“Нядзельнік” у Сёмкаве

Сёлета архіў валанцёрскай дзейнасці газеты “Культура” папоўніўся дзясяткам новых запісаў. Суботнікі праводзіліся ў розных раёнах Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. А ў нядзелю мы наведаліся ў прысталічны сядзібна-палацавы комплекс Сёмкава, у палац Хмараў, які нібы крыкам крычыць: “Дапамажыце! Ратуйце!” Анонс мерапрыемства быў размешчаны ў мінулым нумары “К”. А цяпер пра тое, як яно было.

ШПАЦЫР ПА ЭКАЛАГІЧНАЙ СЦЕЖЦЫ

Перш чым узяцца за працу, мы вырашылі прайсціся па знакамітай сёмкаўскай экасцяжыне, пра якую ўжо столькі разоў чулі, але яшчэ не бачылі. Даўжынёй яна каля аднаго кіламетра і праходзіць праз яблыневы сад, луг пры рацэ і стары прысядзібны парк. Уздоўж усяго маршрута ўсталявана сорак інфармацыйных стэндаў рознага памеру і зместу. На адных, невялічкіх, змешчаны выявы адметных паркавых раслін і тутэйшых птушак (іх галасы можна паслухаць на адмысловай інтэрнэт-старонцы, куды вядзе QR-код). Іншыя, большыя па памеры, распавядаюць пра гісторыю гэтага комплексу і пра славутых асоб, якія калісьці наведвалі ці працавалі ў Сёмкаве (прыкладам, Якуб Колас і Янка Купала). Да вельмі ўдалых знаходак можна аднесці стэнд у выглядзе мальберта, прысвечанага славутаму мастаку Напалеону Орду. Усталяваны ён на месцы, адкуль мастак у сярэдзіне ХІХ стагоддзя замаляваў Сёмкаўскі палац. Ёсць цікавыя стэнды і экалагічнай тэматыкі. Досвед, як мне падаецца, варты пераймання! Гэтая частка мерапрыемства прайшла пад знакам збору смецця ўздоўж сцяжыны.

ДЗВЕ ГАДЗІНЫ, ЯКІЯ МЯНЯЮЦЬ УСЁ

Уласна сам “нядзельнік” распачаўся а 12-й гадзіне на палацавым падворку. “Задача дня” была пастаўлена не надта амбітная — прыбраць кустоўе, якое панарасло ўздоўж падмуркаў палаца, а таксама ачысціць ад дрэў-самасеек і сумніку дзве цэнтральныя залі. І ў адведзеныя на гэту працу дзве гадзіны мы ўклаліся. Прычым не маючы ні трымераў, ні іншай, больш шумнай тэхнікі, з якімі можна было б здолець значна больш і за меншы прамежак часу. Выснову аб выніках нашай працы можна зрабіць па фотаздымках “да” і “пасля”. У “нядзельніку” ўзялі ўдзел сябры і чытачы нашай газеты — прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Яўген Шунейка, магістр Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта мастацтвазнаўца Марыя Пастухова, гісторык Ілья Чарняўскі. “Культуру” ж прадставілі стылістычны рэдактар Мацвей Зайцаў і аглядальнікі рэдакцыі Данііл Шэйка і аўтар гэтых радкоў.

ПРАЦЯГ МУСІЦЬ БЫЦЬ

Працы ў Сёмкава, па шчырасці, хапае. Прычым не толькі ў самім палацы. Вось што прыходзіць у галаву перадусім: варта вызваліць з палону зеляніны стары маляўнічы флігель праваруч ад палаца, бо ўлетку ён ледзь праглядаецца. Не лішне было б ачысціць ад хмызняку і прастору за палацам і колішнія сходы ў парк (які таксама патрабуе дагляду). Але такія касметычныя захады могуць пацешыць толькі турыстаў, паток якіх у Сёмкава расце дзень пры дні. Лёс жа самой гістарычнай перліны Міншчыны, помніка нацыянальнай значнасці, застаецца няпэўны.

Зміцер ЮРКЕВІЧ