Жыццё ў намаляваным свеце

Апублiкавана: 25 лiстапада 2022 Кiно Кіно Мінск Тэндэнцыя

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Культурны ўраджай мы прывыклі збіраць напрыканцы восені. У свеце кінематографа спачатку прайшоў юбілейны, XХV Міжнародны фестываль “Анімаёўка”, а ўслед за ім самы буйны фестываль кіно ў Беларусі — 28-ы “Лістапад”. Дзякуючы гэтым значным падзеям, мы змаглі бліжэй пазнаёміцца з анімацыяй і па заслугах ацаніць яе навінкі.

ДАЖЫЦЬ ДА СВІТАННЯ

Гран-пры “Анімаёўкі-2022”, а таксама прыз “За актуальнасць” на “Лістападзе” заваявала рэжысёр Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Ірына Тарасава з карцінай “263 ночы”. Стужка была знята паводле літаратурнага твора Барыса Герстэна, дзе аўтар распавядае пра групу з 26 чалавек, якія спрабуюць выжыць у цяжкія гады акупацыі Мінска і стварэння гета, хаваючыся ў падзямеллі. Людзі прабылі ў сховішчы 263 дні — адсюль і назва фільма. На жаль, не ўсе з іх выжылі. Аднойчы спусціўшыся ў падвал, дзе чакалі толькі цемра і невядомасць, зноў убачылі дзённае святло толькі 13 з іх.

Пасля прагляду фільма застаецца ўпэўненасць: убачыць яго варта і дзецям, і дарослым. Гэтая гісторыя паднімае на паверхню пытанне: што значыць быць чалавекам? І да якога моманту мы захоўваем у сабе міласэрнасць і спачуванне чужому гору? Фільм унікальны: усё паказана ў жанры дакументалістыкі і складзена з апавяданняў відавочцаў. На пачатку стварэння карціны дзяцей з падвала было чацвёра, на момант заканчэння — толькі двое: адзін сведка тых падзей сёння жыве ў Ізраілі, другі — у Амерыцы. Іх успаміны і ляглі ў аснову сюжэта. У анімацыйным фільме апавяданне вядзецца ад асобы малодшага сына печніка Пінхуса Добіна, які збудаваў выратавальны і ў той жа час пагібельны склеп. Мы назіраем жыццё пад зямлёй вачыма маленькага хлопчыка, які ўздрыгвае ад пастаянных бедстваў: голаду, хвароб, паводак, адсутнасці паветра і святла.

Вобразна ў фільме прадстаўлены багаты відэашэраг, які дапамагае асэнсаваць усю гісторыю. У фільмах тэматыкі Халакосту звычайна імкнуцца паказаць больш жахаў, натуралізму, бязлітаснасці. Але ў дадзенай кінакарціне гэтага няма. Трагічнасць захоўваецца дзякуючы вобразам і эфекту прысутнасці гледача ў сховішчы, а таксама суперажыванню героям. Гэта нелінейная, складаная і разнастайная гісторыя. Спосабам яе адлюстравання выбрана анімацыя, хаця ў аснове ляжаць дакументальныя факты. Стваральнікі фільма свядома не жадалі паказваць крайнасці, каб прыцягнуць да прагляду юнага гледача.

КАБ ЗРАЗУМЕЛІ ДЗЕЦІ

Дэбют фільма “263 ночы” рэжысёр Ірына Тарасава каментуе так:

— Тэма Халакосту ў гады Вялікай Айчыннай вайны — асаблівая старонка ў гісторыі Беларусі. Адназначна, гэта фільм са складанай тэматыкай, але мы зрабілі ўсё магчымае, каб ён быў зразумелы юнаму гледачу. Пасля прагляду фільма дзеці часта пыталіся пра жоўтыя зоркі на вопратцы зняволеных. На жаль, не кожнае дзіця сёння ведае, што такое Халакост. Хаця гэта трэба ведаць і памятаць, каб не паўтарыць зноў. Сюжэт дазваляе пражыць і адчуць усе складанасці, з якімі давялося сутыкнуцца яўрэям у той час.

КРОКІ БЕЛАРУСКАЙ АНІМАЦЫІ

Пунктам адліку ў гісторыі беларускай анімацыі стаў 1971 год, калі рэжысёр-пастаноўшчык Уладзімір Голікаў прыехаў у Мінск і пад эгідай творчага аб’яднання “Экран” зняў на кінастудыі “Беларусьфільм” першы ў краіне анімацыйны лялечны фільм “Нязнайка-паэт”. Росквіт нацыянальнай індустрыі мультфільмаў прыйшоўся на канец 1980-х — сярэдзіну 1990-х. А паводле апошніх звестак да 2021-га беларускія мультыплікатары стварылі каля 300 стужак у розных тэхніках — лялечныя, маляваныя, перакладачныя, сыпучыя (пясочныя), пластылінавыя, камбінаваныя. Які этап цяпер перажывае айчынная анімацыя?

