Па дузе на захад ад сталіцы

З надыходам першых цёплых дзён нас усё часцей наведваюць думкі аб новых вандроўках па роднай краіне. Але пакуль веснавое надвор’е застаецца зменлівым, выбірацца ў далёкую дарогу зусім не абавязкова. Цікавосткі архітэктурнай спадчыны, сляды знакамітых землякоў і месцы памяці, вартыя наведвання, могуць знайсціся зусім побач. Звернем увагу хаця б на бліжэйшыя ваколіцы сталіцы і агледзім, што адметнага можна пабачыць тут цягам аднаго дня. 

АПАЛІНАРЫЙ ПУПКО 

У Музеі беларускага народнага мастацтва, які размяшчаецца ў вёсцы Аколіца Мінскага раёна на тэрыторыі Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту “Раўбічы”, з 1 сакавіка праходзіць выстава “Я беларус”, на якой прадстаўленыя работы вядомага народнага майстра, разьбяра па дрэве, жывапісца і графіка Апалінарыя Пупко: яго творчасць з’яўляецца своеасаблівым сувязным звяном паміж традыцыямі старых майстроў і сучаснай народнай драўлянай скульптурай. Разьбяр нарадзіўся ў 1893 годзе ў мястэчку Івянец, здаўна вядомым сваімі адмыслоўцамі: ганчарамі, ткачыхамі, чырванадрэўшчыкамі. Вырабы многіх з іх выстаўленыя ў фондах і пастаяннай экспазіцыі Музея беларускага народнага мастацтва. 

Музей беларускага народнага мастацтва ў Аколіцы

Музей беларускага народнага мастацтва ў Аколіцы

У пачатковы перыяд творчасці Апалінарыя Пупко яго драўляныя скульптуры ўпрыгожвалі капліцы і крыжы, інтэр’еры храмаў і былі працягам векавых традыцый “разной справы”, беларускай школы разьбы, “сялянскага барока”. Як сведка жыцця народа ў дарэвалюцыйны час і далейшых змен, майстар ствараў яркія вобразы, звяртаўся да народнай і свецкай тэматыкі, міфалагічных і антычных сюжэтаў, трансфармуючы класічныя вобразы праз прызму стылістыкі народнага мастацтва. 

У пасляваенны час усеагульнае прызнанне атрымалі скульптуры майстра на фальклорныя і літаратурныя сюжэты, жанравыя, лірычныя і гумарыстычныя работы. Сёння творы народнага разьбяра знаходзяцца не толькі ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры і Музеі беларускага народнага мастацтва, але таксама займаюць ганаровае месца ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне і Расійскім этнаграфічным музеі ў Санкт-Пецярбургу. 

Творы Апалінарыя Пупко

Творы Апалінарыя Пупко

Выстава працуе да 28 красавіка, а тым, хто пажадае працягнуць знаёмства з творчасцю майстра, можам параіць завітаць у Івянец Валожынскага раёна, дзе захаваўся дом мастака, цалкам распісаны ім усярэдзіне. Тут можна таксама пабачыць як альбомы з яго шматлікімі малюнкамі, так і падораныя яму кнігі з аўтографамі вядомых у Беларусі людзей, а экскурсію могуць правесці сваякі майстра. 

Творы Апалінарыя Пупко

Творы Апалінарыя Пупко

ЗАСЛАЎСКІ ЭРМІТАЖ 

Тэматычны маршрут можна працягнуць, завітаўшы ў Заслаўе. Акрамя добра вядомых усім архітэктурных і археалагічных помнікаў, увагу гасцей горада ўсё часцей прываблівае Музей беларускай маляванкі, які адкрыўся летась у колішнім флігелі сядзібы Пшаздзецкіх XVIII стагоддзя. 

Маляваны дыван Алены Кіш

Маляваны дыван Алены Кіш

Асноўная экспазіцыя музея прысвечаная творчасці найзначнейшых майстроў беларускай маляванкі — Язэпа Драздовіча і Алены Кіш, якія працавалі ў першай палове ХХ стагоддзя. Акрамя ўласна арыгіналаў работ, дзякуючы інтэрактыўным інфармацыйным панэлям можна знаёміцца з біяграфіямі мастакоў, праглядзець прысвечаныя ім фільмы, ажывіць іх творы з дапамогай сродкаў дапоўненай рэальнасці. Музей працуе амаль год, і за гэты час можна адзначыць пазітыўныя змены. Тут з’явіўся шырокі асартымент сувенірнай прадукцыі па матывах прац беларускага інсітнага мастацтва — і цяпер кожны ахвочы можа прыдбаць на памяць магніцік, брошку альбо кубак з выявамі знакамітых маляванак. 

