Вобразы, што ідуць праз сэрца

Культурны каляндар сёлета поўніцца шматлікімі творчымі прысвячэннямі подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Да 80-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў новую ініцыятыву прэзентаваў і Беларускі саюз мастакоў. Суполка распачала праект “Колеры Вялікай Перамогі”.

Выстава пад такой назвай разгарнулася ў сталічным Палацы мастацтва. Наведвальнікі арт-пляцоўкі могуць убачыць пад 40 твораў графікі, прысвечаных генацыду беларускага народа і трагедыі мірных жыхароў падчас акупацыі, а таксама вызваленню краіны ў 1944 годзе. Гэта работы вядомых майстроў з фондаў Беларускага саюза мастакоў. Яны перадаюць шырокі спектр пачуццяў і станаў: боль і роспач, гнеў і смеласць, смутак, радасць перамогі. “Карціны аб Вялікай Айчыннай вайне дазваляюць нам пранікнуць да самай сутнасці, у тканіну мінулага, сэрцам і душой пражыць адзін з найважнейшых момантаў гісторыі”, — заўважаюць арганізатары.

Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, куратар выставы Наталля Шаранговіч

Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, куратар выставы Наталля Шаранговіч

Трагічныя 1940-я пакінулі непазбыўны след у памяці нашага народа. Натуральна, што ліхалецце пазней шмат у чым вызначыла прыярытэты айчыннага мастацтва. Адлюстраванне і асэнсаванне тых драматычных падзей стала ці не галоўнай творчай магістраллю на многія дзесяцігоддзі. Казаць пра вайну шчыра і пранізліва — такога правіла трымаліся і трымаюцца розныя пакаленні беларускіх майстроў. 

Нямала жывапісцаў, графікаў і скульптараў, чые творы пазней увайшлі ў залаты фонд, прычыніліся да барацьбы за свабоду роднай краіны. Яны змянілі алоўкі і пэндзлі на вінтоўкі, аддана набліжалі пераможную вясну. Глыбока сімвалічна, што экспазіцыю адкрывае спіс чальцоў Беларускага саюза мастакоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэты пералік змяшчае больш за паўсотню прозвішчаў. Вядома, не маглі ў сваёй творчасці абмінуць тэму вайны тыя, каму пашчасціла вярнуцца з поля бою, выжыць пад жудасным ціскам захопнікаў. 

Вайна так ці інакш уварвалася ў жыццё амаль кожнага аўтара. Нехта прайшоў незлічоныя франтавыя вёрсты, нехта змагаўся з ворагам у складзе партызанскіх атрадаў, нехта дзіцем зазнаў жахі акупацыі. Таму кожны сюжэт і кожны вобраз прапушчаны праз сэрца. І нават калі нейкі твор не цалкам аўтабіяграфічны, у ім прыкметны адбітак асабістага болю мастака. 

Анатоль Ільіноў. "Канцлагер"

Анатоль Ільіноў. "Канцлагер"

Прыкладам, Павел Любамудраў у 1941-м пайшоў у войска тапографам. На фронце ён трапіў пад аскепкі авіябомбы — і выжыў цудам. Адметна, што многія з іншых аўтараў, чые работы паказаны на выставе, часткова абавязаныя сваім поспехам Паўлу Любамудраву. Першы загадчык кафедры графікі тэатральна-мастацкага інстытута выхаваў некалькі пакаленняў адметных творцаў, зрабіў важкі ўнёсак у фарміраванне айчыннай школы. 

Для заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Мікалая Гуціева асаблівае значэнне мела партызанская тэма. Увага да яе выцякае з біяграфіі майстра, які не па чутках ведаў пра вайну і пра адвагу народных мсціўцаў. Увосень 1941 года Мікалай Цімафеевіч трапіў у акружэнне і быў узяты ў палон. Пазней яму ўдалося падрабіць пропуск, уцячы з няволі і далучыцца да Лепельскай партызанскай брыгады. У вольныя хвіліны між баямі графік рабіў шматлікія замалёўкі, працаваў над плакатамі і лістоўкамі, што затым тыражаваліся ў падпольнай друкарні і распаўсюджваліся на акупаванай тэрыторыі. Ужо ў мірныя гады ён стварыў шэраг кампазіцый па накідах, якія засталіся з ваеннага часу. На выставе “Колеры Вялікай Перамогі” дэманструюцца аркушы з серыі “Партызанскія будні”. 

Подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці стаў лейтматывам творчасці заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Пятра Дурчына. Ён некалькі дзесяцігоддзяў распрацоўваў гэтую тэму ў партрэтах і мемарыяльных пейзажах. Майстар пакінуў больш за 200 графічных аркушаў, прысвечаных легендарнай цытадэлі. Работы спалучаюць у сабе дакументальную дакладнасць і эмацыянальную напружанасць. 

Народныя мастакі Беларусі Арлен Кашкурэвіч, Георгій Паплаўскі і Васіль Шаранговіч — дзеці вайны. Уражанні ад бамбёжак, пажараў, голаду, смерцяў былі настолькі моцнымі, што вобразы ліхалецця назаўсёды адбіліся ў іх памяці, а пазней паслужылі апірышчам для многіх твораў. Згадкі з маленства ў значнай ступені падштурхнулі Васіля Шаранговіча да працы над цыклам “Памяці вогненных вёсак”, што стаў папраўдзе хрэстаматыйным. 

Васіль Шаранговіч. "Мацярынская трывога". З цыкла "Памяці вогненных вёсак"

Васіль Шаранговіч. "Мацярынская трывога". З цыкла "Памяці вогненных вёсак" 

Права паказу побач з мэтрамі, на чыю долю выпала вайна, атрымаў адзін сучасны аўтар. Графічную серыю “Хатынь” прэзентаваў Усевалад Швайба — леташні лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва. Ён нарадзіўся і вырас пад мірным небам, але да тэмы генацыду беларускага народа паставіўся з неверагодным узрушэннем, з прагай грунтоўнага асэнсавання, з вялікай адказнасцю. 

Творцу моцна кранае гісторыя спаленых вёсак, бо гэтая трагедыя не абмінула яго продкаў: ад рук карнікаў загінулі бабуліны родзічы. Сама ж жанчына змагла ўратавацца — і не раз дзялілася з унукам жахлівымі ўспамінамі. У сваіх аркушах “Спавіванне вайной” і “П’ета” Усевалад Швайба дасягае надзвычай пранізлівай інтанацыі, трапна паказвае кантраст паміж жыццём і смерцю, мірам і вайной. 

Таксама ў Палацы мастацтва дэманструюцца творы Аляксандра Дзямарына, Рыгора Віткоўскага, Анатоля Ільінова, Аляксандра Мазалёва і іншых аўтараў. Пазнаёміцца з работамі ўсе ахвотныя могуць бясплатна. Як абяцаюць арганізатары, напаўненне экспазіцыі будзе перыядычна змяняцца. Такім чынам, акрамя графікі, прэзентуюць жывапіс, скульптуру, франтавыя замалёўкі і праекты сучасных мастакоў. Прадоўжыцца ж выстава да канца года. 

Данііл ШЭЙКА