Слова пра Генрыка Жукоўскага

Імя гэтага віртуоза акварэльнай партрэтнай мініяцюры, ураджэнца Беларусі, калі і вядома сёння на радзіме, то адзінкам. Няма пэўнасці, што ў нашых музеях або ў прыватных зборах знойдзецца хоць адна праца мастака. Вельмі мала мы ведаем і пра самога Жукоўскага (1813? — 1841?). Прыйшоў час прыўзняць завесу таямнічасці.

Мастацтвазнаўца Леанід Дробаў у кнізе “Живопись Белоруссии ХІХ — начала ХХ в.” (1974 г.) змясціў кароткую нататку пра творцу. “Цяжкім быў жыццёвы шлях мастака. Нарадзіўся Г. Жукоўскі ў збяднелай дваранскай сям’і ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні. Рана страціў бацькоў, якія не пакінулі ніякай спадчыны. З 15 гадоў вымушаны быў зарабляць не толькі на сваё існаванне, але і на ўтрыманне малодшай сястры. Усё ж Жукоўскі паспяхова скончыў гімназію і паступіў у Віленскую школу жывапісу. Пасля завяршэння вучобы жыў у Вільні, пісаў побытавыя мініяцюры і пейзажы. Аб якасці гэтых прац можна меркаваць па словах яго сучасніка, мастака і мастацтва- знаўца В. Смакоўскага. Апошні пісаў: «Роўнага яму ў гэтай галіне не было. І смела можна сцвярджаць, што яго працы цалкам маглі спаборнічаць з творамі найлепшых замежных майстроў. У мініяцюрах ён заўсёды захоўваў падабенства і ўсе неабходныя ўмовы жывапісу. Малюнак і каларыт у яго працах не выклікалі дакораў. Колькі я ні глядзеў на гэтыя працы, усё не мог наглядзецца». Трэба спадзявацца, што далейшыя пошукі дазволяць больш ёмка аднавіць творчы вобраз Жукоўскага”. 

Аўтапартрэт (?), 1830-я

Аўтапартрэт (?), 1830-я

Мінула паўстагоддзя, але надзеі спадара Дробава не спраўдзіліся. Давайце ж паспрабуем дадаць да вядомага тое, што тады, у 1974-м, выпала з кадра, і тое, што ўдалося адшукаць пазней. 

ВЕРСІІ І ПРАЦА НАД ПАМЫЛКАМІ 

Напачатку падкарэктуем тэкст самога Леаніда Дробава. Аўтар “некралога” Вінцэнт Смакоўскі не казаў, што Жукоўскі страціў бацькоў: пэўныя жыццёвыя калізіі прывялі іх да страты маёнтка, таму сыну асабліва нічым дапамагчы яны не маглі. Але ж у гімназію ён трапіў. Вучыўся Генрык паспяхова і нават чытаў лекцыі вучням малодшых класаў. Скончыўшы гімназію, Жукоўскі аддаўся любімай справе — маляванню. Тры гады дадаткова адвучыўся на літаратурным факультэце Віленскага ўніверсітэта. Добра ведаў лацінскую, французскую і нямецкую мовы, чытаў працы па мастацтве, кнігі, што развіваюць густ і ўяўленне. З юнацтва не любіў Генрык шумлівых таварыскіх гулянак. Аловак і пэндзаль — вось сапраўдныя сябры мастака. Аднак змрочным нелюднем Жукоўскага назваць нельга. Яго характар, добры і адкрыты, ва ўсіх выклікаў сімпатыю, павагу. А Смакоўскі нават ганарыўся тым, што быў сябрам Генрыка Жукоўскага, і з праўдзівым жалем пісаў пра скон мастака. 

Дарэчы, Вінцэнт Смакоўскі (1797—1876) вучыўся ў Віленскім універсітэце ў такіх слынных майстроў, як Ян Рустэм, Джозэф Сандэрс, Казімір Ельскі, пасля атрымліваў адукацыю ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Пецярбургу. Таму высокай ацэнцы, якую ён выдаў Генрыку Жукоўскаму, верыць можна. 

Што тычыцца сямейных таямніц, то напісанае Смакоўскім разыходзіцца са словамі іншага нашага рэспандэнта — графіні Габрыэлі Пузыні, якая таксама ведала Жукоўскага. Яна згадвала, што мастак меў сясцёр і маці, якія ў тыя часы жылі ў Вільні. Іншымі словамі, творца не быў сіратой і апекаваўся вялікай сям’ёй. 

РАДАВОД. СПРОБА АДНАЎЛЕННЯ 

Адштурхоўваючыся ад гэтых звестак, а таксама ад прамільгнулай у Сеціве інфармацыі, што мастак нарадзіўся ў Куранецкай парафіі Вілейскага павета, паспрабуем пайсці далей і раскрыць некаторыя радаводныя таямніцы Жукоўскіх. 

