Акно ў іншы свет. Прэм’ерная пастаноўка маладога рэжысёра

Апублiкавана: 18 лiстапада 2022 Стужка Тэатры Магілёў і вобласць

Аўтар: Аўтары

Незвычайны спектакль з філасофскім падтэкстам рыхтуюць да паказу ў Магілёўскім абласным тэатры лялек. Для калектыву ўстановы гэта будзе першая прэм'ера ў 46-м сезоне.

ГІСТАРЫЧНАЕ ГУЧАННЕ

Пастаноўка, якая атрымала назву “Магіла льва”, заснаваная на аднайменнай паэме Янкі Купалы і народных паданнях. З героямі гэтых аповедаў знаёмы кожны жыхар Прыдняпроўя.

Па легендзе на месцы, дзе цяпер стаіць абласны цэнтр, калісьці былі непраходныя лясы. У іх жыў Машэка — волат, чалавек вялікай моцы. Аднак, непакорны і магутны, ён стаў ахвярай жаночай здрады. Курган, дзе спачыў асілак, назвалі “Магілай льва”, а горад, які тут узнік — Магілёвам.

Малады рэжысёр тэатра лялек Марыя Гуцава пастаралася прадставіць вядомую гісторыю ў новым свеце. Творца перакананая: падзеі, якія адбываліся на тутэйшых землях тысячагоддзі таму, не страцілі вастрыню гучання і сёння.

— У Магілёў я прыехала зусім нядаўна па размеркаванні з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Вельмі хацелася ўзяць за аснову сваёй першай пастаноўкі матэрыял, блізкі мясцоваму гледачу. Спыніліся на мінуўшчыне — паданні пра Машэку, што ў Год гістарычнай памяці актуальна, — адзначыла рэжысёр.

Па словах Марыі Гуцавай, праца над інсцэніроўкай была карпатлівай. Шмат часу пайшло на гарманічнае аб’яднанне паэмы беларускага класіка і фальклору.

— Хацелася не проста перадаць значныя моманты з гісторыі горада, а паказаць, якія людзі тут жылі, чым яны займаліся і пра што марылі. Акрамя таго, мы прапануем гледачу паразважаць, пашукаць адказы на пытанні, хто мы, адкуль, куды і як нам рухацца далей? Для гэтага варта часцей вяртацца да вытокаў, сваіх каранёў, аглядацца на жыццё продкаў, — падкрэсліла рэжысёр.

БЕЗ ШАБЛОНАЎ

Спектакль абяцае быць нестандартным. Ствараючы дэкарацыі і лялек для яго, выкарыстоўвалі шмат арыгінальных, крэатыўных падыходаў. Зачаруе гледача і прадуманая гульня святла, музыкі, вакалу, харэаграфіі.

— Каб дасягнуць патрэбнага эфекту, доўга вывучалі п’есу, шукалі мастацкія рашэнні. У выніку зыходзілі з максімальнай стылізацыі, прытрымліваліся спрадвечных беларускіх тэхнік. Касцюмы акцёраў зрабілі з лёну, упрыгожанага традыцыйнымі арнаментамі. Дэкарацыі і большасць лялек выкананы з натуральных прыродных матэрыялаў. Выязджалі ў лес і збіралі сапраўдныя карані, каб сімвалічна абыграць тое, што спектакль пераносіць далёка ў глыб гісторыі, адсылае да нашых каранёў, — распавёў галоўны мастак Магілёўскага абласнога тэатра лялек Віталь Шухман.

— Усё дрэва апрацоўвалі ў тэхніцы брашыравання, натуральнага састарвання. Рабілася гэта ўручную, уласнымі сіламі, — заўважыў загадчык мастацка-пастановачнай часткі Ігар Багамазаў.

Найбольш характарнай атрымалася лялька галоўнага героя. Фігура амаль тры метры ў вышыню хутчэй нагадвае драўляную скульптуру. Кіраваць асілкам будуць некалькі чалавек. Машэка — дамінанта спектакля. У яго грудзях дзірка, якая стане для гледача своеасаблівым парталам паміж мінулым і сучаснасцю.

