Сусветна-харавая беларускасць

Апублiкавана: 12 красавiка 2024 Арт-блог Музыка Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

“Вечар беларускіх прэм’ер” у сталічнай філармоніі, дзе творы Алены Атрашкевіч і Алега Хадоскі выканала Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы, стаў падзеяй не толькі нацыянальнага маштабу. 

У першым аддзяленні прагучала паэторыя на вершы сусветна вядомага персідскага паэта Амара Хаяма, спадчыну якога лічаць сваім нацыянальным здабыткам адразу некалькі краін: Іран, Таджыкістан, Афганістан. А ў другім — харавая сімфонія “Поры года”, заснаваная на аўтарскай кампазітарскай тэхніцы, новай для ўсяго свету. Нарэшце, абодва творы могуць прэзентаваць сучаснае музычнае — і не толькі! — мастацтва Беларусі на самым высокім сусветным узроўні. Не толькі, бо абодва суправаджаліся багатым відэа- кантэнтам, што ўключаў, у тым ліку, жывапіс і графіку Усевалада Швайбы. 

Капэла імя Р. Шырмы падчас першага аддзялення канцэрта

Капэла імя Р. Шырмы падчас першага аддзялення канцэрта 

Выстава прац гэтага беларускага мастака разгарнулася і ў фае, ствараючы атмасферу філасофскага паглыблення ў таямніцы быцця. А менавіта такая повязь сучаснасці і вечнасці, простага і складанага, рэальнага і фантазійнага з усёй палітрай філасофскіх пошукаў у гэтых галінах уласціва абедзвюм харавым партытурам. 

Аўтарам праекта выступіла галоўны дырыжор капэлы Вольга Янум. Яна ў поўнай меры спрычынілася не толькі да выканання, але і да стварэння гэтай праграмы: замовіла буйную работу Алене Атрашкевіч, выдатнай інтэрпрэтацыяй сімфоніі Missa Алега Хадоскі натхніла яго на працяг працы (менавіта Вользе ён прысвяціў “Поры года”). Дарэчы, асобныя часткі новых твораў паказваліся публіцы на ранейшых канцэртах калектыву, што падагравала цікавасць да цяперашняй сусветнай прэм’еры. Добры маркетынгавы ход! 

Харавая паэторыя “Тайны быцця. Ісціны ад Амара Хаяма” вымусіла задумацца над сваім жыццём, нанова ацаніць глыбіню простых, здавалася б, правілаў чалавечага суіснавання, такіх часам складаных, калі іх няўхільна прытрымлівацца. Музыканты ж маглі нанова ацаніць бясконцыя магчымасці простых, класічных сродкаў выразнасці. Атрымалася сапраўдная неакласіка (не блытаць з неакласіцызмам), аздобленая ўсім спектрам разнастайных харавых прыёмаў. Дарэчы, да прэм’еры твор быў надрукаваны ў выдавецтве “Каўчэг” і прадаваўся ў філармоніі ў час канцэрта, нотны тэкст быў шчодра ўпрыгожаны ўсё той жа графікай спадара Швайбы. Зборнік разыдзецца па спецыялізаваных навучальных установах, харавых калектывах — і мы пачуем яшчэ не адну яго інтэрпрэтацыю — цалкам ці асобнымі часткамі. 

Алена Атрашкевіч з удзельніцамі "Вечара беларускіх прэм'ер"

Алена Атрашкевіч з удзельніцамі "Вечара беларускіх прэм'ер"

Сімфонія № 2 для змешанага хору “Поры года” стала чарговым крокам Алега Хадоскі па эксперыментальным шляху. Удалай спробай спалучэння старадаўняга поліфанічнага пісьма з сучасным музычным мінімалізмам стала першая такая сімфонія — Missa. У “Порах года”, дзе ў цэнтры апынуліся народныя святы, кампазітар спалучыў вынайдзеную тады аўтарскую тэхніку з беларускім фальклорам. Да народнай песеннай спадчыны так не падыходзіў яшчэ ніхто. Выкарыстаўшы пазнавальныя цытаты, кампазітар падзяліў іх на асобныя інтанацыі, бы дэталі агульнага пазла, — і штораз нанова складае з іх усё больш мудрагелістую мазаіку. Невыпадкова відэакантэнт, створаны мастаком Ільёй Падкапаевым, быў заснаваны не на рэальных абрадавых дзеяннях, а на касмічнай фантазійнасці, у абрысах якой можна было разгледзець і дзівосныя колеравыя спалучэнні, і намёкі на нечыя постаці-твары, дрэвы-галіны-кветкі. І праз усё — малюнкі беларускага арнаменту. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА