Сяброўскі дыялог на мове мастацтва

Апублiкавана: 24 красавiка 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Культурная дыпламатыя

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Дні культуры Беларусі ў Азербайджане сталі новым этапам у двухбаковых адносінах. Візіт нашай дэлегацыі ў сяброўскую краіну дазволіў прэзентаваць замежнай публіцы скарбы айчыннай культуры і вызначыць перспектывы далейшага супрацоўніцтва. Які плён прынесла падзея, “К” даведалася ва ўдзельнікаў Дзён культуры.

Анатолій Маркевіч, міністр культуры Рэспублікі Беларусь: 

— Беларуска-азербайджанскае культурнае супрацоўніцтва абапіраецца на глыбокія традыцыі і ў той жа час накіравана ў будучыню. Мы высока ацэньваем і шчыра шануем дасягнуты ўзровень супрацоўніцтва. Мы глыбока ўпэўнены, што наперадзе нас чакаюць маштабныя сумесныя праекты. У нас шмат агульнага. І сфера культуры адыгрывае вельмі важную ролю ў тым, каб мы яшчэ больш даведаліся адно пра аднаго і ўмела дзяліліся досведам між краінамі. Падчас Дзён культуры намецілі для сябе шмат амбітных праектаў. І мы абавязкова іх ажыццявім, таму што творчы патэнцыял і ахвота майстроў культуры і мастацтва велізарныя. Азербайджанскія гледачы праявілі вялікую цікавасць да беларускай культуры. Мы з нецярпеннем чакаем з адказным візітам творчую дэлегацыю братэрскай дзяржавы. Спадзяёмся, што і нашы гледачы ўбачаць самабытную азербайджанскую культуру ва ўсіх яе праявах. 

Вікторыя Ратабыльская, начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння са СМІ Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь: 

— Дні культуры Беларусі ў Азербайджане прадэманстравалі ўзаемную цікавасць да дасягненняў нашых народаў, засведчылі імкненне да ўмацавання сяброўства. Наша дэлегацыя паспяхова прэзентавала шматграннасць і багацце айчыннай культуры, паказала шчырасць і адкрытасць беларускай душы. Асаблівы гонар і пачуццё ўдзячнасці выклікае тое, якую вялікую павагу і цікавасць да нашых набыткаў праявіла азербайджанская публіка. У рамках візіту беларускай дэлегацыі ўдалося абмеркаваць з калегамі перспектывы развіцця культурных сувязей. Абодва бакі падкрэслілі важнасць паглыблення супольнай дзейнасці ў музейнай і бібліятэчнай справах, кінематографе і іншых нашых сферах. Неўзабаве народы Беларусі і Азербайджана ўбачаць плён дасягнутых дамоўленасцей і падпісаных пагадненняў у канкрэтных праектах. Яркім працягам дыялогу між нашымі краінамі мусяць стаць Дні культуры Азербайджана ў Беларусі: у наступным годзе чакаем партнёраў з адказным візітам. 

Ірына Карповіч, начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь: 

— Візіт у Азербайджан стаўся надзвычай змястоўным і карысным для актывізацыі супрацоўніцтва, абмену досведам. Нашы краіны маюць шмат падобных рыс у функцыянаванні сферы культуры. Нас яднаюць ідэнтычныя прыярытэты і напрамкі развіцця. Таму асабліва каштоўнай лічу магчымасць пазнаёміцца з працай Цэнтра Гейдара Аліева і Азербайджанскага нацыянальнага музея дывана. Непадробную цікавасць выклікалі тэхналогіі і экспазіцыйныя рашэнні, якія выкарыстоўваюць згаданыя ўстановы для прыцягнення наведвальнікаў, якаснай прэзентацыі традыцый сучаснаму гледачу. Перспектыўным напрамкам узаемадзеяння можна назваць развіццё крэатыўных індустрый. Азербайджанскія калегі гатовы падзяліцца напрацоўкамі і ідэямі ў гэтым кірунку. 

Падчас гала-канцэрта ў Палацы імя Гейдара Аліева

Падчас гала-канцэрта ў Палацы імя Гейдара Аліева

Падчас Дзён культуры падпісаны пагадненні паміж беларускімі і азербайджанскімі ўстановамі, закладзены асновы для далейшай арганізацыі сумесных выстаў, удзелу ў фестывалях і конкурсах, арганізацыі абменных гастролей і іншых супольных праектаў. Міністэрства культуры ставіць задачу не адкладваць рэалізацыю дамоўленасцей на доўгую перспектыву. І мы бачым плён паездкі ўжо зараз. Напрыклад, Азербайджан будзе шырока прадстаўлены на Міжнародным форуме “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”, які адбудзецца 15—19 красавіка ў Магілёве. А ў пачатку мая супрацоўнікі беларускіх музеяў паўдзельнічаюць у Сусветным форуме “Дыялог дзеля міру і глабальнай бяспекі: супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне” ў Баку. Акрамя таго, азербайджанскаму боку паступілі прапановы аб удзеле ў нашых фестывалях і конкурсах.

