Акадэмія: мінулае і рух наперад

Апублiкавана: 29 снежня 2022 Стужка Музыка Мінск Суботнія сустрэчы

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

На гэтым тыдні буйной Міжнароднай навуковай канферэнцыяй, чарадой штодзённых канцэртаў, уключаючы філарманічны 9 снежня, і шэрагам іншых значных мерапрыемстваў напярэдадні адзначыла сваё 90-годдзе Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі. У Год гістарычнай памяці хочацца дакрануцца да самага пачатку дзейнасці гэтай папраўдзе ўнікальнай у нашай краіне вышэйшай навучальнай установы. Некаторыя таямніцы раскрыла адна з найстарэйшых выкладчыц — кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Радаслава АЛАДАВА, чый бацька, знакаміты кампазітар Мікалай Аладаў, у свой час узначальваў кансерваторыю (менавіта так раней называлі Акадэмію музыкі). 

— Радаслава Мікалаеўна, днямі мінула паўстагоддзя, як ваш бацька пайшоў з жыцця. Мікалай Ільіч выкладаў у тагачаснай кансерваторыі з дня яе адкрыцця ў 1932-м, стаў адным з заснавальнікаў айчыннай кампазітарскай школы. Ён расказваў вам пра тыя гады? 

— Наша сям’я жыла татавымі ўспамінамі, ужо ў дзяцінстве я шмат яго распытвала, разглядала старыя фота, а ў дзесяць гадоў нават закахалася ў нейкага прафесара— зразумела, па фотаздымку. Кансерваторыя заўсёды была для мяне чымсьці завоблачным, нябесным. Я бывала ў ёй літаральна з маленства, глядзела ўсе спектаклі опернай студыі, зладжаныя студэнтамі. Так што для мяне гэта сапраўды дом родны. Адчуванне, што я і працавала тут усе гэтыя 90 гадоў. Тыя ж 1930-я для мяне не проста мінуўшчына, а папраўдзе жывы час. Можа, яшчэ і таму, што акурат да юбілею я шмат працавала з архівамі, знайшла шмат раней не скарыстаных дакументаў, якія праліваюць святло на першыя крокі гэтай навучальнай установы. 

— А вось адсюль больш падрабязна, калі ласка. 

— Адна з асаблівасцей была ў тым, што сярэдняе і вышэйшае звёны музычнай адукацыі існавалі ў своеасаблівым сімбіёзе. 

Ра­дас­ла­ва Ала­да­ва на­ра­дзі­ла­ся 11 лю­та­га 1945 го­да ў Мін­ску. Скон­чы­ла Бе­ла­рус­кую дзяр­жаў­ную кан­сер­ва­то­рыю імя А. Лу­на­чар­ска­га па кла­се Л. Му­ха­рын­скай (1968), аспі­ран­ту­ру Ле­нін­град­скай дзяр­жаў­най кан­сер­ва­то­рыі імя М. Рым­ска­га-Кор­са­ка­ва па кла­се А.Дзміт­ры­ева (1971). З та­го ча­су вы­кла­дае ў Бе­ла­рус­кай дзяр­жаў­най ака­дэ­міі му­зы­кі — бо­льш за 50 га­доў.

— Так, цяперашні будынак акадэміі ўзнік толькі ў 1958-м, спачатку яна месцілася ў адным памяшканні з музычным тэхнікумам. 

— Больш за тое, рэарганізацыя сярэдняга ўзроўню навучання ў вышэйшы, які забяспечвала кансерваторыя, спачатку планавалася паступовай, ужо з 1929 года, бо першы выпуск тэхнікума быў у 1928-м. Прапаноўвалі спярша адны спецыяльнасці давесці да вышэйшай адукацыі, за імі іншыя — і так у рэшце рэшт ахапіць усе. Ды пастанова аб заснаванні кансерваторыі на базе тэхнікума выйшла толькі ў кастрычніку 1932 года, і прыём ажыццяўляць пачалі з лістапада. Скласці ўвесь кантынгент студэнтаў атрымалася не адразу. Спачатку набралі 40 чалавек замест неабходных 85-ці. Жадаючых вучыцца хапала, ды далёка не ўсе змаглі вытрымаць іспыты, таму быў аб’яўлены дадатковы набор. І не толькі! У будынку былога пачатковага вучылішча па вуліцы Кірава знаходзіліся згаданыя вамі кансерваторыя, тэхнікум, а таксама аддзяленне юных талентаў (цяперашняя Рэспубліканская гімназія-каледж пры Акадэміі музыкі) і яшчэ курсы для працоўных, што былі скіраваны на павышэнне ўзроўню самадзейнасці і карысталіся неверагодным попытам. Патрапіць на тыя курсы хацелі ажно 600 чалавек, а прыняць змаглі толькі 75. Бо ўсе гэтыя чатыры навучальныя ўстановы змяшчаліся ўсяго ў 24-х пакоях! Таму класы былі распісаны з сямі раніцы да гадзіны ночы, уключаючы нядзелю. Такі вось расклад заняткаў! Да таго ж усе згаданыя ўстановы мелі адну на ўсіх адміністрацыю, агульнае справаводства. Чым не сучасная аптымізацыя? Педагогі, вядома, таксама выкладалі свае дысцыпліны для розных узроўняў падрыхтоўкі, іх навучэнцы і студэнты разам удзельнічалі ў канцэртах. Пры ўсіх складанасцях гэта забяспечвала большую, чым калісьці, пераемнасць традыцый. Увогуле, традыцыі ў мастацтве — гэта святое, без іх няма і не можа быць нічога. Таму я так адстойваю вяртанне нашай акадэміі яе былой назвы — кансерваторыя. Гучыць папраўдзе высока і неяк таямніча. Некаторыя, пачуўшы слова “кансерваторыя”, адразу перапытваюць: а што гэта такое? 

