Тое, што ачышчае душу

Для Мацвея Чучы ігра на баяне не толькі любімая справа, але сямейная традыцыя: веды пра народны інструмент перадаюцца ў яго родзе з пакалення ў пакаленне. Шаснаццацігадовы ўраджэнец Ліды — стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Пра творчыя дасягненні, важнасць працы ў ансамблі і формулу поспеху разважае наш герой. 

— Мацвей, чаму сярод вялікай колькасці музычных інструментаў вы абралі менавіта баян? 

— Гэта наш радавы інструмент. На ім іграў мой прадзед, які мог на хаду падхапіць любую мелодыю, і бабуля, якая мела абсалютны слых і цудоўнае пачуццё рытму. Дарэчы, менавіта дзякуючы ёй у дзевяцігадовым узросце я пачаў займацца гэтай справай і паступіў у музычную школу. Памятаю, як на адным з першых урокаў з лёгкасцю сыграў кампазіцыю “Стары клён” — і настаўніца была моцна здзіўленая маёй падрыхтоўцы. Я рады, што працягваю сямейныя традыцыі, бо па сваёй прыродзе баян — унікальны і шматфункцыянальны інструмент. Для сябе вырашыў, што карысна асвоіць і фартэпіяна, таму актыўна ўдасканальваюся і ў гэтым напрамку. 

Мацвей Чуча

Мацвей Чуча

— Вы вучыцеся ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Як трапілі ў гэтую ўстанову? 

— Справу вырашыў выпадак. Неяк па дарозе ў краму мы сустрэлі мамінага аднакласніка. Завязалася гутарка пра паступленне, ён распавёў, што скончыў гімназію-каледж, і парэкамендаваў яе як наступную прыступку адукацыі. Дзякуючы гэтай парадзе і высокім балам на ўступных іспытах у 2020-м я стаў навучэнцам спецыяльнасці “інструменты народнага аркестра (баян/акардэон)”. Тут канчаткова пераканаўся: музыка — гэта маё ўсё. Мяне атачаюць зацікаўленыя людзі, таму мая любоў да гэтага віду творчасці не згасне! Перакананы, што ключ да поспеху — развіццё прафесійных дадзеных пад чулым кіраўніцтвам вопытных педагогаў. 

— Нягледзячы на юны ўзрост, вы маеце вялікі сцэнічны вопыт. Чым здзіўляеце гледачоў? 

— Канцэртным рэпертуарам: ад класічных твораў да сучасных. Мая мэта — падабраць праграму, цікавую ўсім. Стараюся ўявіць сябе на месцы слухача і выбіраю тыя творы, якія будуць яму знаёмыя і зразумелыя. На сцэну выходжу заўсёды сканцэнтраваным. Нягледзячы на лёгкае трымценне, стараюся выглядаць упэўнена, каб выклікаць прыхільнасць аўдыторыі. Формула паспяховага выступлення простая: трэба настроіцца на кампазіцыю, і ўявіць, як яна гучыць, пакуль ты не ўзяў першы акорд. 

— У Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі — 2023” вас прызналі найлепшым. Як складваўся шлях да перамогі? 

— Часта чуў пра гэтае спаборніцтва, таму што ў ім пастаянна праяўлялі сябе баяністы і акардэаністы маёй навучальнай установы. Тры туры прайшлі хвалююча і цікава. Для выступаў абраў творы, складзеныя спецыяльна для баяна: Віктара Дзікусарава — “Скерца”, Вячаслава Чэрнікава — “Вальс экспромт”. Вядома, нельга абысціся без беларускага кампазітара, таму сыграў “Санату нумар 1 Планета Земля” Аляксандра Пажарыцкага. Атрымаўшы дыплом 1 ступені, быў надзвычайна рады: мае старанні высока ацанілі. Але ў нашай прафесіі небяспечна заставацца на месцы, імкненне дамагчыся лепшага выніку — рухавік таленту. Налета планую ўдзельнічаць не сола, а ў намінацыі ансамбля. На базе гімназіі-каледжа пад кіраўніцтвам майго педагога Лідзіі Віктараўны Пажарыцкай існуе секстэт баяністаў і акардэаністаў, дзе я граю больш за два гады. Рэпертуар разнастайны: творы Мусаргскага, Бронэра, Свірыдава і іншых. Самае яркае выступленне адбылося ў рамках канцэрта “Аб’ядноўваючы музыкай сэрца” сумесна з Калінінградскім юнацкім сімфанічным аркестрам на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Галоўная мэта калектыву — дамагчыся ідэальнай зладжанасці. Гэта гартуе музыканта: развівае слых, дапамагае ліквідаваць непаладкі з рытмам. 

