Гастролі як яднанне

Апублiкавана: 20 красавiка 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Сярод шматлікіх імпрэз, прымеркаваных да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, — гастролі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра балета Барыса Эйфмана ў нашым Вялікім і Смаленскага камернага тэатра на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага. А ў прэм’еры спектакля “Тоска” Пермскага тэатра оперы і балета (прамая трансляцыя была даступная ва ўсім свеце) адну з цэнтральных партый выканаў наш тэнар Дзмітрый Шабеця.

Тэатр балета Барыса Эйфмана паказаў два спектаклі, прычым кожны з іх — двойчы, з рознымі складамі выканаўцаў. Прыхільнікаў калектыву вельмі зацікавіла “Чайка. Балетная гісторыя”, бо гэта ўжо другі зварот майстра да чэхаўскай п’есы. Першую версію, пастаўленую ў 2007-м, можна было ўбачыць на гастролях тэатра Эйфмана ў нашым Вялікім у 2010-м. Цяперашняя — зусім іншая. У новым спектаклі змянілася многае — ад агульнай канцэпцыі да характарыстык персанажаў і безлічы іншых дэталей. Замест прасцейшай праекцыі п’есы на балетныя падзеі ўзніклі глыбокія філасофскія развагі пра мастацтва (між іншым, не толькі ўласна харэаграфічнае) і пра асобу ў ім. Некранутай пакінута візуальная ідэя “клеткі” — абмежаванняў, якія хоча парушыць Трэплеў. Але персанаж сам сябе і заганяе ў тую клетку ў фінале, бо надта безапеляцыйна супрацьпастаўляе сябе Трыгорыну, адмаўляе ўсё зробленае ім, прынцыпова не ідзе на магчымы кантакт, прапанаваны больш сталым калегам, ды і з маці паступае, бы пакрыўджаны падлетак з ярка выражаным эдыпавым комплексам. Праблема балетнага Трэплева і ў адсутнасці адэкватных паплечнікаў. Яго памкненняў не разумее нават каханая, што красамоўна круціць пальцам ля скроні. 

Спектакль "Чайка. Балетная гісторыя"

Спектакль "Чайка. Балетная гісторыя"

Яшчэ адзін канфлікт пакаленняў — між Зарэчнай, якая хоча ўсяго і адразу (іншымі словамі, прачнуцца зоркай), і прызнаным майстрам сцэны Аркадзінай. Менавіта прага імгненнай славы, павышаная канфліктнасць, неразуменне неабходнасці пераадольваць перашкоды і працаваць, працаваць, працаваць згубныя для маладых таленавітых герояў. Зарэчная аказваецца ў нейкім сумнеўным вар’етэ ў касцюме чайкі, на якую палююць наведвальнікі. Трэплеў ад сваёй пастаноўкі пра сусветную душу пераходзіць да ўніфікаванага эстраднага танца. Спачатку персанаж рэзка вылучаецца індывідуальнасцю сярод хіп-хоп-натоўпу, ды не развівае тыя асаблівасці, не вядзе іншых за сабой. Каб апынуцца ў цэнтры ўвагі, учыняе скандал і тэатралізаванае “самагубства” на прэм’еры “Лебядзінага возера” ў пастаноўцы Трыгорына (дарэчы, даволі цікавай праз ідэю з падменай белай лябёдачкі на чорную). 

Балет правакуе і на асэнсаванне таго, што новая мова спрацоўвае ў мастацтве хіба тады, калі ёсць што сказаць, і на разуменне: абмежаванні таксама могуць стымуляваць, а не толькі перашкаджаць. Невыпадкова візуальным лейтматывам спектакля становіцца “клетка” ў розных выявах, уключаючы светлавыя квадраты і прастакутнікі, пасярод якіх апынаюцца героі ў моманты “маналогаў”. 

