Добрай музыкі шмат не бывае

Апублiкавана: 22 красавiка 2024 Стужка Музыка Мінск Падзеі

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Традыцыйна ў першы месяц вясны Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М. Я. Фінберга арганізоўвае мастацкі праект “Шлягеры на ўсе часы”. Сёлета мерапрыемства прайшло ў 17-ы раз і ўключыла ў сябе разнастайныя выступленні, што публіка ўбачыла 22, 23 і 26 сакавіка. Якія хіты гучалі і як на іх рэагавала аўдыторыя?

Праект быў створаны Міхаілам Фінбергам пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. У гэтым годзе трохдзённы музычны марафон складаўся з вечароў, прысвечаных рамансам, творчасці Аляксандры Пахмутавай і Мікалая Дабранравава, беларускай песні. 

— Годна выступіць у межах трох канцэртных праграм запар — складаная задача нават для заслужанага калектыву. Але ў аркестры з’явілася падмацаванне: мы ўзялі чатырох салістаў. Два з іх — будучыя выпускнікі айчынных ВНУ, якія прыйдуць да нас па размеркаванні: Антон Карчэўскі з Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ды Ірына Іршонак з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. 

Галоўны дырыжор Максім Расоха і аркестр імя М. Я. Фінберга

Галоўны дырыжор Максім Расоха і аркестр імя М. Я. Фінберга

Для праекта імкнёмся ствараць новыя цікавыя праграмы. Як толькі заканчваем наш фестываль песні, адразу ж плануем, якімі будуць “Шлягеры на ўсе часы” наступным разам. Спачатку прыходзіць ідэя, бачанне агульнай канцэпцыі, затым прыступаем да працы. Гэта карпатлівы працэс, што патрабуе вялікай папярэдняй падрыхтоўкі, — распавядае Максім Расоха, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я. Фінберга. 

ПЕСНІ НЕ ЗАБУДУЦЦА 

Асноўная задача праекта — асвяжыць у памяці музыку, якая была папулярнай у розныя часы, і зрабіць акцэнт на айчыннай культуры. У першы дзень марафону прыхільнікі аркестра пачулі любімыя рамансы. Некаторыя з іх гучалі ў вядомых савецкіх фільмах. Салісты таксама спелі творы з рэпертуару Мікалая Наскова, Аляксандра Малініна, Аўраама Русо ў новых аранжыроўках. 

Другі вечар быў прысвечаны творчасці Аляксандры Пахмутавай (якая сёлета адзначае 95-годдзе) і Мікалая Дабранравава. На сцэне прадставілі хіты легендарнага тандэма: Дзмітрый Качароўскі выканаў кампазіцыю “Молодость моя, Белоруссия”, Алеся Дзяржавец — “Ненаглядный мой”, Андрэй Коласаў — “Трус не играет в хоккей”. А “Беловежскую пущу” прайгралі без слоў. Гэта падштурхнула ўсіх прысутных хорам праспяваць такія знаёмыя радкі: “Мне понятна твоя вековая печаль, Беловежская пуща, Беловежская пуща...” 

— Працую ў аркестры з верасня. Лічу поспехам, што мне выпаў гонар паўдзельнічаць у праекце “Шлягеры на ўсе часы”. Адчуванні неверагодныя: дарослы і патрабавальны глядач спявае з намі ва ўнісон і радуецца, як дзіця. Самая вялікая ўзнагарода — бачыць, як людзі атрымліваюць асалоду ад нашага выканання, — дзеліцца ўражаннямі салістка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я. Фінберга Радміла Рыбакова. — Сёння я прадставіла кампазіцыю “Хорошие девчата” з вядомай савецкай кінастужкі “Девчата”. Падчас выступлення падалося, што ўся жаночая аўдыторыя — тыя самыя сяброўкі, з якімі мы даўно знаёмыя. На падобных канцэртах атрымліваеш вялікі зарад пазітыву, матывацыі і ў чарговы раз пераконваешся: добрай музыкі шмат не бывае, яна павінна жыць у нашых галасах і сэрцах. 

Дзмітрый Качароўскі выконвае кампазіцыю "Молодость моя, Белоруссия"

Дзмітрый Качароўскі выконвае кампазіцыю "Молодость моя, Белоруссия"

На заключнай імпрэзе прагучалі беларускія шлягеры. Аркестр імя Міхаіла Якаўлевіча Фінберга падарыў прыхільнікам унікальную магчымасць успомніць кампазітараў, выканаўцаў і паэтаў-песеннікаў айчыннай эстрады: Уладзіміра Мулявіна, Анатоля Ярмоленку, Віктара Вуячыча, Яраслава Еўдакімава ды многіх іншых. 

АКУНУЦЦА Ў МАЛАДОСЦЬ 

Падчас кожнай з трох абсалютна розных музычных праграм на сцэне знаходзілася больш за 50 артыстаў. 

— Не штодня можна паслухаць класны беларускі аркестр, у якім граюць выключна прафесіяналы. Мэтавая аўдыторыя праекта — дарослыя людзі, якія разумеюць, што за песні тут прагучаць. Гэтыя людзі шчыра радуюцца кампазіцыям, якія акунаюць у маладосць, з нецярпеннем чакаюць на сцэне любімых артыстаў, чые імёны даўно ведаюць, і не баяцца паказваць эмоцыі: гучна падпяваюць і нават падтанцоўваюць. Менавіта такая рэакцыя на шлягеры і павінна быць, — падкрэслівае Максім Расо- ха. — У старым таксама можна знайсці нешта новае. Некаторыя слухачы прыходзяць на канцэрты 17 гадоў запар і заўважаюць, як усё мяняецца ў лепшы бок. 

Аркестр імя Міхаіла Якаўлевіча Фінберга зноў падарыў гледачу магчымасць панастальгіраваць. Дынамічныя і лірычныя песні кранулі сэрцы нават самых дасведчаных слухачоў. Але гэта не адзіная ініцыятыва заслужанага калектыву: ён паўдзельнічае ў дзіцяча-юнацкім культурнаасветніцкім праекце “Мы — музычная будучыня краіны”, створаным на грант фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Найлепшыя навучэнцы школ мастацтваў выступяць у суправаджэнні прафесійнага аркестра на вядучых канцэртных пляцоўках краіны. Мерапрыемствы пройдуць у сталіцы і ва ўсіх абласных гарадах. А гала-канцэрт запланаваны на 18 мая ў рамках летняга музычнатурыстычнага сезона пад адкрытым небам у Верхнім горадзе. Кожны зможа атрымаць асалоду ад творчасці любімых артыстаў і юных талентаў. 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота аўтара