Псі­ха­ло­гія “акоп­най пра­ўды”

Апублiкавана: 27 красавiка 2024 Стужка Кіно Мінск Векапомнае праз кінакадр

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Да дзвюх знамянальных дат — 100-годдзя беларускага кіно і 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — у студзені мы далі старт праекту “Векапомнае праз кінакадр”. Ён, падрыхтаваны сумесна з Музеем гісторыі беларускага кіно і айчыннымі знаўцамі, расказвае аб знакавых ваенных стужках “Беларусьфільма”.

Праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля Вялікай Айчыннай рэжысёры пачынаюць звяртацца не толькі да подзвігу савецкага народа, але і да глыбейшай праблемы — чалавек на вайне. Нягледзячы на перавагу гераічнага вобраза, у творах экраннага мастацтва ўсё часцей з’яўляецца не асоба з плаката, а шэраговы салдат, які кожны дзень сутыкаецца са складаным выбарам. Аўтары пачынаюць раскрываць ваенную тэматыку з зусім іншага, часам нават больш жахлівага боку, бо паказваюць непрыхаваную ісціну чалавечай душы. 

Кадр са стужкі "Трэцяя ракета"

Кадр са стужкі "Трэцяя ракета"

Сярод такіх фільмаў — “Трэцяя ракета”. Кіно знята па аднайменнай аповесці Васіля Быкава рэжысёрам Рычардам Віктаравым. Карціна адрозніваецца ад звыклых ваенных стужак не толькі тым, што ў цэнтры яе — чалавек на полі бою. Сам сюжэт даволі камерны: дзеянне разгортваецца ў адной лакацыі, пра герояў мы даведваемся з іх жа вуснаў. Але рэжысёру ўдалося не звесці ўсё да тэатральнай пастаноўкі і вельмі тонка і дакладна развіць лінію кожнага персанажа. 

— Галоўнае ў стужцы — аповед пра гераізм простых байцоў, пра самаадчуванне чалавека на вайне і захаванне маральных арыенціраў. У стылістыцы фільма ёсць некаторы тэатральны “прысмак”, паколькі дзеянне адбываецца ў адной лакацыі, гучыць шмат дыялогаў, а таксама прадстаўлены закадравы тэкст, — дзеліцца меркаваннем Антаніна Карпілава, кінакрытык, кандыдат мастацтвазнаўства. — Тым не менш аператары Андрэй Кірылаў і Мікіта Хубаў змаглі раскрыць экстрэмальную атмасферу жыцця ў акопе з дапамогай буйных планаў і перадаць тонкія, часам цяжкаўлоўныя адценні ў настроі. А гукарэжысёр Мікалай Ведзянееў стварыў цэлую сімфонію вайны з адзіночных залпаў, гулу варожых самалётаў, аглушальных выбухаў і свісту авіябомбаў. 

У аўтараў не ўсё атрымалася, але, напрыклад, візуальны шэраг прываблівае дакументальнай чорна-белай стылістыкай, запамінальнымі вобразамі зацягнутага парахавым дымам сонечнага дыска ці развернутай зямлі. У павільённых умовах беларускія мастакіпастаноўшчыкі Уладзімір Дзяменцьеў і Яўген Ігнацьеў стварылі амаль матэрыялізаваную жывую прастору, напоўненую распаленай спёкай летняга дня, адчуваннем цяжкага пяску і задушлівага пылу. 

Кадр са стужкі "Трэцяя ракета"

Кадр са стужкі "Трэцяя ракета"

Тым не менш акцэнт у фільме ўслед за літаратурнай крыніцай робіцца не на баявой атмасферы, а на ўзаемаадносінах людзей. І, здавалася б, як можна перанесці кранальную гісторыю на экран, не згубіўшы ні каштоўнасці сюжэта, ні ўвагі гледача? Аднак міжасобасныя пытанні трымаюць у напружанні да самага фіналу, які можна назваць непрадказальным для савецкай кінастужкі. 

— У гэтай камернай ваеннай драме няма батальных сцэн, акцэнт робіцца на псіхалагічным дзеянні, на ўзаемаадносінах семярых байцоў маленькага гарматнага разліку, якія на працягу сутак вядуць бесперапынны бой з ворагам. Вайна тут паказана з пазіцыі “акопнай праўды”, калі гаварыць словамі са знакамітага рамана Рэмарка “На Заходнім фронце без перамен”. Менавіта непафасны гераізм артылерыстаў на перадавой лініі фронту і псіхалагічны бок стужкі ўспрымаюцца ў кантэксце кінематографа 1960-х як добрая характарыстыка карціны. Ужо ў пачатковых кадрах, калі камера павольна панараміруе па тварах байцоў у акопе, становіцца зразумелай увага аўтараў да людзей, а не да баталій, — адзначае Антаніна Аляксееўна. 

Але знаходзіліся тыя, хто называў вялікім недаглядам беларускага кіно вынясенне на авансцэну ўнутраных сумневаў герояў. Аўтараў нават папракалі ў імкненні адлюстраваць у карціне “не ўласцівае савецкім воінам пачуццё асуджанасці”. Такія каментарыі не зусім дакладныя, бо якраз не безнадзейнасць прасочваецца ў характарах герояў Рычарда Віктарава, а стойкасць перад зласлівымі кпінамі лёсу. 

— У некаторых рэцэнзіях на фільм прагучалі папрокі ва ўтрыраванні пачуццяў прыгнечанасці і асуджанасці ў персанажаў. Дарэчы, невыпадкова іх сямёра. Гэта прачытваецца як адсылка да біблейскіх матываў. Аднак дыялогі і ўчынкі людзей нясуць зарад супрацьстаяння ворагу і таварыскай падтрымкі, — разважае кінакрытык. — Да таго ж ярка гучыць матыў адплаты, калі адзіны ацалелы артылерыст Лазняк сустракаецца з дэзерцірам Задарожным, што пакінуў таварышаў у цяжкую хвіліну. Лазняк накіроўвае апошнюю зброю — ракетніцу — на здрадніка і страляе апошнім снарадам. 

Кадр са стужкі "Трэцяя ракета"

Кадр са стужкі "Трэцяя ракета"

Сённяшняму гледачу карціна можа падацца зацягнутай, аднак гэта не падстава адкласці знаёмства з “Трэцяй ракетай” — сапраўды ўнікальным фільмам сярод ваенных стужак беларускай кінакласікі. 

— Сучаснай публіцы, напэўна, будзе цікава паглядзець на дакладна адноўленую атмасферу бою, якая выступае фонам для псіхалагічнага дзеяння, — кажа Антаніна Аляксееўна. — Кагосьці можа ўразіць пераканаўчая ігра вядомых савецкіх акцёраў Георгія Жжонава і Станіслава Любшына ў ролях камандзіра і радавога байца. А хтосьці пазнаёміцца з пачаткам творчай біяграфіі рэжысёра Рычарда Віктарава, аўтара савецкай кінафантастыкі — фільмаў “Масква — Касіяпея”, “Падлеткі ў Сусвеце”, “Праз церні да зорак”. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота з архіва Музея гісторыі беларускага кіно