Зорка нарадзілася

“Працаваць на свае мары і ўдасканальвацца кожны дзень!” З такім дэвізам ідзе па творчым шляху 15-гадовая Сафія Рустамава. Летась юная артыстка прадставіла Беларусь на “Славянскім базары”, здабыўшы гэты шчаслівы білет з трэцяй спробы. Дзякуючы яскравым здольнасцям і ўпартасці ўраджэнка Брэста двойчы стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Сафія распавяла аб сольнай кар’еры, выступленнях на самых маштабных пляцоўках краіны і жыццёвых планах.

— Калі вы ўпершыню ўзялі ў рукі мікрафон? 

— У дзяцінстве ў мяне было адразу некалькі захапленняў: маляванне, вялікі тэніс, танцы. Музыкай зацікавілася ў сем гадоў. Мама стала заўважаць, што я спяваю пры любым зручным выпадку — калі пачую мелодыю з радыёпрыёмніка альбо калі трэніруюся. Таму бацькі вырашылі адправіць мяне на вакал, каб праверыць здольнасці. З радасцю пайшла на першае праслухоўванне, на якім выканала песню “Оренбургский пуховый платок” і здзівіла будучага першага педагога. Яшчэ ў шэсць гадоў я спрабавала асвоіць скрыпку. Цяпер імкнуся іграць на фартэпіяна. Ведаю сальфеджыа на высокім узроўні, і гэта дапамагае. 

— Чаму для развіцця сваіх дадзеных выбралі менавіта музычную студыю? 

— Займаюся з дзевяці гадоў у студыі, якая славіцца прафесіяналізмам выкладчыкаў і поспехамі вучняў. Тут я пазнаёмілася са сваім нязменным педагогам — Вольгай Драздовай. Не перастаю дзякаваць ёй за велізарны багаж вопыту. Яна навучыла мяне літаральна ўсяму і, вядома, заўжды падтрымлівала ў цяжкую хвіліну! Я ні разу не пашкадавала, што выбрала менавіта такога настаўніка.

Сафія Рустамава

Сафія Рустамава

— Вы навучэнка сярэдняй школы № 7 Брэста. Выходзіць сумяшчаць урокі і конкурсную дзейнасць? 

— Я вучуся ў дзявятым класе. Гэты этап здаецца мне няпростым, таму што ў праграме ёсць складаныя прадметы. Наперадзе — іспыты, да якіх трэба якасна падрыхтавацца. Але я не пускаю сітуацыю на самацёк. У мяне добра атрымліваецца сумяшчаць выступленні і школу, таму што прывыкла на працягу многіх гадоў жыць у такім тэмпе. Калі казаць пра далейшы шлях, пакуль не спынілася на пэўнай ВНУ, але ведаю дакладна: мая спецыяльнасць адназначна мусіць быць звязана з медыйнай сферай. 

— Вы спрабавалі сілы ў “Дзіцячай Новай хвалі” (2020/2021), “Каляднай песеньцы года” (2021/2023). Чаму навучылі выступленні на вялікай сцэне з расійскімі зоркамі? 

— Пасля майго ўдзелу ў “Дзіцячай Новай хвалі” ў 2020-м, калі я прадстаўляла Беларусь, нейкі час супрацоўнічала з Акадэміяй Ігара Крутога, якая арганізоўвае гэтыя фестывалі. Таму некалькі гадоў запар выступала на розных канцэртах у якасці запрошанай госці. Дзяліла сцэну з такімі артыстамі, як Зара, Аляксандр Панаётаў, гурт “Дыскатэка Аварыя”, Burito ды іншыя. Спяваць са знакамітасцямі — каштоўны досвед, бо яны не толькі падаюць прыклад выступлення на сцэне, але і могуць расказаць сакрэты поспеху. Гэта вельмі важна для маладых выканаўцаў. 

— Вы прызёр і лаўрэат шматлікіх музычных конкурсаў: фіналістка тэлепраекта “Талент краіны” на АНТ (2019), лаўрэат І ступені рэспубліканскага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі” (2021), уладальніца гран-пры конкурсаў “Вытокі” (2021) і “Залаты голас Расіі” (2022), І прэміі фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” (2023). Ці засталіся вяршыні, якіх плануеце дасягнуць? 

