Нягледзячы на тое што сёння асноўнай крыніцай інфармацыі прынята лічыць інтэрнэт, роля кніжных скарбніц усё ж такі не змяняецца. Больш за тое, формы працы з наведвальнікамі і ўнутрыбібліятэчныя тэхналогіі ўдасканальваюцца. Для пашырэння функцыянальных магчымасцей сучаснай бібліятэкі выкарыстоўваецца перасоўная сістэма абслугоўвання чытачоў аддаленых вёсак — бібліобус.
У 2009 годзе па нашым раёне пачаў ездзіць бібліобус Ашмянскай раённай бібліятэкі. Святлана Кавецкая стала першым супрацоўнікам, які асвоіў гэты новы і перспектыўны напрамак работы з вясковымі чытачамі.
Пры падтрымцы калег Кацярыны Гарлуковіч, Алены Гушчы, Вольгі Швец, Ірыны Баркоўскай, Святланы Галінскай і Алены Дашчынскай прадумваліся маршруты бібліятэкі на колах, вывучаліся чытацкія патрэбы.
Чарговыя пяць гадоў прысвяціла працы на бібліобусе Галіна Аніхоўская. Нельга не адзначыць і работу кіроўцаў Міхаіла Кавалёнка і Эдмунда Анюхоўскага, якія разам з бібліятэкарамі наладжвалі працэс абслугоўвання. Цяпер за стырном мабільнай кніжнай скарбніцы — Павел Гарлуковіч.
Пачыналі з 5—6 вёсак, а сёння бібліятэка выязджае ў 50 населеных пунктаў па 14 маршрутах.
Галіна Лагвіненка абслугоўвае 700 чытачоў і наведвае кожны населены пункт раз на месяц. Яна за многія гады работы вывучыла патрэбы людзей, загадзя падбірае літаратуру, таксама прывозіць выданні па замове.
Вяскоўцы з нецярпеннем чакаюць кожны прыезд машыны з кнігамі. Бібліятэкар заўсёды падкажа захапляльны твор, падыме настрой, пацікавіцца жыццём.
У нашых аддаленых вёсках жыве дастаткова людзей сярэдняга і нават маладога ўзросту, таму літаратура, якую прывозіць бібліобус, розная. Больш запатрабаваная мастацкая: жаночыя раманы, дэтэктывы, класіка. Папулярнасцю карыстаюцца часопісы “Гаспадыня”, “Кудесница”, “Планета”, “Сад, огород — кормилец и лекарь”, “Всё для женщины”, “Сваты”... Па замовах дастаўляюцца кнігі па тэхніцы, рукадзеллі, сельскай гаспадарцы.
Чытачы зараней інфармуюцца пра прыезд бібліятэкі, графік друкуецца ў раённай газеце і размяшчаецца на сайце Ашмянскай раённай бібліятэкі.
Алена ЯНКОЎСКАЯ, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі