Апяваць красу радзімы

Апублiкавана: 15 красавiка 2024 Стужка Музыка Віцебск і воблась Максіма маладых

Аўтар: Аўтары

Для нашай гераіні малая радзіма — месца творчага станаўлення. Першы выхад на сцэну адбыўся ў сем гадоў у Варапаеўскай базавай школе. Выконвала песню “Чырвоныя чаравічкі” — усе ўбачылі: будучая артыстка. Сёння ў яе прафесійным багажы — чатыры прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, удзел у тэлевізійным шоу Андрэя Малахава “Песні ад усёй душы”. Чым яшчэ адметны творчы шлях, распавяла салістка канцэртнага аркестра сімфанічна-эстраднай музыкі імя М.Я. Фінберга Ірына ІРШОНАК. 

ЛЁС СКЛАЎСЯ Б ІНАКШ? 

— Я родам з пасёлка Варапаева, што на Віцебшчыне. Каб не малая радзіма, не тыя маляўнічыя віды, якія атачалі дзяцінства, магчыма, мой лёс склаўся б інакш. Такой прыгажосці, як у Пастаўскім раёне, няма нідзе. Наша Паазер’е, браслаўскія азёры — я прыкіпела душой да гэтага куточка і жадаю апяваць красу роднага краю, паказваць яго людзям. 

За сем кіламетраў ад нашага пасёлка знаходзіцца вёсачка Ляхаўшчына — адтуль родам мая мама Марына Яўгенаўна, крыху далей Норыца — радзіма бацькі Міхася Зянонавіча. У сям’і нас трое — з братам і сястрой розніца дзесяць гадоў. 

Ірына Іршонак

Ірына Іршонак

Пасёлак наш невялікі. Ну і дзе, як не ў мясцовай музычнай школе, заняць дзяцей? Старэйшы брат адвучыўся там два класы. Сястра скончыла музычную школу і магла займець кар’еру баяністкі, але пайшла ў медыцыну. Баян па чарзе перайшоў да мяне. Настаўнікі параілі паспрабаваць спяваць. А пасля пачала ўдзельнічаць у конкурсах. 

ЕЗДЗІЛА, ПАКУЛЬ НЕ ПЕРАМАГЛА 

— Маім першым конкурсам быў раённы “Пастаўскія зорачкі”. Ездзіла туды пяць разоў, пакуль не перамагла. Думала, першае месца далі за тое, што ўсім надакучыла: удзельнічала ж кожны год! Журы заспакоіла: каласальна вырасла ў творчым плане. Гэта была найперш заслуга педагогаў — Валянціны Мікалаеўны Тамазанавай і Ірыны Валянцінаўны Козел. Яны паверылі ў мяне. А Валянціна Мікалаеўна адразу сказала, што маю голас народны. 

У Варапаеве я сябравала з усімі бабулямі і дзядулямі. Яны мне спявалі. Падабалася камунікаваць з мудрымі людзьмі, пераймаць іх досціп, таму мой шлях быў прадвызначаны. 

Хачу, каб мае песні і моладзь слухала. Вельмі прыемна бачыць у плэйлісце аднакурснікаў “Ягадку-малінку” і “Калитку”. Яны цікавяцца маёй творчасцю, ставяць лайкі. 

Дарэчы, тэкст да “Калитки” напісаў мой дзядзька Міхась Кожух, выкладчык беларускай мовы. Бязмерна ганаруся сваім таленавітым родзічам. Музыку стварыў Сяргей Ждановіч. Ён мой прадзюсар, а яшчэ музыкант і рэжысёр — шматгранная асоба, у яго столькі праектаў! 

ЗАПАМІНАЛЬНАЕ — ЖЫЦЦЁ Ў МАНАСТЫРЫ 

— Спецфонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі — важны для творцы. Вельмі хацелася атрымаць прэмію. Мэты дабілася. У мяне чатыры такія ўзнагароды. Напэўна, трэба пятую, юбілейную займець (смяецца). 

Ніколі не забуду фестываль-конкурс хрысціянскай народнай песеннай культуры “Опцінская вясна” ў Казельску. Праходзіў у некалькі этапаў. Самае запамінальнае — жыццё ў манастыры, у Опцінскай пустыні, у келлі — гэта было да дрыжыкаў. 

