Асветнік і гуманіст з роду Манюшкаў

Апублiкавана: 24 верасня 2022 Стужка Афіцыйна Мінск Гістарыёграф

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

Гэтае імя не раз трапляла на старонкі “Культуры” ў кантэксце размовы пра яго пляменніка — вядомага кампазітара Станіслава Манюшку. А сёння настаў час распавесці пра Дамініка Манюшку, чалавека-легенду, які дзеля шчасця сваіх падданых наважыўся на незвычайны і адчайны крок — вызваліў сялян ад прыгону і заняўся іх асветай. І гэта на самым пачатку ХІХ стагоддзя.

З РОДУ МАНЮШКАЎ ГЕРБА “КРЫЎДА”

Род Манюшкаў адносіцца да аднаго з самых старых беларускіх. Першыя звесткі паходзяць з XV стагоддзя, калі іх паслугі спатрэбіліся Вялікаму Княству Літоўскаму пры каланізацыі Падляшша. Пазней, калі ў 1569 годзе Падляшша па ўмовах Люблінскай ўніі адышло Польшчы, паміж Манюшкамі “вялікалітоўскімі” і “польскімі” пралягла дзяржаўная мяжа. Манюшкі, які жылі ў ВКЛ, здаралася, дасягалі немалых кар’ерных вышынь. Таму ў сярэдзіне XVIII стагоддзя падляшскі юнак Станіслаў Манюшка (дзед кампазітара і бацька Дамініка), які меў усёй маёмасці “заплечнік з дзённікам”, адпраўляецца ў пошуках лепшай долі на гістарычную радзіму – землі сённяшняй Беларусі. І ягоныя спадзевы спраўдзіліся. Памёр былы вайсковы суддзя Манюшка ў 1807 годзе, пакінуўшы дзясятку сваіх дзяцей мільён злотых капіталу і шмат розных маёнткаў.

НАРАДЖЭННЕ ЛЕГЕНДЫ

Станіслаў Манюшка (дзед кампазітара) быў чалавекам грунтоўным, таму зафіксаваў для гісторыі дакладны час нараджэння сваіх дзяцей. Герой нашай публікацыі прыйшоў на свет у Смілавічах 5 жніўня 1788 года ў 11:30. Ахрысцілі яго 6 жніўня трыма імёнамі – Дамінік Пётр Каятан. Яго хросным стаў знакаміты мінчанін Станіслаў Багушэвіч-Мінькоўскі, паплечнік Тадэвуша Рэйтана і Самуэля Корсака на Сойме 1773—1775 гадоў (гл. “К” № 26, 2014). Вучыўся Дамінік, як і браты, у Віленскім універсітэце, які скончыў са ступенню доктара права. Падчас вучобы ўступіў у таварыства Шубраўцаў, у якое ўваходзілі найлепшыя прадстаўнікі студэнцтва. Таварыства мела свой друкаваны орган “Вулічныя навіны”, у якім востра і з гумарам асуджаліся “атожылкі мінуўшчыны” (адным з найгалоўнейшых лічыўся прыгон). Біёграфы Манюшкі згадваюць, што Дамінік, куды б яго пасля вайны 1812 года ні закідваў лёс, цікавіўся справай адукацыі. Аглядаць навучальныя ўстановы, даследаваць арганізацыю адукацыі і выхавання ў Нямеччыне і Францыі яго прымушала даўняя мара заняцца справай асветы на радзіме.

ЗАКЛАДАННЕ ПЕРШАГА КАМЕНЯ

Эксперыменты па вызваленні сялян на землях былога ВКЛ былі, але цягнуліся яны, як правіла, нядоўга. Увогуле сама думка аб тым, што прыгонных можна вызваліць і заняцца іх асветай, значнай часткай тагачаснага грамадства лічылася вар’яцтвам. Напрыклад, калі Тадэвуш Рэйтан (пляменнік згаданага вышэй Тадэвуша Рэйтана) за некалькі гадоў да Дамініка Манюшкі паспрабаваў стаць на гэты шлях, сваякі абвясцілі яго вар’ятам і адсунулі ад кіравання маёнткам. Праўда і пасля афіцыйнай адмены прыгону ў 1861 годзе такія захады ўспрымаліся неадназначна. Напрыклад, калі Альгерд Абуховіч, знакаміты случчанін, пісьменнік і перакладчык, вырашыў раздаць свае землі сялянам, то атрымаў такую негатыўную рэакцыю сям’і, што сышоў жыць да сяброў, забраўшы з дому толькі кнігі. Таму для рэалізацыі свайго высакароднага намеру Дамініку Манюшку спатрэбіліся асабістая мужнасць, вытрымка і ўдача.

