Беларусь — мая песня

Апублiкавана: 12 красавiка 2024 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: Аўтары

Больш за 50 найлепшых калектываў і каля тысячы артыстаў Гродзеншчыны выйдуць сёння на сцэну Палаца Рэспублікі. Гала-канцэрт “Прынёманне: зямля і людзі” мусіць стаць чарговым яскравым акордам у творчай справаздачы рэгіёнаў. Фінальны этап фестывалю “Беларусь — мая песня” ладзіцца ў сталіцы з 2 лютага па 19 чэрвеня.

Падчас маштабнага культурнага марафону на галоўнай святочнай пляцоўцы краіны свае таленты дэманструюць усе вобласці і горад Мінск. Найлепшыя прафесійныя і аматарскія калектывы, салісты прадстаўляюць вакальнае, харэаграфічнае, цыркавое мастацтва. 

Сёння ў Палацы Рэспублікі выступяць артысты Гродзеншчыны. У праграме “Прынёманне: зямля і людзі” задзейнічаны заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца, музыкі і песні “Белыя росы”, музычны тэатр “Рада”, папулярная эстрадная спявачка Аліна Чыжык, хары ўстаноў адукацыі сферы культуры, а таксама вядучыя калектывы мастацкай творчасці. У фае разгорнецца выстава дасягненняў культурнай галіны з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, вырабаў народных майстроў. 

У аснове канцэпцыі гала-канцэрта — таленавітыя, працавітыя і адданыя сваёй зямлі людзі, якія годна прайшлі ўсе выпрабаванні і сёння ўпэўнена рухаюцца па шляху стварэння і развіцця. Эпізод “Беларусы падзеленай зямлі: за намі праўда!” адлюстроўвае 1921—1939 гады, “І ўсё ж такі мы перамаглі!” — раскрывае гераізм падчас ліхалецця ў 1941—1945-м. Сімвалічна: у гэтым годзе край адзначае двайны юбілей — 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўтварэння Гродзенскай вобласці, што будзе паказана ў частцы “Нараджэнне Гродзенскай вобласці”. А эпізод “Прынёманне патрыятычнае і духоўнае — трэба трымацца разам!” стане кульмінацыяй, якая падкрэсліць лейтматыў канцэртнай праграмы: Прынёманне выстаяла перад усімі бедамі і сёння будуе моцную, незалежную і квітнеючую Беларусь.