Як маладая спявачка Маргарыта Шыбаева пакарыла міжнародны конкурс

У дзяцінстве наша гераiня Маргарыта Шыбаева была фантазёркай: часта прыдумляла гульні, казкі, конкурсы, каб павесяліць сваіх блізкіх. У яе вялікай сям'і ўсе так ці інакш звязаны з творчасцю. Бацькі працуюць у Доме культуры Заслаўя, і дачка праводзіла там шмат часу, назіраючы за танцавальнымі і тэатральнымі калектывамі. Дэбют Маргарыты на сцэне адбыўся ў пяцігадовым узросце, калі ёй даручылi выканаць ролю ялінкі ў навагоднім спектаклі. Калі дзяўчынцы споўнілася шэсць, бацькі запісалі яе ў музычную школу, дзе гераіня пазнаёмілася з цымбаламі, баянам, фартэпіяна, але спынілася на скрыпцы. Паралельна ў жыцці Маргарыты заўсёды былі танцы: бальныя, усходнія, народныя.

СПЯ­ВАЦЬ ПА­ЧА­ЛА АД­НОС­НА ПО­ЗНА

Выступаць на сцэне наша гераіня стала па волі лёсу. Неяк падчас адкрыцця змены ў летніку дзяўчына выканала любiмую песню, пасля чаго атрымала шмат захопленых водгукаў.

— Дагэтуль памятаю званок выхавальніка маім бацькам: “Прыязджайце на справаздачны канцэрт — ваша дачка проста “разрывае” залу!” Гэта быў першы выхад на сцэну ў якасці індывідуальнага выканаўцы, пасля чаго я пачала спяваць сольна, — згадвае Маргарыта.

— Асноўныя веды атрымала ў студыі, якой кіравала мая мама. Потым у сёмым класе я пазнаёмілася з творчым калектывам народнага фальклорнага тэатра танца “Карагод” iмя А.Баканава. Пасля аднаго сумеснага нумара мяне запрасілі ў каманду, што стала важнай прыступкай у творчым жыцці. Навучаючыся ў каледжы, я паспрабавала выступаць у дуэце. Гэтую магчымасць мне адкрыла аднагрупніца, якая дапамагла прайсці праслухоўванне ў школу вакалу “Фортэ” ў Палацы дзяцей і моладзі. На чацвёртым курсе каледжа, калі настаў час сур’ёзна задумацца пра ўніверсітэт культуры, я сустрэла свайго цяперашняга педагога Ягора Шаранкова. Ён рыхтаваў мяне да паступлення, а надалей — i да конкурсаў: працаваў над маёй тэхнікай выканання, сцэнічнымі вобразамі, касцюмамі, вучыў правільна выказваць эмоцыі. Я ўдзячная Сусвету за тое, што ў маім жыцці з’явіўся такі чалавек.

БЫ­ЛО ЦІ­КА­ВА І ХВА­ЛЮ­ЮЧА

Мара Маргарыты ажыццявілася: з мінулага года яна студэнтка ўніверсітэта культуры і мастацтваў, дзе вучыцца па спецыяльнасці “Мастацтва эстрады і спеваў”. У БДУКМ дзяўчына сустрэла свайго новага настаўніка — Таццяну Мікалаеўну Лігорскую, якая дапамагае творчай асобе раскрыць новыя грані.

— Задумвацца пра вышэйшую адукацыю я стала даўно, яшчэ калі вучылася ў лінгвагуманітарным каледжы, — адзначае маладая спявачка. — Для паступлення трэба было здаць ЦТ і тры экзамены: вакал, сальфеджыа і калёквіум. Не магу сказаць, што было цяжка ці лёгка. Хутчэй, гэты працэс здаўся мне цікавым і хвалюючым. Хаця рыхтавацца я мусіла шмат, бо кардынальна мяняла спецыяльнасць. На маю думку, універсітэт дае новыя знаёмствы, велізарны досвед, шанц паўдзельнічаць у канцэртах і імпрэзах, комплексна рыхтуе маладога спевака да далейшага эстраднага жыцця. Не важна, кім ты станеш: артыстам, педагогам ці кіраўніком калектыву — у цябе заўсёды будзе добрая тэарэтычная і практычная базы.

ТА­КІЯ ЭМО­ЦЫІ ХО­ЧАЦ­ЦА ПЕ­РА­ЖЫ­ВАЦЬ ЗНОЎ І ЗНОЎ

Конкурсная дзейнасць спявачкі пачалася адносна нядаўна, але яскрава. Адным з самых буйных вакальных спаборніцтваў у кар’еры Маргарыты Шыбаевай стаў адбор на “Славянскi базар у Віцебску”. Гераіні пашчасціла трапіць у дзясятку фіналістаў трэцяга тура, які праходзіў у прамым эфіры ў Оршы. А ў верасні дзяўчына паспела вылучыцца на Міжнародным фестывалi “Моладзь — за Саюзную дзяржаву” ў Смаленску, дзе стала лаўрэатам 3 ступені.

