З натхненнем і задавальненнем

Апублiкавана: 14 красавiка 2024 Стужка Бібліятэкі Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

Святы, сустрэчы, выставы — часам здаецца, што бібліятэкары працуюць без перапынкаў. І робяць гэта з натхненнем і задавальненнем! Інакш як растлумачыць неверагодную колькасць паведамленняў ад руплівіц кніжных скарбніц? Рэдакцыйная пошта напоўнена лістамі з розных куткоў краіны. 

ПАКУЛЬ ЖЫВЕ ПАМЯЦЬ 

Сёлета Беларусь святкуе 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З гэтай нагоды ў Гарадской бібліятэцы № 4, што ў Слоніме, зладзілі выставу “Без права забыцця”. Экспазіцыя прысвечана генацыду беларускага народа. На ёй прадстаўлена гісторыка-дакументальная літаратура пра падзеі, звязаныя з акупацыяй Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Экспануюцца кнігі з серыі “Беларусь. Трагедыя і праўда памяці.” Праект распавядае пра гісторыю канцэнтрацыйных лагераў у розных кутках нашай Радзімы: Масюкоўшчына, Азарычы, Трасцянец, іншыя. У кожным загінулі дзясяткі тысяч чалавек. 

— Мэта выставы — засяродзіць увагу наведвальнікаў на тым, як пазверску здзекаваліся захопнікі з мірнага насельніцтва нашай краіны. Тыя злачынствы перад чалавецтвам тэрміну даўнасці не маюць, — лічыць бібліятэкар філіяла Галіна Карыцкая. — Пра такую трагедыю павінен памятаць кожны беларус. 

ДА ЮБІЛЕЮ ЛІТАРАТАРА

Прапаганда беларускай кнігі і айчынных аўтараў, як сучасных, так і тых, хто займаўся літаратур- най дзейнасцю ў мінулых стагоддзях, — адна з асноўных задач бібліятэкі. 

Пятага сакавіка споўнілася 65 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Мазго, паэта, перакладчыка, публіцыста. Нарадзіўся творца ў гарадскім пасёлку Зэльва, што на Гродзеншчыне. 

Бібліятэкары Бераставіцкага раёна арганізавалі для чытачоў кніжныя выставы і правялі мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею Уладзіміра Мазго і яго творчасці. Кніжная выстава “Загадкавая азбука” прадстаўлена ў Канюхоўскай бібліятэцы, адметная тэматычная паліца “Таямнічая планета” — у Масалянскай бібліятэцы, пазнавальная выстава-персаналія “Загадкавая планета Уладзіміра Мазго” — у раённай бібліятэцы імя В.М. Кавалеўскага, літаратурны ракурс “З любоўю да дзяцей” — у Пагранічнай бібліятэцы, літаратурны гід “Загадкавая планета” — у Пархімаўскай бібліятэцы. 

Мерапрыемства і кніжная выстава, прысвечаныя юбілею Уладзіміра Мазго і яго творчасці

Мерапрыемства і кніжная выстава, прысвечаныя юбілею Уладзіміра Мазго і яго творчасці

— Уладзімір Мазго з’яўляецца аўтарам многіх кніг для дарослых і дзяцей, — распавяла бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Жанна Матысік. — Бераставіччына цікавіцца яго літаратурным наробкам і жадае пісьменніку новых творчых поспехаў. 

НА ЖАНОЧАЙ ЛЮБОВІ 

У сельскай бібліятэцы аграгарадка Мураваная Ашмянка, што на Гродзеншчыне, прайшло свята “Гэта асаблівае — 8 сакавіка”. Вясновая сустрэча была поўная цёплых віншаванняў, лірычных песень і вершаў вялікіх паэтаў пра Яе Вялікасць Жанчыну. І нездарма: менавіта яна захавальніца сямейнага ачага, яна ўпрыгожвае быт і навакольны свет. У яе імя ствараюцца шэдэўры літаратуры і мастацтва, музычныя творы. Ды і наогул — свет трымаецца на жаночай любові. 

Падчас свята "Гэта асаблівае — 8 сакавіка"

Падчас свята "Гэта асаблівае — 8 сакавіка"

Падчас мерапрыемства бібліятэкар зрабіла агляд кніжна-ілюстрацыйнай экспазіцыі “Свята вясны, кветак і кахання”. Прадстаўніцы прыгожага полу падзяліліся жаночымі хітрасцямі і сакрэтамі. У завяршэнне сустрэчы госці абмяняліся сувенірамі. Свята прайшло ў атмасферы радасці і цяпла.