Каб радавацца новаму дню

Апублiкавана: 09 мая 2024 Стужка Афіцыйна Мiнская вобласць

Аўтар: Аўтары

Прадстаўнікі цэнтральнага апарату Міністэрства культуры і падпарадкаваных арганізацый усклалі кветкі да мемарыяла ў вёсцы Копішча Мінскага раёна. 

Падчас цырымоніі, якая адбылася 8 мая ля брацкай магілы савецкіх ваеннапалонных, партызан, падпольшчыкаў і мірных жыхароў, расстраляных фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, міністр культуры Анатолій Маркевіч сказаў: 

— Напярэдадні вялікага свята мы, работнікі сферы культуры, заўсёды збіраемся, каб пабыць у месцах пахаванняў, месцах, якія прыцягваюць памяццю, патрыятызмам, трагізмам, таму што кожнае такое месца — асаблівая гісторыя. Гэта людскі боль, трагедыя, якая адбылася ў канкрэтнай сям’і, у канкрэтнага чалавека падчас ліхалецця. Сёння мы ў Копішчы, дзе пахаваны 20 тысяч чалавек. Такая лічба адпавядае насельніцтву раённага цэнтра. Знаходзячыся тут, разумееш, наколькі важны мір і наколькі ён крохкі. Мы бачым, што адбываецца ў свеце. Страсці не цішэюць. І вельмі важна, каб кожны задумаўся, прасякнуўся гісторыяй і ўсвядоміў увесь трагізм, які прыносіць вайна. 

Міністр культуры падчас ускладання кветак да мемарыяла ў вёсцы Копішча Мінскага раёна

Міністр культуры падчас ускладання кветак да мемарыяла ў вёсцы Копішча Мінскага раёна

Міністр нагадаў, якой цаной далася нам Перамога. Загінуў кожны трэці жыхар Беларусі. 

— Мы ведаем, колькі давялося прайсці ветэранам, савецкім салдатам, каб мы радаваліся новаму дню. І сёння няма нічога больш істотнага, чым мір на зямлі, бо гэта не данасць, — падкрэсліў Анатолій Маркевіч. — Гэта заваяваная Перамога, і трэба захаваць яе для нашых дзяцей, для ўнукаў. На прыкладзе Беларусі мы павінны паказваць, наколькі вялікая трагедыя — вайна, і ні ў якім разе не дапусціць яе. 

Па словах міністра, вайна — гэта боль, гібель людзей, незагойная рана, што навечна застаецца ў сэрцах. Кожны беларус памятае аб той трагедыі і робіць усё магчымае, каб ліхалецце не вярнулася на нашу зямлю. Беларусь — адкрытая краіна, у нас няма ніякіх дрэнных думак наконт іншых народаў. Але, як заўважыў кіраўнік галіны, нядобразычліўцы павінны разумець: калі над Беларуссю навіснуць хмары, мы, і стары і малы, станем як адзінае цэлае, станем маналітам. Мы зробім усё, каб згода і спакой былі на нашай зямлі, каб дзеткі цешылі нас мірнымі, добрымі дасягненнямі і поспехамі.

Мемарыял у вёсцы Копішча Мінскага раёна

Мемарыял у вёсцы Копішча Мінскага раёна