Кніга будуе Масты

Пад такім дэвізам дзейнічаюць супрацоўнікі Мастоўскай раённай бібліятэкі. Іх крэда не прыгожая дэкларацыя: за словам — справа ды ўзнагароды, заваяваныя ў розных конкурсах. І вядома ж, паказчыкі выканання Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”. Летась колькасць наведванняў публічных бібліятэк на 1000 чалавек насельніцтва раёна пры плане 59 фактычна склала 91. Гадавы паказчык па пазабюджэтных даходах перавыкананы на 15 %.

Бібліятэка з’явілася ў Мастах у 1939-м, пасля ўз’яднання ўсходняй і заходняй частак Беларусі. Можна сказаць, яе сюды прынесла савецкая ўлада. Уз’яднанне дало магутны штуршок развіццю ўсёй сацыяльнай сферы раёна. Па меры росту бібліятэка пераязджала з аднаго памяшкання ў іншае, пакуль не атрымала ўласны будынак. 

На той час ён быў арыгінаkьным, адмыслова прыстасаваным менавіта для бібліятэчнай працы, але праз гады спатрэбілася мадэрнізацыя. Яе правялі ў перыяд з 2020 па 2022-і. Па словах дырэктара ўстановы Таццяны Іосіфаўны Стэльмах, у выніку бібліятэка стала сучасным інфармацыйным цэнтрам, даступным для ўсіх катэгорый карыстальнікаў, у тым ліку і з абмежаванымі магчымасцямі. 

У Мастоўскай раённай бібліятэцы

У Мастоўскай раённай бібліятэцы

“Кніга будуе Масты” не толькі дэвіз калектыву, але і брэндавае мерапрыемства раёна, якое праходзіць адзін раз у два гады. У ім традыцыйна ўдзельнічаюць мясцовыя і прыезджыя пісьменнікі і паэты. Напрыклад, летась мастаўчане сустрэліся з Валянцінай Паліканінай, Аленай Стэльмах, кампазітарам Эдуардам Ханком, фотамастаком Уладзімірам Цыдзікам і іншымі. Сёлета вясной тут плануюць правесці рэспубліканскі паэтычны фестываль “Масты сугучнасці”. 

БОЛЬШ ЧЫМ БІБЛІЯТЭКА 

Уласна ў Мастоўскай раённай бібліятэцы працуюць 20 спецыялістаў. Яны абслугоўваюць больш за 2000 дарослых чытачоў і каля 1300 дзяцей. Бібліобус тройчы на тыдзень наведвае амаль 40 аддаленых вёсак раёна. Ён прывозіць чытачам не толькі замоўлены кнігі і часопісы, але і цэлыя выставы, а перад Новым годам — і сапраўднага бібліятэчнага Дзеда Мароза. Паслугамі бібліобуса пастаянна карыстаюцца каля 400 чалавек. 

Запатрабаваны і паслугі публічнага цэнтра прававой інфармацыі. Тут рэгулярна юрыст і натарыус даюць кансультацыі. На іх прыходзяць і пенсіянеры, і моладзь. Акрамя актуальных выданняў зборнікаў прававой інфармацыі, наведвальнікам даступна электронная база заканадаўчых актаў “Эталон”, якая штодня абнаўляецца. Тут жа арганізуюць прафілактычныя мерапрыемствы для школьнікаў па розных напрамках: ад грамадскай бяспекі да аховы здароўя. 

Чытачам з абмежаванымі магчымасцямі прапануецца шырокая калекцыя аўдыякніг. Для маленькіх наведвальнікаў ладзяцца спектаклі тэатра ценяў. 

Асаблівае месца займае экспазіцыя, прысвечаная гістарычнай памяці. Тут сабраны дакументы-сведчанні генацыду беларускага народа на тэрыторыі Мастоўскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У прыватнасці, прадастаўленыя пракуратурай копіі пасляваенных матэрыялаў крымінальных спраў мясцовых памагатых гітлераўскіх катаў і картатэка спаленых вёсак раёна. Выстава пастаянна абнаўляецца і папаўняецца. Гэтай справай займаецца бібліёграф Ірына Здзіславаўна Кавалеўская. 

НАГОДА ДЛЯ ГОНАРУ 

У 2023-м калектыў Мастоўскай раённай бібліятэкі быў узнагароджаны граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Мінулай восенню яе філіял — “Зарудаўеўская сельская бібліятэка” — заняў першае месца ў намінацыі “Гісторыя праваслаўя роднага краю” ІХ Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання” і атрымаў грамату Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. На конкурс прадставілі ўнікальныя матэрыялы, сабраныя супрацоўнікамі, фактычна ўзнавілі гісторыю Белавіцкай царквы, якая знаходзіцца на тэрыторыі раёна і ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Раней пра гэты аб’ект было мала інфармацыі. Бібліятэкары ездзілі ў архівы, гутарылі з мясцовым насельніцтвам. Знайшлі фатографа, які здымаў храм шмат гадоў. І ўпершыню апублікавалі знойдзеныя пад дахам царквы дакументы сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Цяпер гэтыя матэрыялы захоўваюцца ў бібліятэцы. Сярод іх метрыкі, просьбы аб бласлаўленні на шлюб або пераездзе ў іншую мясцовасць. 

У Мастоўскай раённай бібліятэцы

У Мастоўскай раённай бібліятэцы

Значным дасягненнем калектыву стала перамога ў абласным конкурсе папулярызацыі літаратуры праз новыя формы. Мастоўскія бібліятэкары прадставілі камбінацыю інтэрактыўнай камп’ютарнай і настольнай гульняў па матывах кнігі “Аліса ў Краіне цудаў” уласнай распрацоўкі “Алісаманія для кнігачэяў”. У яе можна пагуляць і на сайце бібліятэкі. 

ТАЯ САМАЯ РАЗЫНАЧКА 

Яшчэ адзін важны, калі не галоўны, пункт прыцягнення для наведвальнікаў бібліятэкі — музей “Свет дакамп’ютарнай тэхнікі”. Тут можна ўбачыць арыфмометр, калькулятары, тамагочы, дыяпраектар, прайгравальнікі грамкружэлак, магнітафоны, устаноўку для паказу слайдаў, фоталямпу і фотапавелічальнік, пёравыя ручкі, першыя персанальныя камп’ютары, відэамагнітафон, механічны рататар — дзядулю ксеракса. 

Ёсць тут і прылада, якая нагадвае тэлефон з дыскавым наборам без трубкі. Гэта спецыяльна распрацаванае для бібліятэк прыстасаванне, якое прызначалася для кантролю выканання плана, уліку наведвальнікаў і колькасці кніг, што выдаюцца за змену. 

Сёння большасць сучасных бібліятэчных тэхналогій засяроджана ў камп’ютарах, але хочацца адзначыць і філіграннае майстэрства беларускіх механікаў. Дзякуючы яму масіўныя металічныя стэлажы з кнігамі далікатныя захавальніцы фаліянтаў могуць лёгка перамяшчаць адной рукой. Якасць сістэмы захоўвання кніг пераконвае ў слушнасці слогана: “Купляйце беларускае!”. 

У цэлым жа досвед Мастоўскай раённай бібліятэкі падкрэслівае: аснова паспяховай установы — апантаныя сваёй справай людзі. Тут працуе згуртаваны калектыў аднадумцаў. Такім па плячы любая задача! 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота аўтара і з сайта біблятэкі