Як трапіць у Віцебск?

Адборы на дзіцячы і дарослы конкурсы “Славянскага базару ў Віцебску” завяршыліся 16 сакавіка. Беларусь на міжнародным форуме будуць прадстаўляць 14-гадовая Злата Ярашэвіч з Пастаўшчыны і першакурсніца БДУКМ Аляксандра Носаль з Баранавічаў. 

Спаборніцтвы паміж найлепшымі вакалістамі краіны праходзілі ў сёлетняй культурнай сталіцы Беларусі — Бялынічах. Кожнае дзіця выконвала беларускамоўную кампазіцыю айчынных аўтараў і песню па выбары, а дарослы — два хіты: славянскі і сусветны. У абедзвюх групах было па 10 прэтэндэнтаў. Журы выказвала меркаванне моўчкі, праз выстаўленую колькасць балаў. З просьбай агучыць уражанні мы звярнуліся да некаторых суддзяў. 

Удзельнікі адбору на дзіцячы конкурс

Удзельнікі адбору на дзіцячы конкурс

Алена Атрашкевіч, старшыня Беларускага саюза кампазітараў, старшыня камісіі “Мастацтва эстрады (спевы)” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, старшыня журы дзіцячага адбору: 

— Уся дзясятка юных выканаўцаў выглядала ўпэўнена. Літаральна кожны з удзельнікаў мог бы прадстаўляць нашу краіну на конкурсе “Славянскага базару ў Віцебску” ў розныя часы. Гэта і васьмігадовая Улада Табола з Баранавіцкага раёна — вельмі музычная, выразная, яна прайгравала старэйшым удзельнікам хіба з-за меншага вопыту. І Платон Буйноўскі з Дзяржынска — з бездакорным пачуццём стылю і густу (хлопцу не хапіла ўсяго двух балаў). І Маргарыта Цумарава, Амалія Сухан, якія займаюцца ў прадзюсарскім цэнтры “Спамаш”. Для многіх гэта была не першая спроба прайсці фінал. Так што практыка адсеваў, якая ў нас склалася, — яшчэ і пэўная конкурсная школа. Галоўнай праблемай застаецца падбор беларускай кампазіцыі. Яна павінна стварацца ў разліку на магчымасці канкрэтнага спевака і падкрэсліваць яго найлепшыя якасці. На жаль, пакуль у многіх выступленнях альбо выканаўца не дацягваў да песні, альбо песня была не конкурснай, а канцэртнай. Таму ў першым туры я ніводнаму з удзельнікаў не паставіла 10 балаў. 

Максім Расоха, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Фінберга, намеснік старшыні журы дзіцячага адбору: 

— Менавіта з нашым аркестрам юныя канкурсанты будуць выконваць на “Славянскім базары ў Віцебску” песню па выбары — часцей за ўсё гэта сусветны хіт. Традыцыя была закладзена летась, і яна захаваецца. Як паказала практыка, выступленне з аркестрам можа стаць дадатковым стымулам для ўдзельнікаў і выдатнай магчымасцю больш аб’ектыўна ацаніць іх здольнасці і перспектывы. Дарэчы, выкананне сусветных хітоў удавалася канкурсантам лепш. Часам узнікала ўражанне, быццам гэта нейкае іншае дзіця спявае — не тое, якое толькі што выконвала беларускую кампазіцыю. І яшчэ: трэба звярнуць увагу на дыкцыю, бо ў некаторых выпадках не было чутна ніводнага слова, асабліва ў беларускіх песнях. 

Андрэй Саўрыцкі, мастацкі кіраўнік Акадэмічнага хору Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, член журы дзіцячага адбору: 

— Я атрымаў сапраўднае задавальненне. З вакальнага пункту гледжання ўсе дзеці добра падрыхтаваны, валодаюць рознымі вакальнымі тэхнікамі. Ранняя музычная адукацыя, якая цяпер распаўсюджваецца і на эстрадныя спевы, дае плён. Нават не чакаў, што будзе такі ўзровень. 

Дарослы адбор выклікаў больш супярэчлівыя думкі. Вядома, год на год не прыпадае, але папраўдзе яркіх удзельнікаў з моцнымі голасам і харызмай сёлета бракавала. 

Алег Елісеенкаў, кампазітар і выканаўца, дацэнт кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, старшыня журы дарослага адбору: 

— Арганізацыя — на найвышэйшым узроўні: цудоўна абсталяваная зала, зладжаная каманда мясцовых супрацоўнікаў, філігранна вытрыманы прамы тэлеэфір, моцныя выканаўцы, сярод якіх, дзякуючы папярэднім абласным адборам, не было выпадковых удзельнікаў. Я часта трапляю ў журы розных конкурсаў, таму некаторых спевакоў ужо ведаў, але многа аказалася і тых, каго пачуў упершыню. Асноўная праблема — нястача музычных прадзюсараў, бо ацэнку атрымлівае не толькі канкрэтны спявак, але і ўсе, хто стаіць за ім. Па ўмовах павінны выконвацца два хіты: славянскі і сусветны. І трэба здзіўляць — не чарговай копіяй, а пераасэнсаваннем песні, яе нязвыклым прачытаннем. Менавіта гэта можа прынесці не проста перамогу, а гучную перамогу, як тое было, да прыкладу, з Пятром Ялфімавым. 

Віталь Кульбакоў, галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, намеснік старшыні журы дарослага адбору: 

— Прызнацца, я чакаў большага. Але мы абралі найлепшае выкананне, што бачна нават па вялікай розніцы ў колькасці балаў з астатнімі ўдзельнікамі: Аляксандра Носаль сапраўды перспектыўная і да ліпеня яшчэ дабярэ майстэрства. Што тычыцца іншых, то амаль ва ўсіх аказалася не вельмі чыстае інтанаванне. Песням не хапала разнастайнасці, унутранага развіцця, кульмінацый. Гэта ж не канцэрт-рэлакс, у музыцы павінна штосьці адбывацца! Асабліва калі гэта славянскі хіт, які выконваецца ў першы конкурсны дзень і які мусіць адразу “стрэліць”, звярнуць увагу на артыста. Хацеў бы пажадаць далейшым прэтэндэнтам цікавіцца адборамі на “Славянскі базар” у іншых краінах, каб разумець, хто твой сапернік і як яго можна перамагчы, прапанаваўшы штосьці адметнае. 

Анастасія Малевіч (Малашкевіч), лаўрэат міжнароднага конкурсу, салістка оперы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі, член журы дарослага адбору: 

— Для мяне вялікі гонар — аказацца ў складзе журы, бо дагэтуль я ўдзельнічала ў розных творчых спаборніцтвах — оперных і эстрадных, уключаючы тэлешоу “Фактар.by”. У Бялынічах я была ўражана найперш “карцінкай”, якую стварылі ў раённым Цэнтры культуры. Адзначу цікавы выбар песень у многіх удзельнікаў. Ды не ўсе адчувалі розніцу між канцэртам і конкурсам, на якім трэба прадэманстраваць усё, на што ты здольны, прычым адразу, у першай жа кампазіцыі. Прыемна бачыць, што вакалісты валодаюць рознымі тэхнічнымі прыёмамі, але манера выканання павінна адпавядаць стылю песні. Многіх падводзілі выбар рэпертуару, адсутнасць адбудаванай вакальнай канцэпцыі нумара. Аднак балы вызначылі безумоўнага лідара — пажадаем Аляксандры Носаль поспеху на конкурсе ў Віцебску! 

Надзея БУНЦЭВІЧ