Прывабіць найлепшых

Апублiкавана: 25 красавiка 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Ёсць пытанне!

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Блізіцца ўступная кампанія — напружаная пара не толькі для абітурыентаў, але і для навучальных устаноў. Для апошніх гэта час руплівай працы па прыцягненні найлепшых прадстаўнікоў творчай моладзі. “К” даведалася, як каледжы, універсітэты і акадэміі сферы культуры прывабліваюць тых, хто мусіць працягнуць справу старэйшага пакалення. 

Установы адукацыі вядуць карпатлівую прафарыентацыйную работу. Гэты працэс бесперапынны. Падрыхтоўка да наступнай кампаніі пачынаецца літаральна назаўтра пасля закрыцця прыёмных камісій. Намаганні скіраваны не толькі на тое, каб закрыць кантрольныя лічбы прыёму. Важна прыцягнуць студэнтаў, якія хочуць не проста атрымаць дыплом, а імкнуцца знайсці належны прафесійны шлях і дасягнуць значных поспехаў у сваёй справе. 

ПАСТАЯННЫ КАНТАКТ 

Як адзначаюць эксперты, разумная стратэгія абавязкова ўключае правільную працу з інтэрнэт-рэсурсамі. Афіцыйны сайт навучальнай установы — першая крыніца, да якой звяртаецца патэнцыйны студэнт. І айчынныя арганізацыі даюць вычарпальную інфармацыю ў Сеціве. На сваіх парталах яны публікуюць звесткі пра факультэты і спецыяльнасці, пра падрыхтоўку да паступлення, адказы на частыя пытанні. 

Творчыя прэзентацыі БДУКМ у рэгіёнах

Творчыя прэзентацыі БДУКМ у рэгіёнах

Яшчэ далей пайшлі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Установа завяла ў сацыяльных сетках адмысловыя старонкі для абітурыентаў. Такія пляцоўкі даюць большую свабоду для ўзаемадзеяння. Пагатоў да стварэння кантэнту актыўна прыцягваюць цяперашніх навучэнцаў. Прыкладам, карыснай сталася серыя відэаролікаў “Студэнты — абітурыентам”. Кожны выпуск прысвечаны асобнай спецыяльнасці. Навучэнцы расказваюць пра дысцыпліны, асаблівасці вучобы і студэнцкае жыццё. Такі крок лагічны, бо давер да прадстаўнікоў свайго пакалення ва ўчарашніх школьнікаў будзе большым. Да таго ж даведацца пра досвед іншага чалавека карысна, каб дакладна зразумець перавагі і адмоўныя бакі спецыяльнасці. 

ШЧЫРА ЗАПРАШАЕМ! 

Дні адчыненых дзвярэй — магчымасць зладзіць адкрыты, менш фармальны дыялог, а таксама на свае вочы ўбачыць пляцоўку, дзе будзе праходзіць навучанне. Таму беларускія ўстановы актыўна выкарыстоўваюць такую форму працы. 

У першы дзень вясновых канікул ва ўсіх ВНУ і каледжах краіны прайшоў Адзіны дзень адчыненых дзвярэй. Мерапрыемства адбылося ў рамках агульнарэспубліканскай акцыі “Я абіраю прафесію”. Каля 25 тысяч абітурыентаў і бацькоў далучыліся да праекта. Шматлюдна было і ва ўстановах адукацыі нашай галіны. 

Адметнасцю гэтай падзеі стаў удзел прадстаўнікоў арганізацый — заказчыкаў кадраў. На Дні адчыненых дзвярэй у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў прысутнічалі супрацоўнікі вядучых музеяў краіны, клубных устаноў і іншых арганізацый. Патэнцыйныя працадаўцы падрабязна распавялі аб вакансіях і перспектывах, звярнулі ўвагу на ўмовы ўладкавання. Адметна, што частка заказчыкаў пасля мерапрыемства аформіла папярэднія заяўкі на мэтавае навучанне. 

