Цікавінкі ад "Мастацтва"

Апублiкавана: 20 снежня 2022 Стужка Анонс Мінск

Аўтар: Аўтары

Неўзабаве пабачыць свет снежаньскі нумар часопіса “Мастацтва”. Што прапануе ён зацікаўленым сучаснымі тэндэнцыямі ў арт-сферы? 

■ Мастацтвазнаўца Барыс Крэпак працягвае даследаваць творчасць народнага мастака Уладзіміра Слабодчыкава, які “здолеў стварыць сваю мадэль «незнікальнай прыгажосці» і прымусіў нас верыць у яе невычарпальнасць”. 

■ Падзеяй у мастацкім жыцці стала V Рэспубліканскае трыенале дэкаратыўнай творчасці “Дэкарт-22”. На ім выстаўляліся і мастакі з абласных гарадоў, і студэнты розных ВНУ. Творы ўдзельнікаў трыенале — прадстаўнікоў разнастайных напрамкаў — аналізуе мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн. 

■ Рэцэнзіі на выставы мастака з Віцебска Аляксандра Слепава “Жывапіс. Скульптура” і скульптара з Магілёва Андрэя Вераб’ёва “Чалавек” прапануюць мастацтвазнаўцы Анастасія Папроцкая і Ларыса Фінкельштэйн. Агляд выставы гарадзенскага мастака Мікалая Бандарчука “Дыялог з часам” робіць Пётра Васілеўскі. 

■ Быць удзячным настаўніку — і быць тым Настаўнікам, якому ўдзячныя. Пра тое наша рубрыка “Згадалася”. Гэтым разам яе пастаянны аўтар Уладзімір Сцяпан дзеліцца ўспамінамі пра Леаніда Дубара. 

■ Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі святкуе 90-годдзе з дня заснавання. Яе гісторыя — неад’емная частка гісторыі культуры Беларусі. Яе гонар — выпускнікі і студэнты. Пацвярджэннем таму з’яўляюцца іх шматлікія перамогі на самых прэстыжных конкурсах, удзел у міжнародных творчых праектах і фестывалях. Музыказнаўца Вольга Царык расказвае пра ўдзел студэнтаў акадэміі ў адной з такіх знакавых падзей апошняга часу — 22-м фестывалі “Міжнародны тыдзень кансерваторый” у Санкт-Пецярбургу. 

■ “Пявучыя рукі… натхнёна акрылілі беларускую песню, каб кожны, хто хоць раз яе пачуе, ужо ніколі не змог забыць”, — піша Вольга Царык пра сапраўднага патрыярха беларускай песні, заслужанага дзеяча мастацтваў і народнага артыста БССР, народнага артыста СССР Рыгора Раманавіча Шырму. Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла, якую ён заснаваў у перадваенным 1940 годзе, і сёння вядзе актыўную канцэртную і гастрольную дзейнасць. Пра гэта, а таксама пра канцэртны праект “Спадчына”, што адбыўся ў вялікай канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі з нагоды 130-гадовага юбілею Рыгора Шырмы, чытайце ў снежаньскім нумары “Мастацтва”. 

■ “У Віцебску здзяйсняюцца самыя смелыя мары сучасных харэографаў”, — упэўненая Інэса Плескачэўская, якая наведала ХХХІІІ Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC) і прапануе чытачам яго агляд. 

■ У Бабруйску адбыўся VIII Рэспубліканскі фестываль беларускай драматургіі. Сваімі назіраннямі за нацыянальным тэатральным працэсам дзеліцца Надзея Бунцэвіч. 

■ Анастасія Васілевіч гутарыць пра творчую лабараторыю, прафесійны лёс і рэжысёраў з Надзеяй Цвятковай — актрысай Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, што плённа працуе не толькі на сцэне, але і з дзецьмі ў рамках праекта “Гуляем разам”, які сёлета распачаўся ў тэатры. 

■ Таксама ўвазе чытачоў — рэцэнзія Валянціна Пепяляева на прэм’ерны спектакль “Абдураны муж” паводле п’есы Жана-Батыста Мальера ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага. 

■ У гэтай установы — асаблівая місія: гаварыць з наведвальнікамі на мове кіно. Пра адметнасць Музея гісторыі беларускага кіно расказвае яго захавальнік Ігар Аўдзееў.

■ Кіно незалежнай Беларусі ў нумары прадстаўлена фільмам рэжысёра Ігара Волчака па сцэнарыі Аляксандра Зайцава “Мёд асы”. Далучайцеся да прыхільнікаў мастацтва, уступайце ў клуб экспертаў — выпісвайце часопіс “Мастацтва”.