Падкрэслю, што падчас Дзён культуры мастацтва нашай краіны выклікала непадробнае захапленне ў жыхароў Баку — як пейзажы прафесійных мастакоў, так і вырабы народных майстроў. Мы зацікаўленыя ў тым, каб яшчэ бліжэй пазнаёміць сяброў з нашымі творчымі набыткамі. І Нацыянальны мастацкі музей ужо сёлета гатовы зладзіць першы праект у гэтым напрамку. 

Ганна Конанава, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь: 

— У Азербайджанскім нацыянальным музеі мастацтваў з поспехам адкрылася выстава беларускага жывапісу. Экспазіцыя выклікала вялікую цікавасць у бакінскай публікі. Меркавалася, што выстава будзе працаваць толькі ў рамках Дзён культуры, аднак была дасягнута дамоўленасць аб падаўжэнні тэрмінаў — і зараз праект даступны для прагляду ўсім ахвотным. Дэманструюцца творы пяці сучасных аўтараў, якія адлюстроўваюць непаўторнае хараство беларускай зямлі, перадаюць любоў да радзімы. У палотнах выкарыстаны матывы значных мясцін нашай краіны, такіх як Брэсцкая крэпасць, Гальшанскі замак, Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр. Таксама важнае месца занялі творы на ваенную тэму. 

Падчас візіту ў Азербайджан удалося абмеркаваць з калегамі перспектывы супрацоўніцтва. У прыватнасці, гутарка ішла аб шырокай прэзентацыі розных відаў і жанраў беларускага мастацтва на вядучых пляцоўках Азербайджана. Дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб арганізацыі абменных выставачных праектаў, што мусяць прэзентаваць значныя калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея і нашых азербайджанскіх партнёраў. Зараз пытанне прапрацоўваецца дэталёва. У рамках Дзён культуры падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з Азербайджанскім нацыянальным музеем мастацтваў. 

Падчас гала-канцэрта ў Палацы імя Гейдара Аліева

Падчас гала-канцэрта ў Палацы імя Гейдара Аліева

Варта адзначыць, што, нягледзячы на адрозненні культур, у мастацтве Беларусі і Азербайджана ёсць і агульнае. У абедзвюх краінах даволі моцныя школы, і нават творчыя эксперыменты ладзяцца на магутным акадэмічным падмурку. Акрамя таго, у нас агульнае разуменне культуры як своеасаблівай ноты міру, якая мусіць аб’ядноўваць народы. 

Юрый Аляксей, генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”: 

— Мы прэзентавалі азербайджанскім гледачам чатыры фільмы — два ігравыя і два дакументальныя. Праграму фарміравалі такім чынам, каб паказаць праз экраннае мастацтва нашы карані, традыцыі. Падчас Дзён культуры дасягнуты дамоўленасці з партнёрамі. Мы намецілі сумесныя мерапрыемствы, прапанавалі зладзіць Дні кіно Азербайджанскай Рэспублікі ў Беларусі. Таксама запрасілі калег да перамоў і пітчынгаў на нашай студыі. 

Аляксандр Нікіта, генеральны дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі: 

— Усе падзеі арганізаваныя на самым высокім узроўні як з нашага боку, так і з азербайджанскага. За дні візіту мы правялі вялікую колькасць сустрэч, круглы стол з удзелам творчай інтэлігенцыі. Я сустрэўся з дырэктарам Азербайджанскай дзяржаўнай філармоніі Мурадам Адыгезал-задэ. Мы прарэвізавалі мінулыя пагадненні і падпісалі мемарандум. У ходзе яго рэалізацыі ў 2024—2025 гадах на нашай пляцоўцы плануецца сольны канцэрт народнага артыста Азербайджана, піяніста Мурада Адыгезал-задэ. Таксама праведзеныя перамовы аб выступленнях Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі і ансамбля “Песняры” на сцэнах Азербайджана, прапрацоўваецца магчымасць удзелу нашых камернага і сімфанічнага аркестраў у мерапрыемствах сяброўскай краіны. 

