Аснова захавання самабытнасці

Апублiкавана: 20 красавiка 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Канцэпцыя

Аўтар: РУДАК Антон

Як прасоўваць айчыннае мастацтва? Адказ на пытанне працягваюць шукаць спецыялісты. Чарговая размова ў рэчышчы Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024—2026 гады адбылася напрыканцы сакавіка.

Прэс-канферэнцыя "Аб Канцэпцыі развіцця нацыянальнага культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024—2026 гады"

Прэс-канферэнцыя "Аб Канцэпцыі развіцця нацыянальнага культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024—2026 гады"

Прадстаўнікі вядучых устаноў культуры сабраліся 27 сакавіка ў Нацыянальным прэсцэнтры. Спачатку выступіла начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Іна Адамовіч. Яна распавяла, што Канцэпцыя была распрацавана ў мэтах выканання даручэнняў, дадзеных Кіраўніком дзяржавы ў 2023-м падчас Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Пасля гэтага выступлення Прэзідэнта пры ўдзеле прадстаўнікоў Міністэрства культуры, аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама, Нацыянальнай акадэміі навук і іншых зацікаўленых была сфарміравана рабочая група, якая стварыла праект Канцэпцыі, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 961 ад 28 снежня 2023 года. Міністэрствам культуры быў распрацаваны план мерапрыемстваў па рэалізацыі асноўных напрамкаў Канцэпцыі культурнага развіцця на 2024—2026 гады. Яе мэты — развіццё нацыянальнай культурнай прасторы, захаванне гістарычнай памяці беларускага народа, яго самабытнасці, рэалізацыя інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу нашай нацыі, актыўнае далучэнне грамадзян да культурнага жыцця краіны з захаваннем культурнай разнастайнасці і адкрытасці да вынікаў творчай дзейнасці іншых народаў, а таксама да найлепшых узораў сусветнай культуры, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне і носяць высокамастацкі і высокамаральны характар. 

Іна Адамовіч

Іна Адамовіч

Культура разглядаецца як адзін з галоўных фактараў самабытнасці беларускага народа, пераемнасці пакаленняў, як аснова для станаўлення і развіцця асобы і грамадства. Дзяржава забяспечвае прыярытэтнае развіццё беларускай нацыянальнай культуры, адраджэнне, захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый, выкарыстанне і распаўсюджванне, папулярызацыю нацыянальных культурных каштоўнасцей. Беларуская мова прызнаецца адным з фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту. Актуальнасць дадзенай Канцэпцыі абумоўлена неабходнасцю захавання адзінства беларускага народа, далейшай кансалідацыі нашага грамадства, а таксама ўмацавання незалежнай беларускай дзяржавы і фарміравання нацыянальнага чалавечага капіталу. 

"Заслаўе-2024": канцэрт "Мелодыі народаў свету ў творчасці беларускіх кампазітараў ХХ ст."

"Заслаўе-2024": канцэрт "Мелодыі народаў свету ў творчасці беларускіх кампазітараў ХХ ст."

Прасоўванне і развіццё нацыянальнай мастацкай культуры і мастацтва прадугледжваюць, напрыклад, падрыхтоўку календара культурных мерапрыемстваў, што прапаноўваюцца для наведвання беларускім і замежным турыстам. Азнаёміцца з календаром, які распрацавала Міністэрства культуры, можна на яго сайце. На партале змешчана інфармацыя аб канцэпцыі кожнага мерапрыемства, указаны яго арганізатары і час правядзення. Таксама ў план па прасоўванні нацыянальнай мастацкай культуры і мастацтва ўваходзіць падрыхтоўка календара мерапрыемстваў выхаднога дня, якія мяркуецца зладзіць з мая па верасень з удзелам беларускіх выканаўцаў у парках і скверах. Прыкладам такога фармату летась быў праект “Аляксандраўскі сад” у цэнтры сталіцы. Акрамя таго, пры садзейнічанні Беларускай праваслаўнай царквы вядзецца падрыхтоўка да стварэння календара значных падзей у духоўным жыцці нашага народа. 

Генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Кацярына Дулава паведаміла, што ўстанова вярнулася да фарміравання малых формаў паказаў спектакляў, каб яны маглі адбыцца ў абласных цэнтрах. Сённяшнія рэаліі накладваюць пэўныя абмежаванні на залучэнне і артыстаў, і рэжысёраў, і дырыжораў, і пастаноўшчыкаў з іншых краін. Але, на думку Кацярыны Мікалаеўны, гэта час магчымасцей, якія пачынаюць актыўна выкарыстоўвацца ў Вялікім тэатры, у ім прыглядаюцца да моладзі. А ў чэрвені трупа рыхтуецца прадставіць патрыятычны праект “Патэтычны дзённік памяці” на музыку беларускіх кампазітараў за апошнія амаль 50 гадоў. 

Кацярына Дулава

Кацярына Дулава

Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Сяргей Кавальчык адзначыў, што гэтая ўстанова — адзін з лідараў сярод айчынных тэатраў па прасоўванні беларускай нацыянальнай культуры за мяжой. Восем гадоў калектыў пастаянна ўдзельнічае ў спецыяльным праекце Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі “Вялікія гастролі” — з 2016-га амаль штогод выязджае ў гарады Расіі адразу з некалькімі пастаноўкамі. Акрамя таго, ледзь не кожны тэатральны сезон Горкаўскі прадстаўляе нашу краіну на разнастайных форумах, такіх як Міжнародны фестываль рускіх замежных тэатраў у Набярэжных Чаўнах, Міжнародны тэатральны фестываль Ф. Дастаеўскага ў Вялікім Ноўгарадзе і іншыя. 

Сяргей Кавальчык

Сяргей Кавальчык

Галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя М. Я. Фінберга Максім Расоха мяркуе, што пры развіцці і стварэнні новага неабходна абапірацца на спадчыну папярэднікаў. Нядаўна калектыў прэзентаваў праграму “Мелодыі народаў свету ў творчасці беларускіх кампазітараў”, якая падкрэслівае шматнацыянальнасць нашай краіны. 

Максім Расоха

Максім Расоха

Беларуская дзяржаўная філармонія, як сказаў яе мастацкі кіраўнік Юрый Гільдзюк, у кожным сезоне прадстаўляе багата прэм’ер беларускай музыкі. З прыкладаў апошніх гадоў — творы Алега Хадоскі, Галіны Гарэлавай, Вячаслава Кузняцова і іншых кампазітараў. 

Юрый Гільдзюк

Юрый Гільдзюк

Старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык вылучыў міжнародны аспект: за апошні год аб’яднанне падпісала 28 пагадненняў, у тым ліку 12 з Кітаем. Ёсць вялікія планы па супрацоўніцтве, рэалізацыі сумесных адукацыйных і выставачных праектаў. Саюз мастакоў таксама ўмацаваў сувязі з навучальнымі ўстановамі, музеямі і экспазіцыйнымі заламі. І вынік бачны. Калі раней творчая суполка штогод папаўнялася шасцю-васьмю маладымі мастакамі, то да канца 2023-га было прынята 48 чалавек. 

Антон РУДАК 

Фота з сайта bpc.by і архіваў устаноў культуры