— Усе дзеянні і эпізоды будуць прайгравацца ў падобных парталах. Мы пабудавалі спецыяльныя драўляныя скрыні, якія з’яўляюцца акном у іншы свет, адлюстроўваюць зрэз рэальнасці. Наогул, уся пастаноўка напоўнена рознымі сімваламі, якія кожны глядач зможа патлумачыць па-свойму, — расказаў Ігар Міхайлавіч.

Сімвалічнымі будуць і іншыя лялькі-героі спектакля. Напрыклад, паны і сяляне вытачаныя з масіву дрэва. Пры гэтым у паноў няма вачэй, чым падкрэсліваецца нежаданне бачыць рэчаіснасць. Салдатаў мы прадставілі кавалкамі жалеза, ізноў зыходзячы з распаўсюджаных асацыяцый. Галоўны пан — гэта вялізная маска-валун з рысамі чалавечага твару. Лялька Наталькі зробленая ў форме кубка. У асобныя моманты фігура пераварочваецца, таксама несучы гледачу пэўныя сэнсы.

З ПЕРСАНАЖА Ў ПЕРСАНАЖА

Дарэчы, усяго ў пастаноўцы будуць задзейнічаныя пяць акцёраў. Гэта майстры сцэны Мікалай Сцешыц і Максім Кошалеў ды маладыя артысты, якія толькі пачынаюць творчы шлях: Паліна Лаўрова, Валерыя Вырвіч і Кацярына Жылінская.

— У спектаклі мы ўсе паступова пераплываем з персанажа ў персанажа. Напрыклад, Машэку граем удвух з Максімам Кошалевым. Мне нават цікава: ці будзе нас размяжоўваць глядач? Непасрэдна я імкнуся паказаць асілка цалкам станоўчым. На тое, што з ім здарылася, паўплывалі жыццёвыя абставіны. Але для мяне ён — герой, бо здолеў пайсці супраць паноў, змагаўся за сялян, стаў беларускім Робінам Гудам, — адзначыў Мікалай Сцешыц.

— А вось мне хочацца паказаць Машэку звычайным чалавекам, у якім ёсць і добрае, і дрэннае, які мае права на памылку. Гэта памежны герой, што прымушае задумацца: а ці застанёмся мы вернымі сваім прынцыпам і перакананням у складаных жыццёвых сітуацыях? — дадаў Максім Кошалеў.

Неадназначнага персанажа грае і маладая актрыса Кацярына Жылінская. Роля Наталькі стала для артысткі першай сур’ёзнай дарослай працай. Да гэтага дзяўчына была задзейнічаная толькі ў дзіцячых спектаклях.

— Канешне, у маёй гераіні шмат адмоўных рыс. Я нават не зусім разумею: чаму ўсё ж яна пайшла на здраду, забойства? Што на гэта паўплывала? Імкнуся разабрацца ў матывах таго, што персанаж здзейсніў. Бывае, узнікае нейкі душэўны дысананс, бо сама б не змагла так паступіць. У гэтым плане шмат працуем з рэжысёрам, каб правільна раскрыць асобу Наталькі, данесці да гледача яе праўду, — распавяла Кацярына Жылінская.

УНІКАЛЬНАСЦЬ, АЎТЭНТЫЧНАСЦЬ, САМАБЫТНАСЦЬ

Усе тры дзеі спектакля будуць прасякнутыя ўнікальнай, аўтэнтычнай, самабытнай атмасферай. Кожны эпізод пакажа, што ў магілёўцаў багатая культурная спадчына, якой варта ганарыцца. Але пастаноўка абяцае не толькі пагрузіць у гісторыю. У аснове спектакля — людзі, іх заганы і добрыя рысы. Гэта будзе захапляльны аповед пра няпросты лёс беларусаў, каханне, вернасць і здраду. Адным словам, гледачоў чакае калейдаскоп эмоцый, уражанняў і пачуццяў. Прэм’ера “Магілы льва” запланаваная на 29 лістапада. 

Ганна АЎХІМОВІЧ

Фота Ігара БАГАМАЗА