Усім рухае любоў

Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі знакаміты не толькі разнастайным, часта эксперыментальным рэпертуарам, але і таленавітымі артыстамі. Аб сваіх актуальных праектах і стаўленні да прафесіі распавёў вядучы майстар сцэны Яўген Тарасаў.

Будучы акцёр і рэжысёр нарадзіўся ў 1963 годзе ў Самаркандзе. Скончыўшы мясцовы ўніверсітэт, працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў школах. Тэатральную кар’еру Яўген Тарасаў пачаў у 1994-м, калі ўладкаваўся сцэнарыстам у Самаркандскі рускі драматычны тэатр, пазней загадваў музычнай і літаратурнай часткай, служыў акцёрам і ставіў спектаклі. 

Яўген Тарасаў

Яўген Тарасаў

У 1997-м Тарасаў пераехаў у Беларусь і з таго часу творыць у Брэсцкім акадэмічным. Сыграў больш за 50 роляў. Сярод важных рэжысёрскіх праектаў — пастаноўка камедыі Аляксандра Галіна “Акампаніятар”, музычнай казкі для дзяцей і дарослых “Сіўка-Бурка”. У 2007-м скончыў Расійскую акадэмію перападрыхтоўкі работнікаў мастацтва, культуры і турызму па праграме “Рэжысура драмы” з чырвоным дыпломам. За шматгадовую працу, высокае прафесійнае майстэрства і значны асабісты ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва быў узнагароджаны граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, раённых і абласных выканаўчых камітэтаў. 

— Яўген Віктаравіч, вы рэжысёр тэатралізаванай чыткі “Недоросля”, іграеце адну з галоўных роляў. Чым прыцягнуў матэрыял? Як такі незвычайны фармат быў успрыняты гледачамі? 

— З дня прэм’еры выбітнай трагікамедыі Дзяніса Фанвізіна прайшло ўжо 242 гады, але яна застаецца актуальнай. Так, успамінаючы свой настаўніцкі вопыт, я шкадаваў аб невялікай колькасці гадзін, адведзеных на вывучэнне “Недоросля” і біяграфіі яго аўтара ў школе. Да таго ж сама мова арыгінала даволі цяжкая для сучаснага чытача, асабліва маладога. Таму я вельмі ўзрадаваўся ўнікальнай магчымасці паставіць гэты спектакль. 

Для рэалізацыі праекта была абрана менавіта форма тэатралізаванай чыткі — параўнальна новага жанру тэатральнага мастацтва. З аднаго боку, чытанне роляў з ліста на адлегласці выцягнутай рукі ад публікі прадугледжвае адмову ад сур’ёзных ігравых і пастановачных рашэнняў. З іншага — вядзе да пошуку выразных сродкаў для ўсебаковага раскрыцця персанажаў, галоўнай ідэі і матыву твора. Гэта даволі складаная задача для акцёраў, сапраўдная праверка іх майстэрства. 

Спектакль "У абдымках Мельпамены"

Спектакль "У абдымках Мельпамены" 

Падрыхтоўка п’есы доўжылася амаль чатыры гады. Было прапрацавана некалькі дзясяткаў варыянтаў пастаноўкі, пры гэтым асаблівую ўвагу мы звярнулі на праўку семантыкі і лексікі. Пэўны час заняло напісанне тэкстаў песень, якія адлюстроўвалі б сутнасць вялікіх дыялогаў. Мы стараліся захаваць паэтыку твора, аддаць даніну павагі аўтарскаму тэксту. І вынік быў варты намаганняў. Прэм’ера “Недоросля” прайшла на малой сцэне нашага тэатра ў красавіку мінулага года. З таго часу спектакль выклікае вялікую цікавасць і захапленне не толькі ў людзей старэйшага пакалення, але і ў моладзі. Падкрэслю: раз за разам узровень выканання акцёрамі сваіх роляў расце, таму мы захоўваем надзею, што спектакль трапіць на вялікую сцэну. 

— Якія якасці павінен мець рэжысёр, каб атмасфера ў калектыве была плённай, а спектаклі — паспяховымі? 

— Трэба сказаць, што выклікаць эмоцыі ў публікі, давесці гледача да катарсісу — найвышэйшая ўзнагарода для акцёра і рэжысёра. Пры гэтым апошні павінен добра валодаць сваім рамяством, зараджаць артыстаў энергіяй, абуджаць іх фантазію і творчае ўяўленне, а таксама быць аргументаваным, пераканаўчым і гатовым да адказаў на любыя пытанні. Менавіта тады ён можа разлічваць на прафесійны поспех. 

Кожная сыграная роля, малая ці вялікая, з’яўляецца падзеяй, якая закранае творчую, падсвядомую, арганічную прыроду чалавека. Я паважаю акцёраў, гатовых выкладвацца на сцэне, а не проста адбываць павіннасць. Адзначу, што артысты нашага калектыву вельмі шануюць публіку, дзеляцца з гледачамі неабыякавасцю і шчырымі перажываннямі. 

— Акрамя працы ў тэатры, вы актыўна займаліся арганізацыяй і рэжысурай ваенных рэканструкцый. Чаму для вас гэта важна? 

— Памяць аб бессмяротным подзвігу савецкіх салдат павінна быць у сэрцы кожнага з нас. Таму я актыўна ўдзельнічаў у гістарычных праектах на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. 

Сцэна са спектакля "Недоросль"

Сцэна са спектакля "Недоросль"

Арганізацыя падобных пастановак прываблівае складанасцю і шматграннасцю. Кожная з ваенных рэканструкцый уяўляе сабой маштабны праект з вялікімі масавымі сцэнамі. Гэта чымсьці нагадвае тэатр, але дзеянне адбываецца пад адкрытым небам перад тысячамі гледачоў. Ствараючы такі праект, рэжысёр павінен аперыраваць гістарычнымі фактамі, не дапускаць памылак любога роду. Таму я заўсёды падыходзіў да гэтай працы з пэўным хваляваннем і пачуццём вялікай адказнасці. 

— Што з’яўляецца першасным для акцёра — профільная адукацыя ці талент? 

— На маю думку, адукацыя дапамагае артысту развіваць здольнасці, закладзеныя ў выглядзе спадчынных задаткаў, але не нараджае іх. Калі чалавек выключна адораны і ўдасканальвае навыкі настойлівай працай, то яго талент хутка выявіцца. Іншымі словамі, задаткі патрабуюць пошуку, падтрымкі і пацвярджэння, а адукацыя іграе ролю каталізатара, які дапамагае асобе ў далейшым развіцці. 

І апошняе. Азіраючыся на пражытыя гады, я стаў разумець: усё, што ні адбываецца, заўсёды складваецца так, як трэба. Падзеі, якія на першы погляд здаюцца выпадковымі, насамрэч такімі не з’яўляюцца. Але варта памятаць, што ў любых абставінах чалавекам павінна рухаць любоў — вялікая сіла, якая вызначае ў гэтым жыцці ўсё. 

Данііл ПІЎКАРЭЦ 

Фота з архіва героя