— Хацела б паспрабаваць сілы ў расійскім шоу “Новая Фабрыка зорак”. Зараз мяне запрасілі на кастынг аднаго класнага праекта, але пакуль не хачу раскрываць сакрэтаў. 

— У 2021, 2022 гадах па выніках нацыянальных адбораў на “Славянскі базар” вы занялі другое месца, але ў 2023-м усё ж трапілі на міжнародны фестываль. Што дапамагло не апусціць рукі? 

— Застаўшыся за крок ад мары два гады запар, я сказала сабе, што любой цаной павінна прадставіць краіну на гэтым конкурсе. Я вельмі доўга ішла да мэты, старанна рыхтавалася, каб кожны раз здзіўляць журы і публіку. Лічу, у артыста павінна быць мара, якую ён мусіць у любым выпадку здзейсніць, нягледзячы на ўсе перашкоды. І я дамаглася свайго: у 2023-м на фестывалі ў Віцебску выканала песню “Акрыляй” з рэпертуару Ірыны Дарафеевай ды “I have nothing” Уітні Х’юстан. Вельмі перажывала, бо хацелася прадставіць краіну максімальна годна. У выніку стала лаўрэатам І ступені! 

Сафія Рустамава

Сафія Рустамава

— Акрамя як у конкурсах, вы часта ўдзельнічаеце ў прэстыжных святах: “Апошні званок”, “Рэспубліканскі выпускны баль”, “Александрыя збірае сяброў”. Што адчуваеце падчас такіх мерапрыемстваў? 

— Выступаць на вялікіх канцэртах мне падабаецца больш: няма хвалявання і журы не ацэньвае мае здольнасці. Я заўжды імкнуся выкладвацца на ўсе 100 %, таму што глядач вельмі чулы і праніклівы, яго не падманеш. 

— Не так даўно вы праспявалі гімны Беларусі і Расіі на “Мінск-арэне” падчас матча хакейнай каманды “Дынама-Мінск”. Ці можна лічыць гэтае выступленне адным з найбольш незвычайных у вашай кар’еры? 

— Такія моманты застаюцца ў памяці назаўсёды. Толькі ўявіце: самая маштабная арэна ў Беларусі спявала разам са мной! Гэта вельмі круты вопыт, якога зычу кожнаму выканаўцу. 

— Нягледзячы на юны ўзрост, вы маеце велізарны сцэнічны досвед. У чым сакрэт паспяховага выступлення? 

— Лічу, што любы артыст павінен сумленна ставіцца да гледачоў, і ўсё атрымаецца. Вядома ж, трэба разумець сэнс твора, разумець, чым ты дзелішся з публікай. Тады паміж вамі ўзнікае давер. 

— У вашым рэпертуары пяць уласных песень: “Скажи мне”, “Высоко”, “Каляровыя фарбы”, “Новогодняя”, “Мечты”. Работа з якімі кампазітарамі падабаецца? 

— Працую з многімі. Радуюся, калі хутка знаходзім агульную мову, дзякуючы чаму разумеем, якую песню трэба напісаць, у чым яе сэнс, у якім стылі яна загучыць. Планую сама стаць аўтарам песень і ўжо спрабую сябе ў гэтым кірунку. Упэўнена: праз нейкі час пачну цешыць слухачоў кампазіцыямі, створанымі мной. 

— Як з’явілася песня “Каляровыя фарбы”? 

— Яе напісаў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валерый Шмат у 2021 годзе спецыяльна для “Славянскага базару”, на якім патрабуецца выкананне беларускамоўнага твора. Я лічу, што роднае слова павінна гучаць, варта папулярызаваць айчынную культуру, берагчы нашы традыцыі. 

— У 2022 і 2023 гадах вы сталі стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Якое значэнне для вас мае гэтае дасягненне? 

— Вялікае! Быць залічанай у банк таленавітай моладзі — адказна і ганарова. Таму я ўсімі сіламі імкнуся апраўдаць чаканні, якія ўсклаў на мяне гэты статус. 

— Кім бачыце сябе ў будучыні? 

— З поўнай упэўненасцю магу сказаць, што вызначылася з любімай прафесіяй. Цяпер працую над рэпертуарам. Дарэчы, у працэсе новая песня, якая хутка загучыць на ўсіх пляцоўках! 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота гераіні