Нагода для размовы... і справы

Шырокую вядомасць Арэхаўск атрымаў у 1930-х, калі тут запрацавала Беларуская ДРЭС. Гэта была першая буйная электрастанцыя ў рэспубліцы і першая пабудаваная ў СССР па плане ГОЭЛРО (скарочана ад рус. Дзяржаўная камісія па электрыфікацыі Расіі). 

Адначасова з Беларускай ДРЭС у Арэхаўску вырас добраўпарадкаваны пасёлак са школай, сталовай, з клубам, дзіцячым садам і лазняй. Гэта быў узорны населены пункт савецкага тыпу, спланаваны і ўзведзены з улікам усіх сацыяльных і культурных патрэбаў людзей. 

Часовыя выставачныя экспазіцыі ў фае Дома культуры

Часовыя выставачныя экспазіцыі ў фае Дома культуры

На жаль, падчас Вялікай Айчыннай вайны многае было знішчана, але ўжо ў 1950-я пасёлак адрадзіўся. З 1946-га па 1956-ы нават стаў цэнтрам новаўтворанага Арэхаўскага раёна. Колькасць жыхароў пераадолела адзнаку ў чатыры тысячы. Асяродкам іх духоўнага і культурнага жыцця стаў новы клуб: манументальны будынак у стылі сталінскага ампіру ў 1950-м упрыгожыў галоўную плошчу Арэхаўска. А калектыў Дома культуры вось ужо больш за семдзесят гадоў з нязменным поспехам забяспечвае мясцовых жыхароў цікавым баўленнем часу, прывівае ім любоў да творчасці, вучыць, развівае і натхняе. 

АСЯРОДАК УСЯГО 

Цяперашні дырэктар Дома культуры Іна Касачова прыехала ў Арэхаўск з бацькамі ў дзяцінстве — і неўзабаве стала ўдзельніцай мясцовай самадзейнасці. Большая частка яе жыцця прайшла ў сценах гэтага будынка, таму Іна Іванаўна ставіцца да яго як да роднага дома. І, як руплівая гаспадыня, лепш за ўсіх ведае, што тут трэба зрабіць, паднавіць у першую чаргу. 

У 1960—1980-я па ўзроўні сацыяльна-культурнага а,слугоўвання Арэхаўск нічым не адрозніваўся ад абласнога цэнтра: у клубе рэгулярна паказвалі кіно, праводзілі танцавальныя вечары. Тут былі свой самадзейны аркестр, вакальна-інструментальны ансамбль і нават уласны тэатр — узровень іх быў заўсёды на зайздрасць высокі. 

Гэтыя традыцыі падтрымліваюцца і цяпер: удзельнікі самадзейнасці рэгулярна заваёўваюць прызавыя месцы ў розных конкурсах, мясцовыя калектывы маюць пацверджаныя ганаровыя званні. Праца ўстановы выбудаваная такім чынам, каб ахапіць усе пакаленні і сацыяльныя групы арэхаўцаў. Тут кожны можа рэалізаваць свае творчыя здольнасці. Такую магчымасць даюць 16 калектываў і аматарскіх аб’яднанняў. Сярод іх — народны хор, студыі вакальныя і выяўленчага мастацтва, тэатральны гурток. 

Акрамя таго, у будынку Дома культуры размешчаны філіял раённай бібліятэчнай сеткі. Тут жа знаходзіцца і рэпетыцыйная база ўзорнага харэаграфічнага калектыву мясцовай дзіцячай школы мастацтваў. 

Часовыя выставачныя экспазіцыі ў фае Дома культуры

Часовыя выставачныя экспазіцыі ў фае Дома культуры

Дзякуючы гэтаму культурнае жыццё ў Арэхаўску і ваколіцах насычанае і цікавае. Напрыклад, святочную канцэртную праграму Дома культуры да нядаўняга жаночага свята паказвалі не толькі на сваёй сцэне, але і на выездзе — работнікам двух мясцовых прадпрыемстваў. 

Калектывы і салісты пастаянна задзейнічаны ў раённых і абласных мерапрыемствах, а гэта азначае, што ў будынку ўвесь час вядзецца інтэнсіўная рэпетыцыйная работа. Спыняць яе нельга, таму для неаварыйных рамонтаў традыцыйна выбіраюць час летніх школьных канікул. 

ПРЫГОЖЫ ДАХ 

Але ёсць у Доме культуры Арэхаўска і праблема. Гэта прыгожы дах з чырвонай металачарапіцы. Ён працякае. Па словах дырэктара Іны Касачовай, дах ужо некалькі разоў чынілі, рабілі з-за працёкаў касметычныя рамонты ў фае і ў танцзале. Аб гэтай сітуацыі ведае кіраўніцтва раёна. 

Начальнік аддзела культуры Аршанскага райвыканкама Сяргей Дзмітрыевіч Гарбачоў кажа, што за шэсць гадоў яго знаходжання на пасадзе не было такога сезона, калі б у будынку арэхаўскага Дома культуры не выконваліся тыя ці іншыя бягучыя рамонтныя работы. За гэты час адрамантавалі фасад, прыбіральні, часткова замянілі дзверы і вокны. Пастаянна робяць касметычныя фарбаванні ўнутраных памяшканняў. 

Будынак велізарны, патрабуе пастаянных укладанняў. Сучасны дах усталявалі на пачатку 2010-х. Падцякаць у розных месцах ён пачаў у апошнія гады. Спецыялісты кажуць, што, магчыма, пры яго праектаванні першапачаткова была дапушчана памылка. Каб вырашыць праблему, патрабуецца капітальны рамонт. І адпаведныя значныя фінансавыя рэсурсы. Іх вылучэнне ўзгадняецца з упраўленнем культуры Віцебскага аблвыканкама. 

Сяргей Гарбачоў запэўніў, што ўжо сёлета ў арэхаўскім Доме культуры зробяць касметычны рамонт, які ліквідуе наступствы чарговага працякання. А на 2025 год раённыя ўлады плануюць правесці капітальны рамонт даху і замену бакавых уваходных дзвярэй будынка. На гэта ў бюджэт будуць закладзены неабходныя сродкі. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота аўтара