Да вас едзе бібліобус

Апублiкавана: 29 снежня 2022 Нам пішуць Бібліятэкі Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

Нягледзячы на тое што сёння асноўнай крыніцай інфармацыі прынята лічыць інтэрнэт, роля кніжных скарбніц усё ж такі не змяняецца. Больш за тое, формы працы з наведвальнікамі і ўнутрыбібліятэчныя тэхналогіі ўдасканальваюцца. Для пашырэння функцыянальных магчымасцей сучаснай бібліятэкі выкарыстоўваецца перасоўная сістэма абслугоўвання чытачоў аддаленых вёсак — бібліобус. 

У 2009 годзе па нашым раёне пачаў ездзіць бібліобус Ашмянскай раённай бібліятэкі. Святлана Кавецкая стала першым супрацоўнікам, які асвоіў гэты новы і перспектыўны напрамак работы з вясковымі чытачамі. 

Пры падтрымцы калег Кацярыны Гарлуковіч, Алены Гушчы, Вольгі Швец, Ірыны Баркоўскай, Святланы Галінскай і Алены Дашчынскай прадумваліся маршруты бібліятэкі на колах, вывучаліся чытацкія патрэбы. 

Чарговыя пяць гадоў прысвяціла працы на бібліобусе Галіна Аніхоўская. Нельга не адзначыць і работу кіроўцаў Міхаіла Кавалёнка і Эдмунда Анюхоўскага, якія разам з бібліятэкарамі наладжвалі працэс абслугоўвання. Цяпер за стырном мабільнай кніжнай скарбніцы — Павел Гарлуковіч. 

Пачыналі з 5—6 вёсак, а сёння бібліятэка выязджае ў 50 населеных пунктаў па 14 маршрутах. 

Галіна Лагвіненка абслугоўвае 700 чытачоў і наведвае кожны населены пункт раз на месяц. Яна за многія гады работы вывучыла патрэбы людзей, загадзя падбірае літаратуру, таксама прывозіць выданні па замове. 

Вяскоўцы з нецярпеннем чакаюць кожны прыезд машыны з кнігамі. Бібліятэкар заўсёды падкажа захапляльны твор, падыме настрой, пацікавіцца жыццём. 

У нашых аддаленых вёсках жыве дастаткова людзей сярэдняга і нават маладога ўзросту, таму літаратура, якую прывозіць бібліобус, розная. Больш запатрабаваная мастацкая: жаночыя раманы, дэтэктывы, класіка. Папулярнасцю карыстаюцца часопісы “Гаспадыня”, “Кудесница”, “Планета”, “Сад, огород — кормилец и лекарь”, “Всё для женщины”, “Сваты”... Па замовах дастаўляюцца кнігі па тэхніцы, рукадзеллі, сельскай гаспадарцы. 

Чытачы зараней інфармуюцца пра прыезд бібліятэкі, графік друкуецца ў раённай газеце і размяшчаецца на сайце Ашмянскай раённай бібліятэкі. 

Алена ЯНКОЎСКАЯ, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі