў пошуку таленавітых выканаўцаў, якія адчуваюць асалоду ад сапраўднага мастацтва вакалу. У калектыве няма строгіх патрабаванняў да адукацыі — чакаюць кожнага, хто шчыра любіць спяваць і мае патрэбныя дадзеныя. 

Каманда цэніць індывідуальнасць і ўнікальнасць асобы, бо запал і эмоцыя здольныя засланіць вакальныя хібы. Калі артыст можа заваражыць слухачоў і запомніцца ім, то ён зойме годнае месца ў хоры “Крыніца”. 

Ганна САКАЛОВА 

Фота з архіва калектыву