Аб вечным — з усмешкай

Апублiкавана: 17 лiстапада 2022 Кiно Кіно Мінск

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” першым раздаў свае ўзнагароды. Хто заваяваў прызнанне публікі і чым запомніўся прагляд? 

Увазе гледачоў прапанавалі шэсць стужак з Расіі, Кітая, Турцыі, Казахстана і Канады, знятыя за апошнія два гады. Усе яны адпавядаюць фестывальнаму слогану “Сапраўдныя каштоўнасці” і расказваюць пра любоў у шырокім сэнсе — да атачэння, да самога сябе, да ўсяго жывога. Вядома, з рознай ступенню шчырасці. У некаторых работах, як ні спрабавалі аўтары стаць сваімі для дзяцей, адчуваліся фальшывыя інтанацыі і празмерная павучальнасць, аднак збольшага ўдзельнікі парадавалі тым, з якой лёгкасцю і нават гуллівасцю яны размаўляюць пра сур’ёзнае. 

Стужка “Як прымусіць бацькоў развесціся” — дэбют Сандрын Брадэр-Дэразье ў поўнаметражным кіно. Канадскі рэжысёр ужо выказвалася пра ўнутрысямейныя стасункі ў кароткім метры. Яе ранейшы твор “Толькі ты і я” атрымаў прыз Берлінскага кінафестывалю як найлепшы кароткаметражны фільм для юнацтва. Насуперак чаканням, якія спараджае назва, карціна “Як прымусіць бацькоў развесціся” насамрэч падштурхоўвае гледачоў да падтрымкі гармоніі ў сям’і. Па сюжэце дванаццацігадовая Жусцін, стаміўшыся ад спрэчак паміж мамай і татам, патрабуе разводу бацькоў. Закон не дазваляе выканаць жаданне дзяўчынкі, таму разам з сябрамі яна ладзіць інсцэніроўку судовага працэсу на школьным конкурсе талентаў, каб нарэшце “ўтаймаваць” маці і бацьку. Так іранічна рэжысёр кажа пра важнасць дыялогу ў сям’і, а мімаходам яшчэ пра першае каханне і сяброўства. Карціна атрымала спецыяльны дыплом “За ўвасабленне ідэй захавання сямейных каштоўнасцей”. 

Найлепшым фільмам конкурсу журы прызнала “Звон надзеі” расійскага рэжысёра Аляксандра Куляміна. Стужка расказвае пра брата і сястру, якія пасля гібелі бацькоў трапілі ў дзіцячы дом і цяпер мусяць адаптавацца да новага парадку. Булінг, здрада, помста — стужка закранае негатыўныя аспекты стасункаў у групе равеснікаў. 

Акцэнт у фільме зроблены на ўнутраных пераменах, якія адбываюцца з братам. Калі яго сястра — дзяўчынка баявая, то хлапчук не можа пастаяць за сябе ў перапалцы з аднагодкамі. З часам характар хлопца гартуецца — і ён выходзіць за межы ўстановы больш моцным і мужным. Настолькі, што адразу праяўляе сябе героем-выратавальнікам. Юнак з сястрой ідзе па ўзбочыне пустой дарогі, і раптам іх ледзь не збівае аўтамабіль. Кіроўца паспявае адвесці машыну ад дзяцей, але сама вылятае на дзялянку. Машына выпісвае кульбіты ў паветры і прызямляецца на дах — хлопец без роздуму бяжыць на дапамогу. Вядома, эпізод дадае відовішчнасць карціне, але навошта ж патрабаваць гераічных учынкаў ад юнага персанажа? Чаму прыкметай яго маральнага сталення не выявілася, напрыклад, уменне прызнаваць памылкі і выбачацца? 

Штучны пафас набліжае стужку да карыкатуры, як і недасканалая ігра дзяцей-акцёраў ды не вельмі ўдалыя дыялогі. Стваральнікі “Звона надзеі” ў рэпліках падлеткаў падаюць кашу з моладзевага слэнгу цяперашняга часу і мінулых дзесяцігоддзяў, прыпраўленую дваровым жаргонам. Калі слова “зашквар” яшчэ можна пачуць ад цяпершаніх школьнікаў, то “фуфел”, “шмоткі”, “бабло” — ужо архаізмы для іх, не кажучы пра фразеалагізм “сто лет в обед”. 

Аўдыторыі ж аказаўся бліжэйшы расійскі фільм “Зоры мне пакажуць шлях” Філіпа Абруціна. Ён атрымаў прыз глядацкіх сімпатый і асобы прыз дзіцячага журы. Чым твор прывабіў юную публіку, дакладна не вызначыць, але можна зрабіць здагадку: малых зачаравала музыка. У творы значная роля адведзена песням. Немудрагелістыя і сардэчныя, яны матывуюць рухацца да мэты, пераадольваць перашкоды, захоўваць надзею ды веру ў свае сілы. Нягледзячы на некаторыя штампы, яны не падаюцца падробкай. Мо праз тое, што аўтар Іван Салаўёў не проста выконваў замову, а пісаў гэтыя песні ў тым ліку для ўласнай матывацыі, калі перажываў складаныя часы. З асноўнай — акцёрскай — працай Іван таксама справіўся, пераканаўча ўвасобіўшы вобраз таты. Герой некалі збег ад бацькоўства, прысвяціў сябе музыцы, але славы не дабіўся і цяпер іграе на гітары ды спявае на набярэжнай. Раптам ён вырашае паўдзельнічаць у жыцці сваёй дачкі, якая таксама марыць стаць музыкантам і збіраецца на праслухоўванне ў далёкую Маскву. Іван Салаўёў атрымаў на “Лістападзіку” прыз за найлепшую работу дарослага акцёра, а яго кіношная дачка Лізавета Бугулава заваявала прыз за найлепшую дзіцячую ролю. Дарэчы, фільм “Зоры мне пакажуць шлях” на гэтым тыдні з’явіўся ў беларускім пракаце. 

Данііл ШЭЙКА

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