У 2020 годзе Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі выдаў чарговы том “Гербоўніка беларускай шляхты”, у якім былі прадстаўлены доказы шляхецкай годнасці трынаццаці родаў Жукоўскіх. Сярод іх нашу ўвагу прыцягнулі Контвід-Жукоўскія герба “Ястрабец”. Калі верыць пададзеным звесткам, то гэтыя Жукоўскія жылі на Слонімшчыне ўжо ў 1602 годзе. Патрыярхам роду лічыўся Крыштаф, сын слонімскага чашніка, пазней пісар гродскі слонімскі. Крыштаф меў сыноў Яна, Андрэя і дачку Ефрасінню, якая ўзяла шлюб з нейкім Манюшкам. Юзаф, меркаваны дзед мастака, быў малодшым сынам Яна. Звесткі пра дзеда вельмі сціплыя, толькі і вядома, што нарадзіўся ў 1739-м і быў жанаты з Багумілай Аляхновіч. Крыху больш вядома пра імаверных бацькоў Генрыка. Францішак Жукоўскі ахрышчаны ў 1778 годзе ў Слонімскім касцёле. Віленскі ўніверсітэт скончыў са ступенню доктара абодвух правоў (1802). У 1809-м Францішак перабіраецца ў Вілейскі павет і асядае ў фальварку Дзякаўшчына (ля мястэчка Куранец, сёння не існуе). У 1811—1816 гг. быў падсудкам земска-павятовым вілейскім, у 1826— 1835-х — пленіпатэнтам Ігната Манюшкі. Жонкай Францішка стала дачка паручніка Праабражэнскага лейб-гвардыі палка расійскіх войскаў Вікторыя Пашкоўская. 

Партрэт невядомай, 1830-я, Караль Ліпінскі, літаграфія, 1830-я

А цяпер пра цікавыя супадзенні. У гэтай сям’і нарадзіліся трое дзяцей — сын Генрык Дамінік (1813) і дзве дачкі: Ганна Яўгенія (1814) і Феліцыяна (1816). Усе яны былі ахрышчаны ў Куранецкім касцёле (не захаваўся). Дадаём трошкі ўласнага даробку. Феліцыяна, якая жыла ў Вільні, у 1843 годзе пайшла замуж за нейкага Яна Янкоўскага. Далейшы лёс гэтай сям’і, як і што сталася з бацькамі Жукоўскага — невядома. Як невядома, дзе і калі памёр (верагодна, на пачатку 1841 года) і быў пахаваны сам мастак. То-бок супадзенні ёсць, але пошукі працягваюцца. 

А ШТО СА СПАДЧЫНАЙ?

Каб сабраць разам творчыя набыткі Жукоўскага, прыйдзецца правесці ў Сеціве не адну гадзіну, бо няма нейкага партала, які б абагульніў звесткі пра мастака. Сёння вядомыя некалькі мініяцюрных партрэтаў, выкананых на слановай костцы акварэльнымі фарбамі. Гэта “Аўтапартрэт” (?) (выява маладога чалавека); Ганна Кубліцкая (малодшая сястра жонкі Вінцэнта Смакоўскага); дзве выявы паненак і юнака (неідэнтыфікаваныя). Можна меркаваць, што вядомая па фотаздымках мініяцюра Матыльды з Гюнтэраў таксама належыць Жукоўскаму. Намаляваў ён і партрэт знакамітай віленскай балерыны Ізабэлы Горскай, якая наведвала з гастролямі Мінск і была звязана з прадстаўнікамі тэатральнага клана Кажынскіх (заснавальнікі першага мінскага пастаяннага тэатра). 

Захаваліся некалькі літаграфій, якія Жукоўскі друкаваў у віленскай майстэрні Мацея Прыбыльскага: Караль Ліпінскі, знакаміты скрыпач, сябра і першы канкурэнт сусветна вядомага Паганіні; Эдвард Мастоўскі, маршалак шляхты віленскага павета; Аляксандр фон Трэфурт, стацкі саветнік, прадстаўнік вельмі старога і ўплывовага нямецкага роду, некаторы час жыў у Вільні; Войцех Пуслоўскі, маршалак Слонімскага павета, першы беларускі “капіталіст” (актыўна займаўся прадпрымальніцтвам); Іван Калкаціна, пачынаў службу ў якасці канцылярыста Магілёўскага магістрата (1816), пазней быў віленскім губернскім пракурорам і ковенскім губернатарам; Ян Краўзэ. 

Усе пералічаныя працы сёння знаходзяцца ў замежных музеях і бібліятэках. Час ад часу з’яўляюцца літаграфіі на аўкцыёнах. Спадзяемся, калі-небудзь творы Генрыка Жукоўскага з’явяцца і ў беларускіх зборах. 

А пакуль — выказваем падзяку гісторыку Яўгену Глінскаму за дапамогу ў пошуку архіўных звестак. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ 

Фота з архіва