Insk і Мінск. Убачыць знаёмы горад быццам упершыню

Апублiкавана: 09 снежня 2022 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Кожны горад выклікае ўстойлівыя іконаграфічныя асацыяцыі — такія як Эйфелева вежа або Калізей. Ёсць яны, вядома, і ў Мінска: Верхні горад, Нацыянальная бібліятэка, праспект Незалежнасці, які ззяе ўсімі агнямі… Менавіта гэткага кшталту выявы зазвычай змяшчаюць на турыстычных буклетах. Іх дастаткова для беглага знаёмства, але ж замала, калі ты хочаш спасцігнуць горад глыбей, наладзіць з ім асабістыя адносіны. Такое памкненне непазбежнае, калі ў гэтым горадзе ты яшчэ і жывеш. Таму часам хочацца ператварыць Мінск у нейкі “Інск”. То-бок убачыць яго па-новаму і па-свойму — іначай, ніж усе твае папярэднікі.

Менавіта назву Іnsk мае выставачны фотапраект, які працуе ў Дзяржаўным мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура.

— У кожнага горада павінна быць сваё фатаграфічнае адлюстраванне, — кажа куратар выставы Уладзімір Парфянок. — І важна, каб яно было шматмерным ды разнастайным. На жаль, Мінску не надта шанцавала на тыя фотапраекты, якія б імкнуліся ўхапіць і адлюстраваць яго невідавочны genius loci. І таму захацелася адшукаць здымкі, аўтары якіх выяўлялі б сваё персанальнае ўспрыманне горада. Не проста прыгожыя выявы будынкаў або людзей, але нейкі ўласны погляд або асабістыя адносіны. І такія іншыя погляды на Мінск дазваляюць убачыць даўно знаёмы горад як быццам упершыню.

Уладзімір Парфянок

Невялічкая выстава з фондаў віртуальнай фотагалерэі “Нова”, завадатарам якой з’яўляецца супрацоўнік музея Заіра Азгура Уладзімір Парфянок, адлюстроўвае працы мінулых дзесяцігоддзяў — ад 1980-х і да нулявых. Хаця, па вялікім рахунку, гэта не надта істотна: прыкметныя маркеры часу на фота бадай адсутнічаюць. Прынамсі, у вочы не кідаюцца.

Як, дарэчы, і маркеры месца. Прыкладам, здымак такога мэтра, як Яўген Казюля, мог быць зроблены ў любым горадзе, у якім ёсць старыя камяніцы, падваротні, галубы — і ўсё гэта здатнае ўтвараць як быццам патаемныя пісьмёны. Праўда, у Мінску такія лакацыі давядзецца трохі пашукаць, збочыўшы з шырокіх праспектаў.

Або гэтае месца, наадварот, падкрэслена канкрэтнае — скажам, падобны да трафарэту архітэктурны элемент на вуліцы Мельнікайтэ, які фрагментуе рэчаіснасць, ператварае цэласную карціну ў аўтаномныя дэталі пазла. Фатографу Сяргею Грынкевічу ўдалося гэта ўбачыць — і сумясціць перспектывы.

Зрэшты, прынамсі адна праца з выставы прымушае згадаць, што фатаграфія дазваляе “замарозіць” і прастору, і рух часу. Трамвай, які едзе па спусцелай Кастрычніцкай на пятнаццацігадовай даўніны здымку Сяргея Ждановіча, заспеў гэтую вуліцу ў яе прамежкавым стане: ужо не прамысловая зона, але яшчэ не моднае тусовачнае месца.

З ліку прадстаўленых на выставе рарытэтаў — раннія здымкі Вадзіма Качана. Вядомы майстар, які сёння мае вывераную і пазнавальную стылістыку, зрабіў іх амаль сорак гадоў таму з акна машыны, на якой прыехаў у Мінск паступаць у інстытут. І ў гэтых фота не столькі майстэрства, колькі эмоцыі і адносіны.

Сяргей Ждановіч

Слова “оптыка” сёння ці не часцей выкарыстоўваецца як сінонім бачання і дастасоўваецца не да нейкіх прылад, а да зроку і ўспрымання. Ігар Саўчанка імкнецца засведчыць, што ў нечым гэтыя значэнні тоесныя. Падчас шпацыраў па Мінску ён выкарыстоўваў камеру, якая здымае наўпрост на фотапаперу, мінаючы стадыю негатыву. І таму кожны здымак атрымліваецца ўнікальным — як, зрэшты, і кожны момант, калі наш зрок дакранаецца да вонкавай рэчаіснасці.

Ветэран беларускага аўтарскага фота Генадзь Родзікаў выкарыстаў для падобнай мэты куды прасцейшы прыём: яго фота люднага прыпынку на Нямізе зробленыя праз тралейбуснае акно ў дажджлівы дзень. Оптыка скажаецца, звычайная карцінка становіцца расплывістай, няпэўнай і таму прывабнай.

Што наогул характэрна для аўтарскага фота, на выставе не раз актуалізуюцца апазіцыі “прыватнае і грамадскае”, “будзённае і параднае”. Бабулька, што сядзіць ля развешанай бялізны, мінімалістычнае хараство тэрмометра на акне… Зразумела, гэта ўсё — пра прывабнасць паўсядзённасці, прычым самай банальнай ды някідкай. Зрэшты, праект засведчыў, што і парадны від таксама можа быць нечаканым. Вольга Какшынская адшукала цікавы ракурс: статуі “брамы Мінска” на фоне надвячорнага неба. Цяжка паверыць, што гэта не Рым або Парыж. А паверыўшы, можна пераканацца: у гэтым горадзе ёсць не раўнуючы ўсё, варта толькі прыгледзецца.

Уладзімір Парфянок

Уладзімір Парфянок зрабіў франтальнае фота знаёмага ўсім Палаца прафсаюзаў (узору параднай архітэктуры найвышэйшага гатунку) праз арку на адваротным баку плошчы, паказаную з дваровага, непараднага боку. Шурпатасці на сценках адно дадаюць убачанаму цеплыні.

Цікава, ці будуць гэтыя зусім не новыя паводле часу стварэння працы цікавыя цяперашняй моладзі — тым, хто таксама вышуквае небанальныя ракурсы і парадаксальныя дэталі ды актыўна дзеліцца плёнам сваіх пошуках у сацсетках?

Здавалася б, гэта ўжо зусім іншае пакаленне. Ды і змянілася за прамінулы час вельмі багата: і сам горад, і фотатэхніка, і падыход да фота. Аднак здымкі, зробленыя дзесяцігоддзі таму пераважна на чорна-белую стужку, чамусьці не выглядаюць нейкім “лямпавым рэтра”. Яны цалкам захавалі актуальнасць і свежасць ды не губляюцца ў тым масіве выяў, які атачае нас сёння. Прычынай таму — выверанасць кадра, сэнсавая шматвымернасць і, вядома, аўтарскі погляд.

Гэтыя крытэрыі не старэюць. Таму прадстаўленыя на выставе фота могуць стаць добрым прыкладам і крыніцай натхнення для тых, хто здымае Мінск сёння.

А хто з нас, прызнайцеся, хаця б раз-пораз не здымае тое, што бачыць навокал у сваім родным горадзе?

Ілья СВІРЫН