Фільмы, якія трэба глядзець у кіназалах

Апублiкавана: 14 лiстапада 2022 Стужка Кіно Мінск

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Адгрымеў XXVІІІ Міжнародны фестываль “Лістапад”, які яшчэ да свайго пачатку прыцягнуў увагу гледачоў маштабам: 1360 заявак з 89 краін! Ці здолеў сінематограф прадэманстраваць “сапраўдныя каштоўнасці”, абвешчаныя ў слогане форуму?

Другі год запар за арганізацыю фестывалю адказвае “Беларусьфільм”. Сёлета студыя паставіла перад сабой некалькі задач: не толькі стварыць пляцоўку для прагляду стужак, але і арганізаваць творчыя сустрэчы, майстар-класы, знайсці магчымасць закласці аснову міжнародных пагадненняў па супрацоўніцтве. Святкаванне 60-годдзя Беларускага саюза кінематаграфістаў, творчы вечар актрысы Наталлі Варлей у Оршы, пітчынг для маладых рэжысёраў, рада дырэктараў кінастудый СНД, дні лацінаамерыканскага кіно і шмат іншага — бясспрэчна, “Лістапад-2022” можа пахваліцца запамінальнымі імпрэзамі.

Уладзімір Карачэўскі, генеральны дырэктар кінастудыі “Беларусьфільм”, адзначыў:

— Прыемна, што прыехалі госці не толькі з краін СНД і блізкага замежжа, але і з Турцыі, Егіпта, Ірана, Паўднёва-Усходняй Азіі, Лацінскай Амерыкі. У нас пашырылася геаграфія, адбыўся абмен ідэямі, у будучым плануем задзейнічаць рэсурсы розных дзяржаў. Ад гэтага залежыць якасць кіно, што мы пакажам гледачу. Не адмаўляем: могуць з’явіцца вельмі нечаканыя праекты.

Кожны год “Лістапад” становіцца цэнтрам прыцягнення старых і новых сяброў. Валерыя Гушчына, дырэктар Гільдыі акцёраў кіно Расіі, успамінае даўнішні візіт у сталіцу Беларусі:

— Я ўпершыню прыехала ў Мінск 28 гадоў таму. Памятаю, шпацыравала па парку і падняла з асфальту кляновы лісцік, які ляжыць у мяне дагэтуль. Ён, пэўна, настолькі доўга захоўваецца, бо з’яўляецца сімвалам “Лістапада”, адлюстраваннем таго, што нічога не страчваецца, калі ёсць людзі, якія жадаюць падоўжыць жыццё яркай падзеі.

Час для правядзення конкурсу быў абраны нездарма: “Лістапад” задумваўся як фестываль фестываляў. Пад канец года ва ўсім свеце завяршаецца цыкл кінафорумаў, і на мінскім арганізатары імкнуліся пацешыць гледачоў карцінаміпрызёрамі, адзначанымі на вядомых конкурсах. Падобны фільтр не дае масавым стужкам трапіць у нашу праграму і дорыць магчымасць паказаць усе “вяршкі” кінематаграфіі.

Сяргей Кацьер, тэлерэжысёр, сцэнарыст, каментуе гэтую асаблівасць беларускага фестывалю:

— Як праграмны дырэктар конкурсу дакументальнага кіно, я абіраў кожны фільм. Звяртаў увагу не толькі на ўзнагароды на міжнароднай арэне, але і на даступнасць для ўспрымання гледачом. Магу паручыцца за ўсе карціны. Гэта годныя стужкі розных жанраў і кірункаў дакументальнага кіно. Бо важна, каб людзі выходзілі з паказаў з пачуццём задавальнення. Трэба прадэманстраваць чалавеку высокамастацкія фільмы, пасля якіх застанецца прыемны прысмак. Такія карціны мы выбіралі для нашага форуму.

Фестывальны слоган “Сапраўдныя каштоўнасці” адгукнуўся не толькі ў сэрцах сталічных гледачоў. Сёлетні “Лістапад” пашырыў геаграфію і ў рэспубліканскім маштабе: аднавіў традыцыю паказваць конкурсныя фільмы ў рэгіёнах. Каля пяці дзясяткаў беларускіх гарадоў прынялі эстафету кінамарафону, што дало магчымасць шматлікім гледачам пазнаёміцца з высокамастацкімі стужкамі. Як адзначаюць арганізатары, фестывальныя фільмы трэба глядзець у кіназалах. Старшыня кінафоруму Аляксандр Яфрэмаў падкрэсліў:

— На працягу 28 гадоў падчас “Лістапада” дэманструюцца ўзоры сусветнага кінематографа, якія адлюстроўваюць актуальны парадак дня і настроі ў грамадстве. Апошнія тры дзесяцігоддзі наш фестываль не проста збірае прыхільнікаў экраннага мастацтва, але і становіцца пляцоўкай для камунікацыі, абмену меркаваннямі і месцам нараджэння ідэй. Я веру ў стваральную сілу кіно і ў тое, што яно можа паспрыяць дасягненню міру і ўзаемаразумення паміж народамі. Удзельнікі і гледачы “Лістапада” акунуліся ў непаўторную атмасферу, атрымалі шмат станоўчых эмоцый ад сустрэч з любімымі артыстамі і пазнаёміліся з дастойнымі карцінамі.

Цырымонія закрыцця міжнароднага кінафестывалю, падчас якой назвалі пераможцаў конкурсных праграм і ўладальнікаў спецыяльных прызоў, адбылася ўчора ў кінатэатры “Масква” . Гран-пры “Золата «Лістапада»” атрымаў рэжысёр Пётр Тадароўскі за карціну “Здаровы чалавек”.

Фестывальная гонка завершаная. Будзем чакаць сустрэчы з “Лістападам-2023”.

Настасся ЮРКЕВІЧ

Фота Таццяны Матусевіч