— Скарыўшы такую вяршыню, як “Маладыя таленты Беларусі”, ці маеце мэты, якіх жадаеце дасягнуць? 

— Я дарос да таго прафесійнага этапу, калі трэба максімальна актыўна праяўляць сябе на конкурсах. Які сэнс развіваць здольнасці, калі іх не дэманстраваць? Атрымліваю каласальны вопыт ад спаборніцтваў. Задавальненне, радасць, эмацыянальнае падсілкоўванне — усё гэта мне неабходна! Вялікая падзяка маёй Радзіме за клопат пра моладзь, за магчымасць выступаць на такіх маштабных пляцоўках. Праз іх усё больш людзей цікавяцца музычнай сферай Беларусі. Мару паказаць свае ўменні на міжнародным узроўні: Чэмпіянаце свету па баяне і акардэоне, конкурсе юных выканаўцаў на баяне і акардэоне імя М.І. Белабародава. Гэта выдатны шанц ярка заявіць пра сваю культуру і пазнаёміцца з іншымі. 

Мацвей Чуча

Мацвей Чуча

— Што дапамагае захоўваць запал, любоў да справы? 

— Для мяне музыка не проста прыгожае гучанне нот. Яна расказвае пра жыццёвыя цяжкасці і як іх пераадольваць, ачышчае душу і напаўняе яе энергіяй. Гэты від мастацтва дапамагае чалавеку вырасці маральна і дорыць падставы для радасці. Натхненне — вельмі важны складнік для творчай асобы. Мяне чапляюць працы такіх мэтраў, як Святаслаў Рыхтэр, Глен Гульд, Рыгор Сакалоў; Вячаслаў Сямёнаў, Юрый Шышкін, Кірыл Русінаў, але больш за ўсё люблю кампазіцыі Пятра Ільіча Чайкоўскага. 

— Акрамя ўзнагарод у конкурсах, летась вы атрымалі ганаровае званне — стыпендыят фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Якія былі пачуцці, калі даведаліся пра гэта? 

— Ашаламляльная радасць! Далёка не кожны музыкант можа атрымаць такую ўзнагароду. Памятаю, калі мне патэлефанавала дырэктар і папрасіла зайсці да яе ў кабінет, я спалохаўся і падумаў, што дзесьці правініўся. Але мне паведамілі прыемную навіну і пачалі віншаваць! Маё залічэнне ў банк таленавітай моладзі стала чарговым доказам, што дарога для маладых людзей у нашай краіне адкрытая. Калі музыкант старанна працуе, то ён здольны дасягнуць любых вяршынь! І я буду рухацца далей. І, вядома, вялікі дзякуй тым, хто дапамог узысці на гэтую ганаровую прыступку. 

— Якім будзе наступны крок? 

— Планую паступіць у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Радуе, што існуе шмат варыянтаў для самарэалізацыі, бо, іграючы на баяне, можна стаць не толькі салістам, але і ўдзельнікам ансамбля. Да таго ж ёсць шанц заняцца выкладчыцкай дзейнасцю. Перспектывы маюцца, галоўнае да іх імкнуцца! У нашай краіне клапатліва ставяцца да маладых талентаў, паважаюць і любяць музычны свет. Таму хачу, каб мая ігра на народным інструменце працягвала кранаць струны чалавечай душы. 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота з архіва героя