На “Лістападзе” адбылася прэм’ера фільма, прысвечанага 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Аснова сюжэта — сеанс гульні паэтаў у шахматы, кожны ход яны суправаджаюць чытаннем урыўкаў са сваіх твораў. Падчас гульні гледачы становяцца актыўнымі ўдзельнікамі чароўных ператварэнняў і цудаў, якія адбываюцца вакол шахматнага століка. А ў фінале паэты дораць кнігу хлопчыку — сімвал перадачы бясцэннай спадчыны новым пакаленням.

Фільм выкананы ў тэхніцы камп’ютарнай перакладкі. Над ім працавала здымачная група, у складзе якой вядомая сваімі работамі не толькі беларускаму гледачу аўтар сцэнарыя і кінарэжысёр вышэйшай катэгорыі Наталля Касцючэнка, а таксама мастак-пастаноўшчык Канстанцін Касцючэнка.

Калі ўлічваць штогадовы прырост аб’ёму вытворчасці, сёння анімацыйная галіна ва ўсім свеце развіваецца сямімільнымі крокамі — хутчэй, чым любы жанр кінематографа.

ВЯЛІКАМУ ВУЧЫЦЦА Ў МАЛЫХ

Пра стан дзіцячай анімацыі разважае Сяргей Струсоўскі, рэжысёр ігравога і анімацыйнага кіно, сцэнарыст, прадзюсар, член Саюза кінематаграфістаў Расіі:

— Працую членам журы анімацыйнай творчасці на розных конкурсах і бачу ўвесь спектр анімацыі ад дзіцячай да прафесійнай. Некаторыя дзіцячыя фільмы часам падкупляюць больш, чым работы дарослых. Выклікаюць усмешку і абуджаюць светлыя пачуцці сваёй непасрэднасцю, наіўнасцю і чысцінёй адчування свету. Калі чалавек сталее, у яго з’яўляюцца страxі і комплексы, сваё асабістае бачанне сітуацыі. У дзяцей усё прасцей, вальней, больш адкрыта — нам варта гэтаму павучыцца. Малыя робяць не з мэтай стварыць нешта вялікае, а проста таму, што так бачаць.

Думаю, дзякуючы такім фестывалям, як “Анімаёўка”, развіваецца дзіцячая анімацыйная творчасць, якая мне падаецца вельмі важнай. І не абавязкова ўсе гэтыя хлопцы і дзяўчаты будуць займацца ці працаваць у анімацыйнай галіне, хаця гэта таксама частка прафарыентацыі. Ёсць такая філасофская думка: чалавек у мастацтве пражывае сваё другое жыццё. Гэта той досвед, які мы набываем, верагодна, для таго, каб не здзяйсняць нейкіх дрэнных учынкаў, імкнуцца да чагосьці светлага і высокага.

Сам фестываль і яго значэнне для Беларусі цяжка пераацаніць. За 25 гадоў “Анімаёўка” пацвердзіла, што яна неабходная. Многія з тых дзяцей, што былі на майстар-класах, цяпер вучацца ў профільных ВНУ — і гэта, безумоўна, унёсак фестывалю. Падобныя мерапрыемствы з’яўляюцца штуршком да стварэння дзіцячых студый у Магілёве і іншых рэгіёнах краіны.

ІНДУСТРЫЯ МАГЧЫМАСЦЕЙ

Першапачаткова мы разглядаем анімацыю як від мастацтва, які неабходны і дарослым, і дзецям. Пры дапамозе такога роду творчасці чалавек пражывае пэўныя эпізоды і сцэнарыі, якія ў рэальнасці не існуюць. Цяпер у гэтай індустрыі дзве асноўныя катэгорыі: 2D-анімацыя і 3D-анімацыя. У першай ажыўляецца намаляваны мастаком персанаж, у другім — яго камп’ютарная праекцыя ў 3D.

Штогод сфера анімацыі здзіўляе новымі работамі і тэхналогіямі стварэння карцін. Сёння візуальны кантэнт літаральна акружае нас паўсюль, і ён будзе запатрабаваны ўсё больш і больш. Выраб фільмаў і мультфільмаў у студыях пастаўлены на паток, таму аніматараў у кіно і на тэлебачанні не хапае, прычым як у Беларусі, так і за мяжой.

Упершыню з кінематографам дзіця знаёміцца праз анімацыю. Менавіта мультфільм паказвае маленькаму чалавеку свет магчымасцей і фантазій, пашырае яго кругагляд і дапамагае развіваць уяўленне. Назіраючы за ўдасканаленнем камп’ютарных тэхналогій, мы можам выказаць здагадку аб неабмежаваных магчымасцях анімацыйнага мастацтва ў будучым, калі гледачу падораць адчуванне прысутнасці, паглыбляючы ў віртуальную рэальнасць.

Настасся ЮРКЕВІЧ