Якім будзе ХХХ Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”?

Апублiкавана: 21 красавiка 2024 Стужка Кіно Мінск Тэма

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Сёлета Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” адзначыць 30-гадовы юбілей. Якія новаўвядзенні чакаюць гасцей і ўдзельнікаў важнай культурнай падзеі, распавялі на прэс-канферэнцыі ў Музеі гісторыі беларускага кіно. 

З 1 красавіка пачаўся актыўны этап падрыхтоўкі да юбілейнага “Лістапада”, які пройдзе з 1 па 8 лістапада пад слоганам “Кіно са знакам якасці”. Дырэкцыя фестывалю — Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” — дала старт прыёму заявак на ўсе конкурсныя праграмы і апублікавала абноўлены рэгламент удзелу. 

— Пры падрыхтоўцы фестывалю мы пастараліся захаваць тыя найлепшыя традыцыі, якія ў яго закладалі ў розны час выбітныя людзі, што маюць дачыненне да гэтага мерапрыемства. З іншага боку, мы крыху змянілі падыход, каб прывабіць найлепшыя фільмы з усяго свету, а таксама кінематаграфістаў: ад ужо прызнаных зорак да перспектыўных маладых рэжысёраў і акцёраў, — распавядае начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга. 

Падчас прэс-канферэнцыі пра Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”

Падчас прэс-канферэнцыі пра Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”

Вялікую ўвагу арганізатары “Лістапада” надалі айчынным кінематаграфістам — адмыслоўцам і аматарам. Сёлета вяртаюцца конкурс нацыянальных школ і нацыянальны конкурс, якія дазволяць пачаткоўцам заявіць пра сябе і атрымаць ацэнку ад міжнароднага журы. Для некаторых гэта можа стаць пропускам у вялікае кіно. 

— У конкурсе нацыянальных кінашкол будуць спаборнічаць студэнцкія кароткаметражныя фільмы. Па просьбе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у гэтай намінацыі могуць быць прадстаўлены карціны і ігравыя, і дакументальныя, і анімацыйныя. Што датычыцца нацыянальнага конкурсу, тут прымаюцца фільмы, створаныя грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Галоўнае адрозненне гэтай катэгорыі ад іншых конкурсаў у тым, што стужкі могуць быць любога віду і хронаметражу. Спадзяемся, дзякуючы конкурсам мы зможам заўважыць і прывабіць да супрацоўніцтва таленавітых маладых людзей, — тлумачыць Ірына Уладзіміраўна. 

Яшчэ адно важнае новаўвядзенне закране фільмы беларускай вытворчасці, чый камерцыйны паказ ужо адбыўся да пачатку фестывалю. З гэтага года такія карціны будуць дапушчаныя да ўдзелу ў конкурснай праграме, што дасць магчымасць айчынным кінематаграфістам прадставіць свае працы больш шырокаму колу гледачоў. 

Змены зведалі і прызы фестывалю: з’явяцца новыя ўзнагароды, а дызайн статуэтак набудзе новы выгляд. 

— Ва ўсіх намінацыях будуць спецыяльныя прызы, — распавядае Ірына Дрыга. — Уведзены дзве новыя ўзнагароды: прыз дзіцячага журы конкурсу “Лістападзік” “Кіно вачыма дзяцей” і прыз міністра культуры для маладых кінематаграфістаў. Акрамя таго, мы ўвекавечым памяць выдатнага беларускага рэжысёра Міхаіла Пташука: прыз за найлепшую рэжысуру ў асноўным конкурсе ігравых фільмаў атрымае яго імя. 

Змены закрануць і этапы адбору фільмаў-удзельнікаў. Цяпер пасля выбару стужак праграмнымі дырэктарамі канчатковае рашэнне будзе прымаць экспертная камісія. Такія ўмовы створаны для таго, каб урэгуляваць спрэчныя сітуацыі і выключыць прэтэнзіі з боку аўтараў або праваўладальнікаў карцін, якія не патрапілі ў праграму. Акрамя гэтага, праграмныя дырэктары зараз маюць права прапанаваць для ўключэння ў конкурс фільмы-прызёры іншых кінафестываляў і карціны, што атрымалі высокую ацэнку міжнароднага кінаграмадства. 

Эскіз прыза Міністэрства культуры маладым кінематаграфістам

Эскіз прыза Міністэрства культуры маладым кінематаграфістам

Свята кіно сёлета стане сапраўды маштабным — мерапрыемства будзе праходзіць у Палацы Рэспублікі. Галоўным рэжысёрам цырымоній адкрыцця і закрыцця кінафестывалю абраны Максім Папоў. Нягледзячы на малады ўзрост, за яго плячыма такія буйныя праекты, як 100-гадовы юбілей УЛКСМ і II Гульні краін СНД. 

— У аснову канцэпцыі я імкнуўся ўкласці драматургічны складнік, каб кожны традыцыйны элемент быў не проста этапам мерапрыемства, а набыў свой вобраз, — тлумачыць задумку Максім Папоў. — Я і мая каманда хочам, каб цырымоніі адкрыцця і закрыцця выклікалі захапленне ў гледача. Для гэтага мы плануем упрыгожыць Кастрычніцкую плошчу, у фае гасцей фестывалю будзе сустракаць музычная праграма з найлепшых кампазіцый сусветнага і беларускага кінематографа ў выкананні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Што тычыцца экспазіцыі, у дадзены момант каманда распрацоўвае выставу “Цудоўнае стагоддзе”, дзе будуць прадстаўлены ўсе 100 гадоў беларускага кіно. Таксама мы распрацуем інтэрактыўныя зоны, адна з іх будзе называцца “Стань часткай кіно”. Усе ахвочыя змогуць падысці да супрацоўніка кінастудыі і зрабіць фотаздымак, каб трапіць у банк тыпажаў “Беларусьфільма”, што дазволіць паўдзельнічаць у здымках будучых праектаў кінастудыі. 

Па-іншаму зайграе і традыцыйная чырвоная дарожка. Па словах рэжысёра, гэты элемент таксама стане тэатралізаванай часткай цырымоніі адкрыцця і будзе перанесены на сцэну. Сюрпрызы чакаюць і на ўрачыстым закрыцці кінафестывалю: нумары паміж узнагароджаннямі будуць заснаваныя на вобразах і матывах фільмаў-удзельнікаў “Лістапада”. І хоць праграма стане вядомай толькі за месяц да цырымоніі, рэжысёр упэўнены, што з камандай прафесіяналаў яны абавязкова справяцца і змогуць здзівіць гасцей мерапрыемства. 

Прыём заявак на ХХХ Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” працягнецца да 1 верасня. Праграма з’явіцца на сайце фестывалю 1 кастрычніка. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота аўтара і з Telegram-канала Міністэрства культуры