Глеб Отчык, старшыня Беларускага саюза мастакоў: 

— Колькі гадоў таму падчас працы над аздабленнем інтэр’ераў беларускага пасольства ў Азербайджане нам пашчасціла пазнаёміцца з тамтэйшымі мастакамі, усталяваць прафесійныя кантакты. У наступныя гады мы плённа супрацоўнічалі і ўмацоўвалі сувязі. Прыкладам, азербайджанскія творцы прыязджалі ў нашу краіну на пленэр. Аднак буйных супольных праектаў дагэтуль не было. І правядзенне сёлета Дзён культуры паслужыла значным штуршком да актывізацыі кантактаў. Паказаць работы сучасных беларускіх аўтараў у Азербайджанскім нацыянальным музеі мастацтваў — вялікая ўдача. Значным дасягненнем стала падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве з гэтай скарбніцай, а таксама з Азербайджанскай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў і з Саюзам мастакоў Азербайджана. Ужо дасягнутыя дамоўленасці аб сумесных праектах. Мяркуецца правядзенне моладзевага скульптурна-жывапіснага пленэру. Неўзабаве адбудзецца выстава сучаснага мастацтва Азербайджана ў Беларусі, якая ўключыць каля паўтары сотні работ. Налета плануем адказны візіт з дэманстрацыяй айчынных твораў. 

Падчас гала-канцэрта ў Палацы імя Гейдара Аліева

Падчас гала-канцэрта ў Палацы імя Гейдара Аліева

Сапраўды, нашы культуры значна адрозніваюцца, кожная мае свае адметныя рысы. Аднак ёсць і тое, што нас яднае. На развіццё мастацтва абедзвюх краін у значнай ступені паўплывалі традыцыі класічнай школы: нямала нашых вядомых мэтраў атрымалі азы ў інстытуце імя Сурыкава, акадэміі імя Рэпіна. Да таго ж светапогляд нашых лідараў і народаў даволі блізкі, і таму Азербайджан — сярод самых адданых і блізкіх сяброў нашай краіны. 

Гюнэш, спявачка, уладальніца медаля Францыска Скарыны: 

— Я нарадзілася ў Беларусі, аднак маю азербайджанскія карані: некалі бацькі пераехалі сюды з цудоўнага горада Губа. Я ад усяго сэрца ўдзячная беларускай зямлі за творчае прызнанне, сямейнае шчасце і сяброў. Але, вядома, душа поўніцца цёплымі пачуццямі і да этнічнай радзімы. Менавіта іх я ўкладвала ў песню “Радзіма” на азербайджанскай мове, якую выканала перад публікай у Баку. Твор быў прыняты на “ўра”. Другая ж кампазіцыя — “Беларусы — людзі міру” — прагучала на беларускай мове і таксама выклікала станоўчую рэакцыю залы. 

Сімвалічна, што мне давялося прычыніцца да Дзён культуры і сваім выступленнем засведчыць сяброўства між нашымі краінамі. Я ўдзячная Міністэрству культуры за такую магчымасць. Заўважу, што сустрэлі нашу дэлегацыю надзвычай гасцінна, жыхары азербайджанскай сталіцы з цеплынёй і ўвагай прынялі нашу творчасць. Хоць геаграфічна мы далёка адно ад аднаго, нельга забываць пра агульныя старонкі гісторыі. Нашы продкі плячо да пляча здабывалі мір і свабоду ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Доўгі час мы жылі ў агульнай вялікай краіне. І няхай паміж нашымі народамі заўжды будуць добрыя адносіны, няхай Беларусь і Азербайджан надалей будуць жыць у шчасці. 

Самір Ёлчыеў, спявак, уладальнік першай прэміі XXXII Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”: 

— Бакінскім слухачам я прэзентаваў песню нашага мэтра Уладзіміра Мулявіна “Чырвоная ружа”, якая прынесла мне поспех на “Славянскім базары”. Думаю, што замежная публіка выдатна зразумела пасыл кампазіцыі, хоць яна і гучыць на беларускай мове. Рэакцыя залы была надзвычайная. Нас прынялі вельмі добра. Адчувалася моцная падтрымка азербайджанскіх сяброў. Дні культуры сталіся сапраўды грандыёзнай падзеяй, якая чарговы раз нагадала: мова творчасці, мова музыкі ўніверсальная. Мастацтва аб’ядноўвае людзей розных нацыянальнасцей у адзіным пазітыўным парыве. 

Таццяна Яфрэменка, артыстка Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі: 

— Наш калектыў прэзентаваў найлепшыя нумары са свайго залатога фонду. Мы імкнуліся паказаць замежнай публіцы ўсю шматграннасць, усё багацце беларускай культуры. Хацелася перадаць любоў да роднай зямлі, на мове танца распавесці пра самабытнасць Бацькаўшчыны. Думаю, з гэтай задачай ансамбль справіўся на выдатна. Нас прынялі з неверагоднай цеплынёй. Азербайджанская публіка праявіла шчырую цікавасць да нашай творчасці.