— Пра гэты фестываль я чула даўно. Яшчэ калі вучылася ў каледжы, былі спробы прайсці адбор, але з першага разу не атрымалася. Сёлета, убачыўшы палажэнне аб конкурсе, без роздумаў вырашыла паўдзельнічаць. Хутка абмеркавалі з педагогам рэпертуар і адправілі заяўку. У выніку мне ўдалося трапіць у васьмёрку канкурсантаў. Выконвала дзве кампазіцыі. Першая — “Жняя” на верш Я. Купалы. Па ўмовах песня мусіла быць пра любоў да Радзімы. Да таго ж у Год гістарычнай памяці захацелася аддаць даніну павагі нашаму паэту-юбіляру. Другая кампазіцыя павінна была адлюстроўваць моладзевыя праблемы, i я абрала “Ластаўку” Ганны Пiнгiнай.

У час узнагароджання я адчувала гонар, таму што прэзентавала свой родны горад — Заслаўе. І гэта надзвычай прыемна, стоячы на сцэне, чуць назву сваёй малой радзімы!

Уражанні пра падарожжа засталіся толькі пазітыўныя. Пачуцці напоўненасці і натхнення не пакідаюць мяне i сёння. На конкурсе было вельмі шмат таленавітых дзяцей, якія “гараць” сваёй справай. Адчувалася магутная падтрымка і за кулісамі, і з залы. Гледачы ўзнагароджвалі выступоўцаў гучнымі апладысментамі! Я і цяпер камунікую з некаторымі ўдзельнікамі. Дзякую арганізатарам, Парламенцкаму Сходу Саюза Беларусі і Расіі за магчымасць удзелу ў такой імпрэзе. У наступным годзе яшчэ раз з задавальненнем прайду адбор і, калі пашанцуе, паеду на гэты фестываль. Такія эмоцыі хочацца перажываць зноў і зноў! У час узнагароджання я адчувала гонар, таму што прэзентавала свой родны горад — Заслаўе. І гэта надзвычай прыемна, стоячы на сцэне, чуць назву сваёй малой радзімы!

КАШ­ТОЎ­НЫ ДОС­ВЕД

Выступаць на сцэне — задача хвалюючая і складаная нават для вопытных артыстаў. Педагог вучыў нашу гераіню пачынаць настройвацца за два-тры нумары да выхаду: абстрагавацца ад вонкавага і канцэнтравацца на ўнутраным для пошуку патрэбных вобраза і эмоцыі. Гэта дапамагае не думаць, што нешта можа пайсці не так, і звяртацца да публікі з правільным пасылам.

— Насамрэч, больш за ўсё запамінаюцца моманты, калі ты выходзіш на сцэну і калі сыходзіш за кулісы. А вось прамежак у пяць хвілін быццам сціраецца з памяці. Цела вельмі сканцэнтравана, каб выканаць усе тэхнічныя задачы. А эмоцыi, якія дамапагаюць узаемадзейнічаць з гледачом, чамусьці не застаюцца ў галаве.

Каб напрацаваць сцэнічны досвед, імкнуся браць удзел у максімальнай колькасці конкурсаў. Гэта новыя людзі, якія заўсёды дапамагаюць знайсці натхненне. У іх я пераймаю пэўныя прыёмы і фішкі. Таксама гэта вялікая праца ў плане фарміравання стрэсаўстойлівасці і ўмення канцэнтравацца, што важна для кожнага артыста. Вучуся ўспрымаць кожную ўзнагароду як важную адзнаку праведзенай мною, маім педагогам і сям’ёй работы. Кожны поспех — гэта намаганні ў сукупнасці з напрацоўкамі. І вылучыць больш-менш важны досвед немагчыма: ён увесь неацэнны. Таму трэба не спыняцца, рухацца далей і працаваць больш.

ДЗЕ ШУ­КАЦЬ НА­ТХНЕН­НЕ?

Пры выбары песень Маргарыта заўсёды раіцца са сваімі педагогамі. Пасля прымаецца супольнае рашэнне. Паводле слоў артысткі, пры падборы матэрыялу абапіраюцца на месца мерапрыемства, на канцэпцыю самога конкурсу і, вядома ж, на эмоцыі і адчуванні, якія выклікае кампазіцыя.

— Пакуль што сваіх песень у мяне няма, але мэта пастаўлена і, мяркую, у хуткім часе аўтарскі матэрыял з’явiцца. Натхненне — дзіўная з’ява: ніколі не ведаеш, дзе напаткае. Але найчасцей яно знаходзіць мяне за кубачкам кавы. Ёсць і “месцы сілы”, дзе можна проста заплюшчыць вочы, і ідэя сама цябе наведае. Да таго ж перад маімі вачыма ёсць годны ўзор: я захапляюся маім педагогам Ягорам Шаранковым як з пункту гледжання вакалу, так і ў плане стылю, вобразаў на сцэне.

ПРА ПЛА­НЫ НА БУ­ДУ­ЧЫ­НЮ

— Хачу і надалей атрымлiваць задавальненне ад навучання ва ўніверсітэце, ад заняткаў па вакале і выступаў. Буду ўдзельнічаць у конкурсах і фэстах, і, канечне, працаваць з аўтарскім матэрыялам . Закончыўшы навучанне, жадаю таксама развівацца як артыст і выканаўца.

Гісторыя Маргарыты Шыбаевай з’яўляецца чарговым прыкладам таго, што поспех не прымусіць доўга чакаць, калі займацца любiмай справай. Наша гераіня знаходзіцца на пачатку свайго творчага шляху, яе патэнцыял з самага дзяцінства заўважалі навакольныя, а потым і журы міжнародных конкурсаў.

На­стас­ся ЮРКЕ­ВІЧ