Культурнай сталіцай Беларусі – 2025 стане горад Іванава

Такое рашэнне прынята на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры. За права звацца Культурнай сталіцай краіны змагаліся таксама Паставы, Рагачоў, Масты і Салігорск. 

Кожны з гарадоў прадставіў заяўку, якая змяшчае падставы для атрымання высокага статусу, а перад тым журы азнаёмілася з развіццём культурнай сферы раёнаў паводле пададзеных у профільнае ведамства абгрунтаванняў. Такім чынам, рашэнне аб наданні статусу Культурнай сталіцы заснавана на глыбокім уяўленні аб патэнцыяле, які мусіць раскрыцца падчас рэспубліканскай акцыі. Важна адзначыць, што кожны горад-удзельнік конкурсу мае вялікія дасягненні ў галіне культуры, моцныя мясцовыя традыцыі мастацкага ды творчага жыцця.

ІВАНАВА 

З гэтым унікальным і самабытным кутком Палесся звязаны імёны мастака і музыканта Напалеона Орды, першых беларускіх прадпрымальнікаў Скірмунтаў. Адсюль карані сусветна вядомага пісьменніка Фёдара Дастаеўскага. Ганарацца тут і пісьменнікамі Янам Пратасовічам і Змітром Віталіным, фалькларысткай Марыяй Саковіч, мастакамі Францішкам Бруздовічам, Марыяй Бутаўт-Андрайковіч, Анатолем Рубановічам і іншымі ўнікальнмі людзьмі свайго часу, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё гісторыі і культуры краю. 

Іванаўскі раён мае станоўчы вопыт арганізацыі i правядзення значных культурных праектаў і фестываляў. Тут ладзяць Міжнародны фестываль традыцыйнай культуры “Мотальскія прысмакі” і міжрэгіянальны фестываль “Фальклор без меж”. 

Сёння на тэрыторыі горада функцыянуюць пяць устаноў культуры. Гонарам раёна з’яўляецца дзейнасць 29 калектываў аматарскай творчасці, якім прысвоены ганаровыя званні “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”, “народны” і “ўзорны”. 

Святкаванне Масленіцы ў Іванаве

Святкаванне Масленіцы ў Іванаве

Апошнія чатыры гады — з 2021 па 2024-ы — раён займае першае месца ў сферы культуры Брэсцкай вобласці. 

ПАСТАВЫ 

Пастаўскі раён размешчаны на паўднёвым захадзе Віцебшчыны і займае тэрыторыю ў 2,1 тыс. кв. км з насельніцтвам каля 33 тыс. чалавек. Першыя крыніцы паведамляюць пра паселішча ў 1409 годзе, калі ўладальнік Зяновій Братошыч атрымаў ад вялікага князя літоўскага Вітаўта прывілей на перавод Пасадніка ў разрад мястэчка і на прысваенне яму назвы Паставы. 

Некалькі стагоддзяў Паставы славіліся сваім млыном. Сюды прыязджалі людзі з усёй акругі, каб змалоць зерне. Гістарычнае памяшканне млына, пабудова XIX стагоддзя, захавалася ў цэнтры горада на рацэ Мядзелцы. Цяпер там месціцца Дом рамёстваў. 

Візітнай карткай горада з’яўляецца і Пастаўскі раённы краязнаўчы музей. Тут можна азнаёміцца з гісторыяй, культурай, этнаграфіяй і прыродай Пастаўшчыны. Музейныя экспазіцыі размешчаны ў двух помніках архітэктуры XVIII—XIX стагоддзяў: будынках былых гасцініцы і палаца Тызенгаўзаў. У фондах краязнаўчага музея — больш за 10 тыс. экспанатаў асноўнага фонду і 8 тыс. навукова-дапаможнага. 

Палац Тызенгаўзаў у Паставах

Палац Тызенгаўзаў у Паставах

На тэрыторыі Пастаўскага раёна ў аг. Камаі знаходзіцца адзін з найстаражытнейшых помнікаў архітэктуры Беларусі — касцёл Святога Яна Хрысціцеля (пачатак XVII стагоддзя). Гэты помнік гісторыка-культурнай спадчыны адносіцца да храмаў абарончага тыпу і з’яўляецца прэтэндэнтам на ўключэнне ў Спіс Сусветнай спадчыны UNESCO. 

Значнай культурнай з’явай у гарадскім жыцці стаў штогадовы міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” — адзін са старэйшых і самых адметных фэстаў народнага мастацтва нашай краіны. Летась прайшоў 33-і па ліку фестываль. За гэтыя гады ў ім паўдзельнічалі творчыя калектывы амаль з 20 краін свету. 

