Марафон памяці

Апублiкавана: 24 красавiка 2024 Стужка Музыка Мінск Разам з мастацтвам

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Зоркі айчыннай сцэны зноў ідуць на адкрыты дыялог з моладдзю. Стартавала агульнарэспубліканская акцыя “Разам з мастацтвам”, падчас якой хлопцы і дзяўчаты могуць шчыра пагутарыць з вядомымі асобамі пра надзённае. Сёлета лейтматывам сустрэч стане 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Фармат марафону прадугледжвае свабодны і адкрыты дыялог. Толькі так, праз даверлівую гутарку, можна прыцягнуць увагу маладога пакалення да важнага. 

— Акцыя паспрыяе захаванню і папулярызацыі памяці і гістарычнай праўды пра подзвіг беларускага, савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, дасць магчымасць ушанаваць памяць нашых ветэранаў, герояў Вялікай Перамогі, — падкрэсліла падчас адкрыцця марафону начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Іна Адамовіч. 

Да першага мерапрыемства ў рамках акцыі далучыліся навучэнцы і выкладчыкі Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў і Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Гэта тыя, хто неўзабаве прыме эстафету ад старэйшых і будзе праз творчасць несці памяць пра тое, як здабывалася Перамога, як адбывалася вызваленне нашай краіны і чаго каштавала мірнае неба. 

Перад моладдзю выступілі вядомыя артысты беларускай эстрады: Гюнэш, арт-група “Беларусы”, Яўген Ермалковіч, Аляксандр Сухараў, Аляксандр Варанішча, Інга Кісялёва і іншыя. Яны не толькі прэзентавалі сваю творчасць, але і падзяліліся з прысутнымі думкамі наконт подзвігу народа ў гады вайны, трагедыі мірных жыхароў. Спевакі расказалі, чаму варта зберагаць гістарычную памяць і што асабіста для іх значыць 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

Для заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Валерыя Шмата гэтая дата святая. Яна цесна звязана з сямейнай гісторыяй, бо дзядуля творцы быў партызанам. Аповеды народнага мсціўца назаўсёды засталіся ў памяці ўнука, а ўзнагароды продка зберагаюцца як самая каштоўная рэліквія. Праз дзядулевы ўспаміны музыкант усвядоміў, якія жахі нясе чалавецтву вайна. 

— Я памятаю, што людзі сталага веку, якія перажылі тую трагедыю, заўсёды казалі: “Няхай бы толькі не было вайны”. Яны былі гатовыя трываць цяжкую працу, нястачы, усялякія выпрабаванні. Але не маглі дапусціць, каб ліхалецце паўтарылася, — заўважыў Валерый Шмат. — У кожнага з вас ёсць планы: стаць добрым сем’янінам, выхаваць дзяцей, дабіцца поспеху на творчым шляху. Аднак усе гэтыя мары бессэнсоўныя, калі няма міру. Усе задумы ў імгненне вока могуць рассыпацца перад пагрозай вайны. Таму неабходна шанаваць тое, што мы маем. 

Роздум аб захаванні гістарычнай памяці навёў Валерыя Шмата на напісанне ў суаўтарстве з Ганнай Сялук песні “Не будзіце заснулых салдат”. Гэтай кампазіцыяй арт-група “Беларусы” нагадала ўдзельнікам дыялогавай пляцоўкі, як важна зберагаць праўду пра падзеі 80-гадовай даўніны, абараняць памяць продкаў. 

— Чаму нарадзіўся такі радок — “Не будзіце заснулых салдат”? Мы бачылі па тэлебачанні кадры, як у Германіі, Чэхіі, краінах Балтыі руйнуюць помнікі савецкім воінам — тым людзям, чые астанкі ляжаць у той зямлі, нашым дзядам і прадзедам. Людзі, якіх вызвалілі нашы продкі, пад уплывам незразумелай ідэалогіі ўласнаруч разбураюць гэтыя манументы. А ў старадаўнасці ж недарма казалі: хто пасягне на памяць, не можа хадзіць па зямлі, — падкрэсліў Валерый Шмат. 

Да вядомых спевакоў далучылася і таленавітая моладзь. Сваё майстэрства на сцэне БДУКМ прадэманстравалі студэнтка кафедры эстраднай музыкі Мілана Соніч і іншыя прадстаўнікі новага пакалення артыстаў. Акрамя таго, будучыя майстры культуры ўрачыста перадалі свае творы выяўленчага мастацтва ў падарунак Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Навучэнка Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў Ульяна Курач прэзентавала работу “Памяць сэрца”, а студэнтка БДУКМ Кацярына Грамадская — трыпціх “Дзень Перамогі” ў тэхніцы роспісу па шкле. 

Астравец, Ашмяны, Глуск, Пінск, Столін, Орша і дзясяткі іншых гарадоў — з сакавіка па ліпень удзельнікі наведаюць больш за 30 дыялогавых пляцовак па ўсёй краіне. Таксама артысты ў кожным пункце акцыі прыйдуць на памятныя месцы і ўскладуць кветкі да мемарыялаў. Суправаджаць марафон будуць тэматычныя выставы. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА