У по­шу­ку іна­ва­цый

Апублiкавана: 17 красавiка 2024 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск Ініцыятыва

Аўтар: Аўтары

Сёння лічбавізацыя пранікае ва ўсе сферы жыцця чалавека. І ў Год якасці нас чакае прарыў у культурнай галіне, звязаны з інавацыйным напрамкам — дапоўненай рэальнасцю. Пра яе распавядае дырэктар кампаніі “АР Фокс” Яўген Цыбулёў.

— Яўген, апішыце простымі словамі, што гэта за трэнд — дапоўненая рэальнасць, пра якую ўсё часцей гавораць? 

— Гэта тэхналогія, якая дазваляе інтэграваць з аб’ектамі рэальнага свету інфармацыю — тэкст, анімацыю, камп’ютарную графіку, аўдыя — тут і цяпер. Напрыклад, вы знаходзіцеся ў Егіпецкім музеі, побач грабніца фараона. Вы, вядома, хочаце захаваць момант, зрабіць сэлфі. Адсканіраваўшы QR-код, наводзіце камеру тэлефона на магільню, і раптам на экране з’яўляецца прадстаўнік далёкага мінулага. У вас будзе ваў-эфект! Націскаеце на кнопку, і фота гатова. Вакол усё рэалістычнае, яшчэ і фараон у смартфоне. Усё на адным здымку! 

— Вы прывялі музейны прыклад. Ці азначае гэта, што падобная лічбавая тэхналогія ўжо трапіла ў сферу культуры? 

— Вядома. Але гэта толькі пачатак, і дапоўненая рэальнасць будзе імкліва развівацца ва ўсіх сферах, а ў культуры — асабліва. Зараз нашымі кліентамі з’яўляюцца Брэсцкая крэпасць-герой, Музей гісторыі горада Мінска, Прэзідэнцкая бібліятэка, з якой мы нядаўна прэзентавалі пілотны праект “Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь у дапоўненай рэальнасці”. У нас наладжаны стратэгічныя сувязі з Цэнтральнай бібліятэкай імя Янкі Купалы, Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў. У скарбонцы кампаніі ўжо звярстаныя прапановы і да Дня пісьменства, які сёлета пройдзе ў Івацэвічах, і для Бялынічаў — цяперашняй культурнай сталіцы Беларусі. Хутка мы агучым арганізатарам ідэі. Спадзяюся, яны спадабаюцца ўсім. 

Для Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея плануем зрабіць 3D-мадэль шматвяковай амфары. Займальныя факты пра яе пададзім у крэатыўнай форме. Ёсць цікавы праект і для Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. 

Наша філасофія — у пошуку інавацый у кожнай сферы. Мы аб’ядноўваем вэб-распрацоўку, маркетынг і дапоўненую рэальнасць, каб даць кліентам не проста паслугі, а комплексныя рашэнні, якія выведуць дзейнасць на новы ўзровень у лічбавай эпосе. 

— Назавіце канкрэтны прыклад выкарыстання дапоўненай рэальнасці ў галіне культуры. 

— З задавальненнем! Са студзеня кампанія “АР Фокс” удзельнічае ў праекце “За дзень наступны ўсяе зямлі”, які ладзіцца на старонках глянцавага часопіса “Мастацтва”. Ініцыятыва прымеркавана да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па карцінах Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў распрацоўваюць відэакантэнт, а мы інтэгруем яго са спецэфектамі ў відарыс праз дапоўненую рэальнасць. Пры сканіраванні QR-кода і навядзенні камеры на палатно яно ажывае. Ствараецца непаўторны эфект эмацыйнага ўцягвання ў намаляваны сюжэт. Карціна ў такім фармаце ўспрымаецца зусім па-іншаму, незвычайна і ярка, дзякуючы відэа- і аўдыясуправаджэнню. Сцэнарый узаемадзеяння аптымізаваны для мабільных прылад. За два тыдні відэа з першым жывапісным творам было прагледжана ў Telegram-канале Міністэрства культуры больш за 2000 разоў. Уся інфармацыя захоўваецца ў нас на платформе. Цяпер мы ў пошуку генеральнага партнёра праекта, якому хочам паднесці ў дар 12 жывых карцін, надрукаваных на палатне. Прэзентаваць работы з дапоўненай рэальнасцю сумесна з рэдакцыйна-выдавецкай установай “Культура і мастацтва” плануем у Прэзідэнцкай бібліятэцы. Мяркуем і шырокае асвятленне ў СМІ. 

— Зразумела, што мы жывём у эпоху лічбавых тэхналогій: у кожнага на тэлефоне больш за дзясятак праграм, якія дазваляюць карыстацца рознымі паслугамі — здзяйсняць плацяжы, складаць дыеты... Ці не згубіцца ваш дадатак сярод мноства іншых? 

— У тым і справа, што для нашай тэхналогіі не трэба ўсталёўваць праграмы. Гэта змяншае бар’ер уваходжання і паляпшае карыстальніцкі досвед. Дапоўненую рэальнасць можна запусціць праз вэб-браўзеры, што спрыяе яе ўжыванню шырокім колам насельніцтва, уключаючы людзей з абмежаваным доступам да мабільных праграм. Да таго ж можна збіраць дадзеныя аб узаемадзеянні карыстальнікаў з кантэнтам. Усё гэта дазваляе аналізаваць эфектыўнасць прадукту і прымаць абгрунтаваныя рашэнні, каб паляпшаць розныя стратэгіі прасоўвання. 

— Ваша каманда — гэта… 

— Сплаў маладосці, вопыту і крэатыву. У нас працуюць не толькі прафесійныя ІТ-адмыслоўцы. “АР Фокс” — творчы калектыў, натхнёны неспатольным жаданнем змяняць свет вакол. Мы шануем тых, хто ўмее думаць, слухаць, аналізаваць. Мы не проста ствараем прадукты і паслугі, мы ўвасабляем ідэі. Ганарымся, што кожны наш праект — магчымасць удыхнуць жыццё ва ўнікальныя канцэпцыі і зрабіць іх даступнымі для кліентаў. 

Аляксей ХАВАНСКІ 

Фота з архіва героя