Пастаўшчына — сапраўдны цэнтр традыцыйнай народнай культуры Віцебскай вобласці. Тут працуюць пяць членаў Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, а 39 адмыслоўцаў з’яўляюцца ўдзельнікамі народнага калектыву майстроў народных мастацкіх рамёстваў і самадзейных мастакоў-аматараў “Майстры”, які шчыруе пры Доме рамёстваў “Стары млын”. 

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь унесена восем элементаў з Пастаўскага раёна. Напрамак “Беларускія практыкі пляцення саломкай” з 2022 года ўключаны ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. 

РАГАЧОЎ 

Першая згадка Рагачова месціцца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142 годам. Гэты край багаты на таленавітых людзей. Тут нарадзіліся заслужаны артыст Беларусі У.М. Гоман-Бандарэнка, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі А.І. Гінзбург, паэт і драматург С.Я. Галкін, мастак К.І. Завіша, народны артыст Беларусі прафесар К.М. Саннікаў, заслужаная артыстка Беларусі А.М. Федчанка. Рагачоўшчына дала свету больш за 30 знакамітых дзеячаў беларускай літаратуры. Сярод іх драматург, народны пісьменнік Андрэй Макаёнак. На гэтай зямлі плённа працавалі Уладзімір Караткевіч і Міхась Лынькоў. 

Сёння на тэрыторыі Рагачоўскага раёна дзейнічаюць 32 клубныя ўстановы культуры. Колькасць клубных фарміраванняў — 281, у тым ліку дзіцячых — 161. Іх праца ахоплівае 2 455 удзельнікаў, сярод іх 1 200 дзяцей. У раёне працуюць 22 калектывы са званнямі “заслужаны”, “народны”, “узорны”. З іх 8 вакальных, 5 харэаграфічных і 3 інструментальныя. 

З мэтай папулярызацыі народных традыцый, беларускага побыту і культуры, а таксама павелічэння турыстычнага патэнцыялу Рагачоўшчыны на базе клубных устаноў дзейнічаюць экамузеі “Беларуская лялька” ў Стрэнькаўскім раённым Цэнтры рамёстваў і “Таямніцы гаючых раслін” у Збароўскім СДК, музей У.Л. Кігна-Дзядлова ў Кургане. Летась у Шчыбрынскім СДК адкрыты ўнікальны музейны пакой “Павуковы таямніцы”. У кожным з музеяў можна не толькі пазнаёміцца з экспазіцыямі, але і паўдзельнічаць у майстар-класах, вырабіць уласнымі рукамі абярэг і набыць сувеніры. 

Славіцца край і рэгіянальным фестывалем мастацтваў “Зоры над Дняпром”. Асноўныя мерапрыемствы праходзяць на беразе ракі ў Летнім амфітэатры, які стварыла, мабыць, спецыяльна для гэтага свята, сама маці-прырода. Фестываль карыстаецца вялікай папулярнасцю ў рагачоўцаў і гасцей горада. 

МАСТЫ 

Першая згадка пра мястэчка ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1486 года, а ўласна горад Масты ўзнік у сувязі з будаўніцтвам у 1927-м братамі Канапацкімі фанернага завода. 

Мастоўскі раён — адзін з самых прыгожых і самабытных рэгіёнаў Прынёманскага краю, месца перасячэння гістарычных гандлёвых шляхоў, край багаты на культурныя падзеі, традыцыйныя святы, архітэктурныя помнікі і славутасці. Асаблівую ўнікальнасць яму надаюць масты: толькі ў саміх Мастах іх чатыры. Візітнай карткай горада з’яўляецца самы доўгі ў Беларусі (193 метры) падвесны пешаходны мост праз раку Нёман. 

Гэты край даў пуцёўку ў жыццё многім талентам. Тут выраслі і працавалі грамадскі і палітычны дзеяч Данііл Валковіч, актрыса і стваральніца Тэатра юнага гледача Любоў Мазалеўская, артыстка тэатра і кіно Таццяна Баўкалава, мастакі Уладзімір Кіслы, Сцяпан Янкоўскі, Дзмітрый Іваноўскі. На гэтай зямлі стваралі Эліза Ажэшка, паэты Міхась Явар, Сяргей Крывец. 

Духоўныя і мастацкія адметнасці, якія характарызуюць культурную спадчыну Мастоўскага раёна, прадстаўлены 18 матэрыяльнымі нерухомымі гісторыка-культурнымі аб’ектамі, уключанымі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сярод іх Свята-Троіцкі касцёл вёскі Плябанаўцы, касцёл Святой Ганны ў Лунне, Свята-Мікалаеўская царква ў Дубне, Свята-Пакроўская царква вёскі Бялавічы. 