Творчыя прэзентацыі БДУКМ у рэгіёнах

Творчыя прэзентацыі БДУКМ у рэгіёнах

Таксама абітурыенты пазнаёміліся са структурай універсітэта і спецыяльнасцямі, даведаліся пра падрыхтоўку да паступлення, правілы атрымання месцаў у інтэрнаце, стыпендыі, грамадскае жыццё. Завяршылася сустрэча творчым паказам студэнтаў кафедры тэатральнай творчасці. 

Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі ў рамках Адзінага дня адчыненых дзвярэй зладзіла індывідуальныя кансультацыі і майстар-класы вядучых выкладчыкаў, творчыя прэзентацыі спецыяльнасцей і факультэтаў. Асаблівай падзеяй стала сустрэча з рэктарам Аленай Куракінай і мастацкім кіраўніком Белдзяржфілармоніі Юрыем Гільдзюком. 

Як паведамілі ў Акадэміі музыкі, да іх завіталі больш за 230 бацькоў навучэнцаў выпускных курсаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі з розных куткоў краіны, якія атрымалі магчымасць паразмаўляць з супрацоўнікамі прыёмнай камісіі, дэканамі факультэтаў і загадчыкамі кафедраў, прадстаўнікамі арганізацый — заказчыкаў кадраў. 

Насычанай была праграма Дня адчыненых дзвярэй і ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Абітурыенты атрымалі неабходную інфармацыю ад прыёмнай камісіі і выкладчыкаў, а таксама пазнаёміліся з экспазіцыяй творчых работ студэнтаў і выпускнікоў акадэміі. 

ТВОРЧАЯ СПРАВАЗДАЧА 

Ці не найлепшым чынам можна прарэкламаваць установу, паказаўшы на справе, якія вяршыні бяруць яе студэнты. З такой мэтай Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў вандруе па краіне. Яго прадстаўнікі ладзяць прафарыентацыйныя сустрэчы з навучэнцамі сярэдніх спецыяльных устаноў, школ і гімназій. Выступоўцы распавядаюць пра альма-матар, знаёмяць аўдыторыю з адукацыйнымі праграмамі і ўмовамі паступлення, адказваюць на пытанні абітурыентаў. Але гэтым не абмяжоўваюцца. У працяг дыялогу студэнты і выкладчыкі прапануюць творчыя прэзентацыі спецыяльнасцей. Напрыклад, у Бабруйску вучэбны тэатр БДУКМ паказаў спектакль па п’есе Рустама Ібрагімбекава “Дотык” у пастаноўцы дацэнта Канстанціна Міхаленкі. Ва ўстановах Віцебска далі канцэрты вакальна-харэаграфічны ансамбль “Валачобнікі” пад кіраўніцтвам Людмілы Ражковай, вакальныя гурты “Мост” на чале з Яўгенам Макавецкім і “Трыамур” Ірыны Дарафеевай. 

Студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі таксама дзеляцца сваім майстэрствам на розных пляцоўках рэспублікі. У рамках фестывалю “Дні магілёўскага баяна і акардэона” далі канцэрт у Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў імя Я. Глебава. Раней хор акадэміі пад кіраўніцтвам Інэсы Бадзяка стаў ганаровым госцем ХХ Адкрытага фестывалю “Галасы сяброўства” ў Баранавічах. 

Нярэдка студэнтаў БДАМ можна пачуць перад спектаклямі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача. Разам з гэтай установай ладзіцца культурна-асветніцкі праект “Музычныя вечары ў тэатры”. Маладыя выканаўцы прэзентуюць найбольш яркія творы сусветнай і беларускай класікі. Нядаўна адбылася чарговая імпрэза, прысвечаная памяці ахвяр Хатынскай трагедыі. 

Да таго ж любы абітурыент можа прыйсці на справаздачныя выступленні ў творчыя ВНУ і нават пабываць на дзяржаўных экзаменах. Прыкладам, Вучэбны тэатр-студыя імя Я. Міровіча Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў пастаянна ладзіць паказы спектакляў, канцэртаў, прэзентацыі і тэатральныя капуснікі. А ў выставачнай зале “Акадэмія” рэгулярна дэманструюцца набыткі навучэнцаў мастацкага факультэта і факультэта дызайну і дэкаратыўнапрыкладной творчасці. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота з архіваў устаноў адукацыі