Мастацкі летапіс трагедыі

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны знаходзіцца нямала мастацкіх твораў, прысвечаных генацыду нашага народа. Падрабязней пра калекцыю расказала намеснік галоўнага захавальніка фондаў Рыма Рум.

— Яшчэ ішла Вялікая Айчынная вайна, а ўжо арганізоўвалі наш музей. Многія мастакі працавалі адмыслова для экспазіцыі, шырока адлюстроўвалі зверствы гітлераўцаў на акупаванай тэрыторыі. Творы на гэтую тэму прадстаўлены ў сучаснай экспазіцыі ў зале “Нацысцкі акупацыйны рэжым у Беларусі”. Гэта работы Сяргея Раманава пра лёс савецкіх ваеннапалонных, карціна Ібрагіма Гембіцкага “Душагубка” — адна з нешматлікіх выяў машын смерці, якія аўтар бачыў у акупаваным Мінску. Таксама з 1940-х гадоў дайшло палатно Івана Ахрэмчыка “Твар ворага”, што экспанавалася ў Траццякоўскай галерэі. Распрацоўвалася і тэма знішчаных населеных пунктаў. У якасці прыкладу можна прывесці работы Мікалая Гуціева і Мікалая Абрыньбы, прысвечаныя спаленай вёсцы Слабодка ў Полацка-Лепельскай партызанскай зоне. Мастакі працавалі, можна сказаць, па гарачых слядах: выехалі на месца трагічных падзей, зрабілі фотаздымкі і замалёўкі.

1950—1960-я гады — гэта перыяд зацішша. Магчыма, яно здарылася, бо людзі жылі ўжо новымі мірнымі эмоцыямі і не хацелі думаць пра вайну. У той час Лазар Ран стварыў серыю “Мінскае гета”. Вяртанне да цяжкай тэмы адбылося ў 1970-я. І адносіцца яно да плеяды такіх таленавітых мастакоў, як Георгій Паплаўскі (серыі “Памяць” і “Час доўгіх нажоў”), Васіль Шаранговіч (“Памяці вогненных вёсак”) і Міхаіл Савіцкі (“Лічбы на сэрцы”).