Творчасць ад душы і для душы

Ансамбль “Заманіха” працуе з 2000-га. Сёлета спаўняецца 20 гадоў, як ён носіць званне народнага, і тры — як стаў заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь. Галоўная задача “Заманіхі” — развіццё і прапаганда народнай творчасці роднага Полацкага краю. Пра дзейнасць ансамбля расказаў яго кіраўнік Сяргей Смулько.

“Заманіха” — меладычная і красамоўная назва. Гэтае слова, з аднаго боку, абазначае прыгожую расліну, якая валодае мноствам лекавых уласцівасцей, з другога — сведчыць пра вабную сілу яркай, душэўнай творчасці. Лёгкая гульня сэнсаў адлюстроўвае ўсю сутнасць заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля народнай песні “Заманіха”. Гледачы хваляць яго ў адзін голас, гавораць, што любімае музычнае аб’яднанне Полацкага раённага цэнтра культуры дорыць эстэтычную асалоду, настройвае струны душы на лірычны лад, зачароўвае. 

Ансамбль "Заманіха"

Ансамбль "Заманіха"

Першы кіраўнік ансамбля — кампазітар Ірына Гарбунова. Яна згуртавала вакол сябе таленавітых людзей — аматараў народнай песні. Склад калектыву з таго часу змяніўся неістотна. І гэтая стабільнасць шмат у чым вызначае поспех “Заманіхі”. Стройная гармонія галасоў, па-сямейнаму цёплая атмасфера і імкненне дасягаць новых вышынь прыносяць плён. 

У ансамблі — 15 чалавек. Большасць з іх не з’яўляюцца прафесійнымі музыкантамі. Пасля асноўнай працы ўдзельнікі “Заманіхі” спяшаюцца на рэпетыцыі, якія традыцыйна пачынаюцца з чаявання і сяброўскай размовы — так прасцей настроіцца на агульную хвалю. А дадому выканаўцы ідуць, атрымаўшы зарад пазітыўнай энергіі, каб неўзабаве сабрацца ізноў. 

Сёння калектывам кіруе Сяргей Смулько. Прафесійны артыст абнаўляе рэпертуар і ўдасканальвае майстэрства “Заманіхі”. Мужчынская частка ансамбля — інструменталісты з музычнай адукацыяй, якія граюць на баяне, гармоніку і кантрабасе, а жаночая — прадстаўніцы розных прафесій з яркімі вакальнымі дадзенымі. 

Шмат часу і ўвагі ўдзяляецца індывідуальным заняткам, на якіх творцы паляпшаюць выканальніцкія навыкі, культуру сцэнічнага майстэрства. Галасы артыстаў і народных інструментаў заўсёды адклікаюцца ў сэрцах гледачоў, дораць ні з чым не параўнальную асалоду — прыгажосць натуральнага гуку. 

Чысціня вакалу і ігры, высокі сцэнічны ўзровень, адданасць традыцыям, пачуццё густу, непаўторны каларыт і навізна канцэртных нумароў паставілі калектыў у шэраг найлепшых самадзейных на Полаччыне. Мяккія, гарманічныя ансамблевыя спевы, унікальная манера, жывы акампанемент з элементамі імправізацыі, незвычайны тэмперамент — тыя рысы, па якіх “Заманіху” пазнаюць і за якія цэняць. Кожнае выступленне творчага аб’яднання — асаблівае. Калі вы патрапілі на канцэрт, можаце быць упэўнены, што музыканты граюць менавіта для вас. 

Рэпертуар ансамбля фарміруецца дзякуючы розным крыніцам. Нешта артысты пачулі па радыё, тэлебачанні, запомнілі, а пасля зрабілі для гэтых кампазіцый пераклад на беларускую мову і новую аранжыроўку. Штосьці запазычылі падчас фальклорнай экспедыцыі. Іншае вярнулі са старога рэпертуару, але ўжо ў новым прачытанні. Многія з песень калектыву “пайшлі ў народ”. 

Сяргей Смулько прызнаецца, што найлепш творчы патэнцыял выканаўцаў раскрываецца на сольных канцэртах. Нягледзячы на тое, што выступленні патрабуюць вялізных эмацыйных затрат, артысты гатовы скараць сцэну зноў і зноў. 

Ансамбль "Заманіха"

Ансамбль "Заманіха"

“Заманіху” выклікаюць на біс не толькі ў Беларусі. Калектыву апладзіравалі ў Расіі, іншых краінах падчас гастролей. І нават калі яму давялося даваць шэсць канцэртаў зараз у адным горадзе, усе прайшлі з аншлагам! 

Кожны год ансамбль ладзіць сольныя справаздачныя выступленні ў Полацку, выязджае ў аддаленыя раёны, рэгулярна ўдзельнічае ў абласных конкурсах у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі”. 

За два з паловай дзесяцігоддзі калектыў не толькі дасягнуў вяршынь, але і набыў шчырую любоў гледачоў. Канцэрты ансамбля заўсёды праходзяць пры поўных залах. Зарадзіўшыся пазітывам ад выканаўцаў, прыхільнікі “Заманіхі” нязменна вітаюць дарагіх сэрцу артыстаў, апладзіруюць стоячы. 

Высокае званне ўдзельнікі творчага аб’яднання ўспрымаюць як заклік да дзеяння. Планка паднята высока. Яны гатовы падняць яе яшчэ вышэй. Артысты “Заманіхі” вераць, што наперадзе — шматлікія сустрэчы з гледачом, а значыць, трэба трымаць форму. 

Ганна САКАЛОВА 

Фота з архіва ансамбля