Больш простым па сэнсавым напаўненні аказаўся “Яўген Анегін”, дзеянне якога перанесена на злом ХХ і ХХІ стагоддзяў. Анегін ператвараецца ў гэткага “мажора”, Ленскі — у дваровага барда, дуэль між імі — у панажоўшчыну. “Генерал” паўстае невідушчым “папікам” (помста канкурэнтаў?) з замашкамі хатняга тырана. Таццяна напаткала яго ў нейкім начным клубе, дзе апынулася разам з Вольгай. І закруцілася гісторыя вясковай Папялушкі, якую адмываюць (у ванне на колцах), адпраўляюць у спа-салон, да мадэльераў, візажыстаў — і на баль. З яго, дарэчы, дзеянне і пачынаецца. Але сюжэтная просталінейнасць, пазбаўленая ўласцівай “Чайцы” псіхалагічнай неадназначнасці, спалучаецца тут з багатым, як заўжды ў Эйфмана, харэаграфічным малюнкам. Атрымліваецца “балет для чайнікаў”. Непадрыхтаваныя гледачы будуць уражаны лёгкасцю счытвання асучасненай гісторыі. Знаўцы ж звярнуць увагу ўласна на харэаграфію. А ўсе разам — на сон Таццяны і асабліва на адсутныя ў Пушкіна два сны Анегіна, бо менавіта ў гэтых фрагментах адлюстраваны сапраўдныя пачуцці і трывожныя думкі героя. 

Балет "Яўген Анегін"

Балет "Яўген Анегін"

“Жаніцьба Бальзамінава”, што была пастаўлена ў Смаленскім камерным усяго год таму і 2 красавіка дэманстравалася ў нашым Музычным, ужо адзначана безліччу ганаровых дыпломаў. На IX Міжнародным тэатральным фестывалі “Руская класіка. А. М. Астроўскі” ў Арле спектакль атрымаў узнагароды за найлепшы акцёрскі ансамбль, найлепшыя мужчынскую, жаночую ролі і аж два прызы глядацкіх сімпатый — за ўсю пастаноўку і за ролю Домны Белацелавай. З ёй Бальзамінаў і павінен ажаніцца ў фінале. 

У спектаклі шмат цікавых прыдумак. Гэта і сабакі, у якіх пераапранаюцца амаль усе героі па чарзе, накінуўшы шубу і аблавуху, бо апантана-заўзяты сабачы вой — сімвал самоты ў расійскай глыбінцы. І жывая музыка: скарыстана нават хабанэра з “Кармэн”, а кантрабас становіцца яшчэ і подыумам для Анфісы. Гэта і адмысловая праца з гукам: ёсць мікрафонныя эфекты, пачынаючы з рэха, а таксама маўленне чужым голасам, калі артыст толькі рот адкрывае. І разнастайны інтэрактыў — прамыя звароты, падлашчванне герояў да асобных гледачоў, што сядзяць наперадзе, цыганскія песні-танцы па ўсёй зале. Сцэнаграфія — некалькі секцый плота, на адным баку якога — ледзь бачныя гарадскія абрысы, а на другім — шпалеры. Гэта дазваляе хутка пераносіць месца дзеяння з вуліцы ў дом і акцэнтуе ў спектаклі не побытавы змест, а дылему між сэрцам і набітай кішэняй. 

Крэатыўная “Тоска” ў Пермі вылучалася не толькі ідэяй яднання часоў. Пачыналася дзеянне ў будучыні, у 2049-м, а заканчвалася, як і належыць па лібрэта, у 1800-м. Незвычайнай была сама трактоўка вакальнага аблічча мастака Каварадосі ад Дзмітрыя Шабеці — запрошанага саліста Вялікага тэатра Беларусі, лаўрэата міжнародных конкурсаў. Замест выканання “на разрыў аорты”, якое звычайна суправаджае героя з першай да апошняй ноты, — стрыманасць у пачатку, калі Каварадосі заняты творчасцю, а закаханая Тоска яму перашкаджае, рэзкая змена тэмбру пры згадванні Скарпія і неверагодная па ўздзеянні кульмінацыя. Праз кантраст уласна оперных спеваў і больш простых “размоўных”, праз тонкія псіхалагічныя адценні свайго стану герой наблізіўся да гледача. А дыялог культур Беларусі і Расіі ўзбагаціўся новымі рысамі. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота з архіваў тэатраў