Культурнымі брэндамі раёна з’яўляюцца нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці: мясцовы танцавальны стыль “Котчынская кадрыля” аг. Вялікія Азёркі, асаблівасці якога перадаюць, як кажуць, “з нагі ў нагу”, і традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў аг. Гудзевічы, унесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыкакультурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Таксама арэалам бытавання на Мастоўшчыне з’яўляюцца элементы “Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення” і “Беларускае мастацтва выцінанкі”. 

Сферу культуры раёна прадстаўляюць пяць устаноў: Мастоўскі раённы цэнтр культуры з 15 філіяламі, Мастоўская раённая бібліятэка з 13 філіяламі, Мастоўская дзіцячая школа мастацтваў з філіялам і 5 класамі, Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек” і Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. Установы якасна забяспечваюць культурныя і эстэтычныя запатрабаванні насельніцтва, ствараюць умовы для правядзення вольнага часу, арганізуюць культурныя мерапрыемствы, даюць магчымасці для павышэння адукацыйнага і мастацка-асветніцкага ўзроўню. 

Значны ўклад у культурнае жыццё ўносяць 17 аматарскіх калектываў мастацкай творчасці з найменнямі “народны” і “ўзорны”, якія паспяхова прадстаўляюць Мастоўшчыну на міжнародных, рэспубліканскіх, абласных мерапрыемствах, конкурсах і фестывалях. 

На карце брэндавых мерапрыемстваў раёна на працягу сямі гадоў нязменнымі з’яўляюцца свята кадрылі “Па сцежках спадчыны” (аг. Вялікія Азёркі), народнае гулянне “Вясёлая фурманка — чатыры колы” (аг. Курылавічы), свята кветак “Наш край — кветкавы рай” (аг. Мілявічы). З цягам часу з’явіліся і навінкі — “Гудзевіцкі тэкстыльны фэст” (аг. Гудзевічы), Струбніцкі фэст “Свята поўнае пашаны” (аг. Струбніца), Сямейны фестываль “Масты яднаюць берагі і лёсы” (аг. Масты Правыя), свята “Глядавіцкія цуды” (аг. Глядавічы), “Свята гаспадароў” (аг. Мікелеўшчына), свята “Гуляй, душа, на свяце бульбаша!” (аг. В. Рагозніца). 

Раённы цэнтр з’яўляецца арганізатарам абласнога фестывалю дзіцячай эстраднай творчасці “Масты надзей” і папулярнага арт-пікніка “На хвалях Нёмана”. А сёлета 21 верасня Масты прымуць эстафету абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2024”. 

САЛІГОРСК 

Гісторыю і славу Салігоршчыны стварылі яго знакамітыя ўраджэнцы і тыя, хто быў звязаны лёсам з гэтай зямлёй. Сярод славутых імёнаў краю — пісьменнікі Ян Цадроўскі і Браніслаў Залескі. Са Старобінскім фальваркам Яскавічы цесна пераплятаецца жыццё і творчасць Уладзіслава Сыракомлі, які праявіў выдатныя здольнасці ў гістарычнай і этнаграфічнай навуках. Цэлую плеяду пісьменнікаў-землякоў Салігоршчыне далі 1920-я: Аркадзь Чарнышэвіч, Аляксей Кулакоўскі, Рыгор Шкраба і іншыя. Адзін з найбольш вядомых і заслужаных паэтаў і празаікаў — Максім Лужанін. 

Сапраўдным духоўным скарбам салігорскай зямлі з’яўляецца Свята-Пакроўскі храм, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Помнік драўлянага дойлідства з рысамі барока быў пабудаваны ў 1897 годзе. 

Салігорскі цэнтр дзіцячай творчасці

Салігорскі цэнтр дзіцячай творчасці

Культурна-асветніцкую, тэатральна-відовішчную, гастрольна-канцэртную, навукова-даследчую дзейнасць, а таксама падрыхтоўку кадраў культуры і мастацтва ажыццяўляюць 59 устаноў раёна. Ім удаецца спалучаць сучасныя тэндэнцыі развіцця гарадской і традыцыйнай сельскай культуры, захоўваць і ўдасканальваць традыцыі правядзення фестываляў народнай творчасці, аглядаў-конкурсаў, раённых свят. 

Штогод у рэгіёне адбываецца звыш 55 фестываляў, конкурсаў і свят аматарскай творчасці, якія сталі брэндавымі. Значная роля ў рэалізацыі цікавых праектаў належыць Палацу культуры горада Салігорска — сучаснай па тэхнічным аснашчэнні ўстанове, якая валодае высокім творчым патэнцыялам. Толькі летась калектыў Палаца арганізаваў і правеў 1000 культурных мерапрыемстваў. Іх наведалі каля 130 тысяч чалавек. 

Віктар ГАЎРЫШ