ПАЦІЧОЛА І РАДКОЎШЫНА

Першай справай, нягледзячы на буркатанне сваякоў і ваколічнай шляхты, учарашні франтавік адстаўны маёр Дамінік Манюшка вызваліў ад прыгону сваіх падданых. Кожная сям’я атрымала новы добры дом, тры валокі зямлі, дзялянку лесу і луг. Наступным яго крокам стала заснаванне ў фальварку Пацічола (на ўсход ад Алесіна) пансіяната для дзяўчынак, у якім яны атрымлівалі неабходныя веды, каб стаць добрымі гаспадынямі. А для хлопчыкаў была заснаваная школа ў Радкоўшчыне. Адукацыя была абавязковая для ўсіх дзяцей, вялася з восені па вясну, калі працоўныя рукі ў сялянскай гаспадарцы былі ўжо не так патрэбныя. Дзеці жылі пры школе на поўным забеспячэнні. Пазней з’явілася аптэка, былі закладзеныя агарод і сад. Адукацыя была падзеленая на дзве ступені. Спярша малым дзеткам давалі самыя агульныя паняцці пра свет, вучылі мысліць, развівалі памяць. Далей шкаляроў вучылі пісаць і чытаць, ім выкладаліся рэлігія, мовы (расійская і польская), арыфметыка, каліграфія, чарчэнне, геаграфія, гісторыя, рахункаводства. Даваліся веды па земляробстве, садаводстве, лесаводстве, пчалярстве, пачатковай медыцыне, анатоміі і ветэрынарыі. Каб тэарэтычныя веды замацаваць на практыцы, Манюшка набываў і прывозіў розныя новыя інструменты і сельскагаспадарчыя машыны. Улетку дзеці маглі замацоўваць атрыманыя веды практычна — на ўласным або школьным падворках. Зразумела, іх дзяды мелі сваю спрадвечную “праўду жыцця” і не збіраліся мяняцца па волі дабрадзея. Але іх унукі, якія прайшлі праз школу Манюшкі, былі ўжо іншымі людзьмі: разумнымі і высокамаральнымі, чым выгадна адрозніваліся ад забітых і цёмных сялян іншых гаспадароў.

РЭХА І НАСТУПСТВЫ

Такі неверагодны чын атрымаў шырокі розгалас. На месцы Дамінік праслыў “пазбаўленым глузду чалавекам, які вядзе дзіўны лад жыцця” (так занатавала паліцыя, якая негалосна сачыла за Манюшкам). Але візітары вучылішчаў Мінскай губерні і чыноўнікі Віленскай навучальнай акругі шмат год запар дасылалі міністру асветы самыя лепшыя водгукі пра школу Манюшкі (з прапановай распаўсюдзіць досвед), дзе прымяняліся метады швейцарскага педагога-гуманіста Ёгана Песталоці і англійскага педагога-наватара Жозэфа Ланкастэра. Адным з найлепшых вучняў школы, а потым і выкладчыкам у ёй быў Андрэй Кляніцкі (пахаваны на могілках у Радкоўшчыне блізу бацькоў кампазітара; помнік захаваўся). Скончылася гісторыя школы закрыццём у 1838 годзе. Акалічнасці той справы так і застаюцца невядомымі. Магчыма, да таго спрычыніліся нядобразычліўцы, якія ўзбунтавалі супраць Манюшкі сялян, і таму ён вымушаны быў пераехаць у Мінск. А можа, былі і іншыя прычыны. Пансіянат для дзяўчат пратрымаўся да 1853 года дзякуючы апецы Ігната, брата Дамініка. Як сведчыць знойдзеная намі метрыка, Дамінік Манюшка памёр ад халеры 26 кастрычніка 1848 года (61 год) і быў пахаваны на Залатагорскіх могілках “праз ксяндза Сабалеўскага”. Чэслаў Манюшка ў сваіх успамінах прывёў іншую дату смерці брата – 8 гадзін раніцы 25 кастрычніка. Ад магілы сёння не засталося і следу. Калі ў савецкі час “у нуль” зносілі Залатагорскія могілкі, нікому і ў галаву не прыйшло зафіксаваць месца магілы гуманіста, таму яно вядомае толькі прыблізна (за касцёлам злева, дзе магілы памерлых ад халеры).

УШАНАВАННЕ ПАМЯЦІ

Бацька кампазітара Чэслаў Манюшка пры жыцці брата Дамініка вельмі кепска ставіўся да яго справы жыцця (іншыя браты падтрымлівалі). Але пасля афіцыйнай адмены прыгону Чэслаў, нібы спрабуючы апраўдацца, узяўся за ўшанаванне памяці Дамініка. Так, у Радкоўшчыне з’явіўся праўдзівы мемарыял — два вялізныя камяні з выразаным на іх тэкстам са згадкай заснаваных школ і словамі ўдзячнасці падданых (гл. “К” № 7, 2020). Што датычыцца “друкаванага слова”, то першыя згадкі пра чын Дамініка з’явіліся яшчэ пры яго жыцці (“Петербургский еженедельник”, 1840 год). Але значна больш публікацый з’явілася напрыканы ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў. Жыццярысы Дамініка напісаны гісторыкамі Адамам Кіркорам (1882) і Аляксандрам Ельскім (1901), а кароткіх згадак у энцыклапедыях і ўспамінах, пэўна, не злічыць. Пісалі пра Дамініка і нашы сучаснікі — мінскі краязнаўца Ігар Гатальскі, Алесь Марціновіч і інш. Згаданы ён і ў кнізе “Памяць” Смалявіцкага раёна, у энцыклапедыі “Мысліцелі і асветнікі Беларусі” (1994). Але як сёння ўшанаваная памяць Дамініка Манюшкі ў Беларусі? Ніяк: ні помнікаў, ні памятных дошак. Няма нават простага каменя пры касцёле св. Роха на Залатой горцы ў Мінску.

Між тым у 2023-м споўніцца 235 гадоў з дня нараджэння Дамініка Манюшкі і 175 з даты смерці. Чым не нагода зрабіць першы крок насустрач аднаўленню памяці пра гэтага годнага чалавека?

Прыкладам, можна ажывіць тыя ж манюшкаўскія мясціны (Радкоўшчыну — Алесіна — Шыпяны — Пацічола) інфармацыйнымі стэндамі. Бясспрэчна, гэта паспрыяла б і развіццю гістарычнага турызму, і захаванню культурнай спадчыны.

Зміцер ЮРКЕВІЧ