АД МЭРА — ДА ПІЯНЕРА-ГЕРОЯ 

Далей кіруемся на поўдзень. У Станькаве Дзяржынскага раёна варта агледзець колішнюю сядзібу роду Чапскіх, найбольш вядомым сёння прадстаўніком якога, бадай, з’яўляецца Караль Чапскі: мінскі гарадскі галава з 1890 па 1901 год. Сядзібны дом, на жаль, не захаваўся, але аб колішніх уладальніках тутэйшага маёнтка працягвае нагадваць маляўнічы парк з так званым “Скарбчыкам” — будынкам бібліятэкі ў выглядзе стылізаванай вежы, жылы дом для рабочых, воданапорная вежа, руіны брамы і яшчэ колькі гаспадарчых пабудоў. 

На іншым баку паркавага става — Свята-Мікалаеўская царква, узведзеная ў 1858 годзе. У 1961-м яе намагаліся знішчыць, прычым давялося тройчы прымяняць выбухоўку — і тым не менш магутныя сцены засталіся стаяць. У 2007 годзе тут распачаліся рэстаўрацыйныя работы, і сёння храм дзейнічае — яму вернуты першапачатковы выгляд. А амаль ля самых муроў царквы — дом, звязаны з яшчэ адным легендарным іменем у гісторыі Станькава. Менавіта тут нарадзіўся славуты юны партызан, адзначаны пасмяротна званнем Героя Савецкага Саюза, — Марат Казей, які трагічна загінуў у змаганні супраць гітлераўцаў, маючы толькі чатырнаццаць гадоў. 

Памяць пра вайну захоўваюць непадалёк ад Станькава і ў ваенна-гістарычным комплексе “Старая граніца” — ён з’яўляецца філіялам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут можна пабачыць адноўленыя будынкі савецкай пагранічнай заставы і адзін з дотаў Мінскага ўмацаванага раёна. 

ДЗЕ НАРАДЖАЛАСЯ КІНО 

Вяртаючыся ў Мінск, нельга абмінуць яшчэ адну з найбольш маляўнічых сядзіб прысталічча — Прылукі, якія належалі роду Чапскіх. Тут варта пабачыць сядзібны дом, дзе цяпер размешчаны Інстытут аховы раслін. Таксама захаваўся прысядзібны парк з будынкам карэтнай, а наводдаль ад палаца, на супрацьлеглым беразе става — шэраг гаспадарчых пабудоў, сярод якіх дамы для рабочых, свіран і бровар. 

Палац у Прылуках

Палац у Прылуках

Менавіта з гэтай сядзібай звязаныя першыя старонкі гісторыі беларускага кінематографа — тут улетку 1926 года адбываліся натурныя здымкі першага беларускага фільма. Стужка “Лясная быль” была створаная рэжысёрам Юрыем Тарычам паводле аповесці вядомага літаратара Міхася Чарота “Свінапас”, якая распавядала пра часы савецка-польскай вайны. У эпізодах зняліся ў ролі саміх сябе нават прадстаўнікі тагачаснага кіраўніцтва рэспублікі — Аляксандр Чарвякоў, Язэп Адамовіч, Вільгельм Кнорын. Палац у Прылуках, паводле сцэнарыя, выконваў ролю сядзібы пана Драбскага, а ў здымках у масоўцы ахвотна ўдзельнічалі мясцовыя жыхары. Варта наведаць гэтыя мясціны, каб параўнаць сённяшнія краявіды з кадрамі першага беларускага фільма і на свае вочы пабачыць калыску айчыннага кіно. 

Як бачым, зусім не варта імкнуцца ў далёкія краі, каб знайсці сапраўдны суплёт гістарычных, біяграфічных і мастацкіх сюжэтаў. Упэўнены, што падобныя маршруты магчыма пракласці не толькі ў ваколіцах сталіцы, але і ля многіх беларускіх гарадоў і мястэчак. Наперадзе цёплыя дні — а значыць, чакаюць нас і новыя вандроўкі. 

Антон РУДАК 

Фота аўтара