Ірына Іршонак

Ірына Іршонак

Істотным стаў конкурс “Як на рэчцы было на Фантанцы” ў Санкт-Пецярбургу. Узяла лаўрэацтва другой ступені — на трэцім курсе каледжа атрымала першую імянную стыпендыю. Менавіта тады ўбачыла, якая моцная народная школа ў расіян. І нам трэба не адставаць. На трэцім курсе ўніверсітэта паехала туды другі раз — першае месца і спецыяльны прыз — залатыя завушніцы ад рэктара. У мяне і ўва ўсёй нашай дэлегацыі на вочы навярнуліся слёзы: быць заўважанай такім чалавекам! Рэктар пазычыў, каб я надзела завушніцы на першы сольны канцэрт. І гэта адбудзецца 10 красавіка! Універсітэт даў магчымасць паказаць сябе і работу за чатыры гады. Прагучаць песні і расійскіх, і нашых кампазітараў, класічныя народныя і папулярныя фолькавыя рэчы. 

Трэці важны ў маім жыцці — радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі”. Гэта было на першым курсе ўніверсітэта. Вельмі ўдзячная Таццяне Якушавай, якая яго арганізавала. Конкурс даў чароўны штуршок: з’явілася столькі натхнення і ўпэўненасці! Адбыліся першы запіс на студыі, здымкі на тэлебачанні. Для дзяўчынкі з маленькага пасёлка гэта неверагодныя эмоцыі. 

ПАТЭЛЕФАНАВАЛІ АД АНДРЭЯ МАЛАХАВА 

— Я пастаянна займаюся з Ларысай Віктараўнай Снапковай і з Наталляй Міхайлаўнай Раманскай, заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь, пастаноўкай голасу. Яны робяць яго падатным і гнуткім. Падчас аднаго з такіх заняткаў мне патэлефанавалі з рэдакцыі Андрэя Малахава. Запрасілі на перадачу “Песня ад усёй душы”. Было нечакана. Яны ўбачылі мой кліп і песню “Калитка”. Праз тыдзень-другі, калі я ляжала дома хворая, паведамілі, што назаўтра здымкі. Вечарам таго ж дня рушылі ў Варапаева рабіць рэпартаж. Маю хваробу як рукой зняло. У Маскву са мной паехала мамуська. Яна была ў захапленні! На здымках разам з усімі і плачаш, і смяешся. На час эфіру ўдзельнікі сталі як адна сям’я. Там адбываецца нейкая магія! 

Ірына Іршонак з Андрэем Малахавым на шоу “Песні ад усёй душы”

Ірына Іршонак з Андрэем Малахавым на шоу “Песні ад усёй душы” 

ГІСТОРЫЯ СА СЛЯЗАМІ НА ВАЧАХ 

— Працую ў самым лепшым канцэртным аркестры сімфанічна-эстраднай музыкі імя М.Я. Фінберга. Туды патрапіла нядаўна — шчасцю няма межаў! Быць у камандзе з такімі прафесіяналамі — гонар. Мяне падтрымліваюць і даюць паказаць сваю творчасць менавіта з народнай песняй. 

У маім рэпертуары ёсць “Памятаюць людзі” Людмілы Зыкінай. Пра беларускую дзяўчыну, якая адстаяла грузінскага салдата, што патрапіў у палон. Кожны раз, калі выконваю яе, — дрыжыкі. Пражываю гісторыю са слязамі на вачах. 

Успамінаю бабулю па бацькавай лініі Марыю Емяльянаўну, родам са Смаленска, 1928 года нараджэння. Яна распавядала, як іх, зусім юных, прывялі да сцяны на расстрэл. Далі сказаць апошнія словы. Але раптам дзесьці пачаў страляць рускі салдат, каб адпужаць немцаў. Ён выратаваў наш род. Сёння з маіх вуснаў гучыць песня — значыць, жыццё працягваецца. 

Дзякуючы песні “Памятаюць людзі” я стала пераможцай другога сезона фестывалю “Вытокі”: давяла да слёз усіх членаў журы. Я была адзіная народніца, думала: куды лезу, тут жа эстраднікі! Але народная песня такая моцная, кожнаму ў душу зойдзе. Кампазітар Валерый Шмат у якасці падарунка напісаў для мяне прыгожую кампазіцыю “Зязюля”. Фестываль даў чароўны старт і адкрыў для мяне шмат пляцовак. 

Увогуле адчуваю: наша народная музыка перажывае адраджэнне. Усё больш людзей пачынаюць цікавіцца народнай песняй і сваёй культурай. 

Надзея ЗУЕВА 

Фота з архіва гераіні