"Канфрантацыя" без... канфрантацыі!

Наўрад ці хто будзе спрачацца з тым, што танец — адзін з самых відовішчных відаў мастацтва. А сучасны танец — гэта амаль заўсёды яшчэ і перформанс. Стварыць такі здольныя ўдзельнікі народнага харэаграфічнага ансамбля “Алеся” — на XXXIII Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі яны заваявалі дыплом I ступені. 

Калектыў быў заснаваны пры Магілёўскім вучылішчы культуры (цяпер Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў) у 1995 годзе, а ў 1996-м прыняў свайго першага ўдзельніка — Ігара Шувалава. Сёння ён з’яўляецца мастацкім кіраўніком ансамбля, які ўзначальвае ўжо 14 гадоў, выхоўваючы ў вучнях цікавасць да харэаграфіі, прынамсі да contemporary. 

Пра гэты стыль і свае дасягненні расказалі трэцякурснікі Іван Барысаў, Захар Пухоўскі і Яраслаў Клімаў, якіх ледзь удалося вырваць са шчыльнага графіка бясконцых трэніровак. 

УСЕ ШЛЯХІ ВЯДУЦЬ ДА ТАНЦА 

Хлопцы захапіліся танцамі ў раннім узросце. Напрыклад, Івана гэты від мастацтва прывабіў, калі яму было ўсяго тры гады. Маці, заўважыўшы здольнасці дзіцяці, аддала яго ў магілёўскую тэатр-студыю “Вясёлка”. Зрэшты, менавіта мамы адыгралі галоўную ролю ў станаўленні сыноў як артыстаў. Захар распавядае: 

— Амаль усе бацькі спрабуюць прывіць сваім дзецям любоў да творчасці, калі тыя яшчэ маленькія. Погляд маіх па чыстай выпадковасці лёг на танцавальны гурток, дзе я пачаў займацца. Потым скончыў Магілёўскую дзіцячую школу мастацтваў № 3 імя М. М. Салдатава. 

Падобная гісторыя адбылася і з Яраславам. Аказаўшыся ў адной музычнай школе, хлопцы пасябравалі. 

— Спачатку я хадзіў на заняткі неахвотна, не вельмі прываблівалі партэрная гімнастыка і класічны танец, — прызнаецца Яраслаў. — Але я дагэтуль памятаю, як педагог пахваліў мяне за здольнасць рабіць нават тое, што не падабаецца, хай і сціснуўшы зубы. Зубы расціснуліся праз два гады — і я пачаў атрымліваць ад танцаў неверагодную асалоду. 

ВАСІЛЬКОВЫ ЧАЙ. З ЛЮБОЎЮ 

Сяброўства Захара і Яраслава працягнулася ў харэаграфічным ансамблі “Васільковы чай” пад кіраўніцтвам Вольгі Жыгаравай. 

— Тое, што я патрапіў у прафесійнае асяроддзе, стала вялікім крокам наперад. Вольга Мікалаеўна дапамагла мне знайсці свой стыль, адкрыла ўва мне харызму, без якой немагчыма ззяць на сцэне. Дзякуючы настаўніцы я адчуў сапраўдную любоў да сваёй справы. Да гэтага часу з’яўляюся ўдзельнікам яе ансамбля і лічу, што мой прыход туды — адно з найлепшых рашэнняў у жыцці, — шчыра распавядае Яраслаў. 

Захар таксама з удзячнасцю згадвае, што менавіта праз “Васільковы чай” яны пазнаёміліся з Ігарам Шувалавым: 

— Ігар Мікалаевіч прыйшоў да нас у калектыў і паставіў нумар у стылі contemporary. Я памятаю, якое моцнае эмацыянальнае ўражанне выклікала ў мяне яго выступленне. І цяпер, стаўшы яго выхаванцам, разумею, што проста не мог не пранікнуцца гэтым танцам, не мог не палюбіць свабоду, адкрытасць кожнага жэста. 

СУЧАСНА! ГЭТА ЯК? 

Сontemporary— стыль, на які захварэлі хлопцы, заразіўшыся ім ад настаўніка. 

— Калі я быў студэнтам, мы займаліся ў асноўным народным і эстрадным танцамі, аднак час ідзе, і прыярытэты мяняюцца, — распавядае Ігар Шувалаў. — У contemporary адчуваецца вольны дух, ён увесь час падштурхоўвае да пошуку, дае свабоду думкам і пачуццям. Таксама мы працуем у стылі folk modern. Мне падаецца важным не забываць пра традыцыі, але выконваць іх сучасна, цікава і актуальна. 

Спецыяльнасць “Сучасны танец” перастала быць андэграўнднай, з’явілася ў розных установах адукацыі, аднак усё яшчэ выглядае чымсьці незвычайным і нязведаным. 

— Мне падабаецца лёгкасць, пластычнасць і непараўнальная арыгінальнасць contemporary dance. Гэты стыль заклікае зазірнуць у глыбіню сваёй душы, — захоплена разважае пра справу свайго жыцця Яраслаў. 

— А яшчэ ён дапамагае зразумець, на што здольнае маё цела, пазнаць яго лепш і пасябраваць з ім, — дапаўняе сябра Іван. 