— Маўляў, няўжо выраб нейкай “кансерваванай” прадукцыі? Але ж назву змянілі ў 1990-я, калі даведаліся, што на Захадзе кансерваторыямі называюць не толькі вышэйшыя, але і пачатковыя музычныя навучальныя ўстановы. Таму і змянілі, каб не было блытаніны. 

— Але ж мы не на Захадзе! І ў нас ёсць свае традыцыі, пераемныя з рускай акадэмічнай музыкай і яе выкладаннем. Звярніце ўвагу: ні ў Маскве, ні ў СанктПецярбургу ад назвы “кансерваторыя” не адмовіліся. Таму і нам трэба вярнуць ранейшае найменне. Тым больш што наша кансерваторыя заўжды арыентавалася на рускія школы — кампазітарскую, музыказнаўчую, выканальніцкія. Выкладчыкі менавіта адтуль прыязджалі — і часцяком заставаліся тут назаўжды. 

— Да прыкладу, як ваш бацька, ураджэнец Пецярбурга, што завітаў у Мінск з Масквы, дзе ўжо і беларускі фальклор даследаваў, і першыя рамансы на вершы Янкі Купалы напісаў (у рускамоўным перакладзе). 

— Ён прыехаў сюды яшчэ ў 1924-м, калі адкрыўся музычны тэхнікум, потым выкладаў у кансерваторыі таксама. І ўвесь час клапаціўся пра запрашэнне ў Беларусь найлепшых расійскіх дзеячаў культуры. Так, ён вярнуў да нас Лідзію Мухарынскую — этнамузыколага, гісторыка музыкі, крытыка і публіцыста, пра якую можна сказаць, перафразаваўшы афарызм Дастаеўскага, што ўсе мы выйшлі з яе “шыняля”. Лідзія Саўлаўна, памяці якой штогод увесну ладзяцца міжнародныя навуковыя чытанні, працавала тут з 1939-га. Прайшла усю вайну — медсястрой, пасля выкладала ў Маскве, Горкім (Ніжнім Ноўгарадзе), а мой бацька вярнуў яе назад. Ён расказваў, што неяк прыехаў у Маскву, спыніўся ў свайго брата, паклікаў Мухарынскую. Да азначанага часу яны прыйшлі, а брат дзесьці затрымаўся, кватэра аказалася замкнёнай. Дык яны селі на шостым паверсе на прыступкі — і там на лесвіцы ўсё вырашылі, пра ўсё дамовіліся. 

— Вельмі дэмакратычна! Я так разумею, той дэмакратызм і вам перадаўся. Бо ваш улюбёны зварот літаральна да кожнага студэнта — “душа мая”. Гэткае спалучэнне дэмакратызму з прыроджанай інтэлігентнасцю, нават з некаторай адсылкай да шляхетнай мінуўшчыны. 

— Сапраўды, бацька быў з дваранскага роду: вельмі інтэлігентны чалавек, да ўсіх звяртаўся выключна на “вы”. Увогуле ў той час у выкладчыкаў са студэнтамі былі, можна сказаць, сямейныя стасункі. І справа не толькі ў індывідуальных занятках, якія пры навучанні музыцы перабольшваюць. У 1935 годзе, да прыкладу, на 90 студэнтаў прыходзілася 68 педагогаў. Пры такім раскладзе выкладчыкі станавіліся другімі бацькамі, дый паміж студэнтамі была тая ж сямейнасць. Кампазітар Васіль Залатароў (а сёлета споўнілася 150 гадоў з дня яго народзінаў) апошнія гады жыцця правёў у Маскве — і ўсе пісалі яму лісты, дзяліліся навінамі. Такія ўзаемаадносіны захоўваліся і надалей. Я вучылася ў 1960-я, але, памятаю, калі на першым курсе захварэла, мяне прыйшлі наведаць дзяўчаты нават з трэцяга — як гэткія старэйшыя сястрычкі. 

— Вы нічога не ідэалізуеце? Я пра даваенныя часы. Бо першы кансерваторскі выпуск прыпаў на сумна вядомы 1937-ы год. 

— Так, было ўсялякае. І бацька пра гэта распавядаў, і я дакументы знаходзіла ў архівах. Бацькаў сябра Юліян Дрэйзін (менавіта ён выступіў лібрэтыстам оперы “Тарас на Парнасе”) заўжды быў для мяне загадкавай фігурай. Я ўжо яго не застала, але гэта быў папраўдзе ўнікальны чалавек — выдатны музыказнаўца, музычны крытык, перакладчык, педагог. Ведаў безліч моў, рабіў пераклады опер, рамансаў, старажытнагрэчаскіх п’ес на беларускую. І ствараў цудоўныя эпіграмы — як і мой бацька, што вылучаўся дасціпнасцю. Але ў 1935 годзе Дрэйзіна звольнілі... Між тым той перыяд быў часам неверагоднага ўздыму энтузіязму. Стала модным праводзіць сацыялістычнае спаборніцтва, і выкладчыкі бралі на сябе павышаныя абавязкі — напрыклад, правесці не менш як па два дадатковыя заняткі для адстаючых. Ці ў кампазітараў (я нават выпісала сабе гэту фразу) — “напісаць шэраг масавых песень для абслугоўвання масава-палітычных кампаній”. Праз дакументы да нас даходзіць гісторыя. А праз выкладчыкаў і бацькоў фарміруецца наша стаўленне да ўсяго, ажыццяўляецца сувязь пакаленняў, неабходная для далейшага развіцця. Памятаць мінулае і рухацца наперад — вечная формула жыцця. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