З ПАХАМ БАЯВОГА МАСТАЦТВА 

Мастацкі кіраўнік народнага харэаграфічнага ансамбля “Алеся” адразу звярнуў увагу на таленавітых юнакоў і зрабіў разам з імі пастаноўку “Канфрантацыя”. Хлопцы ў мастацкім каледжы ўвогуле госці рэдкія. 

— Сёння яны ёсць, заўтра няма. Ну як не скарыстацца магчымасцю? — Жартуе Ігар Шувалаў, а потым ужо сур’ёзна дадае: — У мяне ў галаве нараджаецца ідэя таго, як павінен выглядаць праект, і я падбіраю хлопцаў па тыпажах і па здольнасцях. 

Хлопцы згадваюць складанасць рэпетыцый: нумар цяжкі для выканання не толькі ў плане “фізухі”, таксама “дыхалка” патрэбна добрая. Рэпетавалі кожны дзень па некалькі гадзін, а пасля працягвалі трэніроўкі ў пазаўрочны час. У танцы выкарыстоўваюцца прыёмы з розных баявых мастацтваў, якія вымагаюць ад кожнага выверанасці рухаў і сур’ёзнай падрыхтоўкі. 

Аднак усе намаганні не прайшлі дарма. З 23 па 27 лістапада ў Віцебску адбываўся XXXIII Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі. Ансамбль наведваў яго з 2011 года. Але выступленне з “Канфрантацыяй” стала самым удалым: дыплом I ступені, заваяваны упартай працай сёлетняга саставу, лічыцца асабліва каштоўным. 

ХОПІЦЬ МЕСЦА ПАД СОНЦАМ 

“Канфрантацыя” — пастаноўка аб праблеме дамінавання ў грамадстве. Кампазіцыя выглядае мінімалістычнай: на хлопцах чорныя майкі, шорты і шкарпэткі, ды і сцэна пустая, толькі пражэктары падсвятляюць тое, што на ёй адбываецца. А адбываецца магія! Юнакі то звіваюцца ў клубок, становячыся адзіным цэлым — змрочным і агрэсіўным, то разбягаюцца, і вылучаюцца іх унікальныя рысы. Атрымаўся незвычайны перформанс — за ўяўнай прастатой знешняга крыюцца глыбінныя сэнсы. 

— Гэта размова пра тое, як імкненне дамінаваць забівае ў людзях прыгожае. Пастаноўка паказвае, што нам не варта ўступаць адзін з адным у канфрантацыю. Усім знойдзецца месца пад сонцам — свет вялікі. У танцы я сфакусаваўся на лаканічнай пластыцы, на мужчынскай энергетыцы, — тлумачыць сваю ідэю мастацкі кіраўнік. 

Вучні чуйна злавілі эмоцыі, якія хацеў перадаць настаўнік, і сур’ёзна, зусім па-даросламу, інтэрпрэтуюць іх. 

— “Канфрантацыя” — пра барацьбу, пра бясконцую бітву. Са светам, з самім сабой. І зыход яе прадвызначаны і заўсёды сумны, — расказвае аб сумеснай працы Захар. 

Бярэ слова Іван: 

— Шчыра кажучы, танец — тое, без чаго я не магу ўявіць сваё жыццё. Дагэтуль здзiўляе, як любы рух, паварот галавы, рукі — усё становіцца перадатчыкам пачуццяў і эмоцый, пасланнем да гледача, да свету, а часам і да самога сябе. 

— Тут словы не патрэбныя, мы размаўляем з дапамогай цела, — ціха дадае Яраслаў. 

ДА СТРАТЫ ПУЛЬСУ 

Для кожнага танцора ўдзел у падобным фестывалі — гэта ў першую чаргу вопыт. Назіраючы за калегамі-канкурэнтамі, артысты развіваюцца і растуць у сваім майстэрстве. 

— Пасля спаборніцтваў заўсёды зараджаюся энергіяй, хачу рухацца наперад, працаваць да страты пульсу, — прызнаецца Іван. 

— Я першы раз удзельнічаў у фестывалі — і адразу першае месца! Не перадаць словамі, які я быў шчаслівы ў той момант! Гэта можна адчуць, толькі знаходзячыся там, толькі перажыўшы шматлікія рэпетыцыі, стомленасць, аддаўшы пастаноўцы ўсе сілы, — распавядае аб сваіх уражаннях Яраслаў. 

Аднак маладыя танцоры разумеюць, што ніколі нельга спыняцца. Іх наступная мэта — Гран-пры, і юнакі ўпэўненыя, што змогуць яго заваяваць. Яны павышаюць свой узровень, спрабуюць новае і не баяцца памыліцца. І для настаўніка, і для вучняў харэаграфія не проста набор рухаў. Для іх гэта спосаб падзяліцца сваімі эмоцыямі, данесці да гледачоў ідэю, прымусіць людзей задумацца над актуальнымі праблемамі сучаснасці, а яшчэ — спосаб існавання, без якога немагчыма жыць. 

Ксенія ЗАРЭЦКАЯ