Гісторыя аднаго па

Pas (па, з французскай — крок, танцавальная форма) — тэрмін, якому розныя слоўнікі даюць розныя азначэнні, але найбольш шырока яго трактуе энцыклапедыя “Балет”: “ 1. Асобны выразны рух. 2. Танец у балеце. 3. Шматчасткавая форма класічнага балета…” У народнай творчасці па — крок як аснова руху, выразны пластычны элемент народнай харэаграфіі, форма харэаграфічнай аўтэнтыкі (арнаментальныя, іправізацыйныя, ілюстрацыйна-выяўленчыя танцы); разнажанравыя танцы з захаваннем мясцовых стыляў — “імённыя”, полькі, кадрылі і іншыя. 

Гэтак выбудоўваліся аўтарскія сацыякультурныя і этнавыхаваўчыя праекты: апрабацыя ідэй асобна на адным вясковым фальклорным калектыве (Мётчанская сярэдняя школа, Барысаўскі раён, з 1986 г.) і ўкараненне ў практыку на рэспубліканскім узроўні (рэгіёны Беларусі), падсумаванне — традыцыйныя заключныя імпрэзы ў адным з рэгіянальных культурных цэнтраў. 

НЕ НА АСФАЛЬЦЕ 

Сярод рэспубліканскіх форумаў народнай і сучаснай творчасці яскрава вылучаўся фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” (ладзіцца з 1998 года) — адзіны ў краіне шматузроўневы доўгатэрміновы праект “Традыцыйная культура і дзеці Беларусі”, які пастаянна развіваецца і з’яўляецца сістэмным і комплексным. Вызначальным мае быць і тое, што фестываль грунтуецца на прынцыпах: выяўленне, аднаўленне, вывучэнне, даследаванне, трансляцыя, распаўсюджванне і папулярызацыя найперш каранёвых формаў традыцыйнай культуры нашага народа. І прынцыпова важна: заключныя імпрэзы ладзяцца не на “асфальце вялікага горада”, а ў натуральных умовах бытавання вясковага фальклору. Месцам правядзення стала славутая Рудабельшчына. Усе клопаты браў на сябе аддзел культуры Акцябрскага райвыканкама на чале з неардынарным кіраўніком Святланай Беразоўскай. Амаль чвэрць стагоддзя яна з’яўлялася галоўным дырэктарам фестывалю. 

Рэалізоўваць ідэю з прапанаванай канцэпцыяй (мы адразу высока ўзнялі мастацкую планку) часам было праблематычна, асабліва спачатку (справа новая, не ўсім зразумелая). Для вырашэння пытанняў калі-нікалі звяртаўся напрасткі да Тадэвуша Стружэцкага, які ў той час працаваў у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. 

Падтрымка Тадэвушам Іванавічам “Берагіні” на розных этапах яе сцвярджэння і развіцця заўсёды была дзейснай (асабліва тады, калі стаяла пытанне: “Быць ці не быць?”). А прыезд гэтага дзеяча культуры на фестываль заўжды ўздымаў прэстыж мерапрыемстваў. Разам з Т. І. Стружэцкім форум наведвалі член Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO Анатоль Бутэвіч і галоўны рэдактар “Краязнаўчай газеты”, старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, які аднойчы сказаў: “Яна, «Берагіня», нарадзілася, каб не знікла повязь пакаленняў, вякоў і тысячагоддзяў беларускай народнай культуры, каб яе дасягненні не зніклі ў чадзе і брудзе новага тысячагоддзя, яго «культурнага феномена»”. 

НЕ ПРОСТА АКЦЫЯ 

Стружэцкі бачыў “Берагіню” не як разавую абстрактную акцыю на аднудзве гадзіны і не як дывертысмент вялікага эстраднага шоу, а як эксклюзіўную сістэму этнавыхавання дзяцей і моладзі нашай краіны сродкамі розных відаў і жанраў традыцыйнага мастацтва, фарміравання нацыянальнай самасвядомасці асобы. І гэтую ісціну можна было неаднойчы чуць з яго вуснаў на розных выступленнях перад грамадскасцю, на афіцыйных сустрэчах з работнікамі культуры, падчас гутарак з прадстаўнікамі СМІ. 

Дык “Берагіня” — гэта што? Са слоў Тадэвуша Іванавіча — нацыянальны брэнд Беларусі! Стружэцкі таксама бачыў у фестывалі магчымасць творчых стасункаў навукоўцаў і практыкаў, экспертаў і лідараў фальклорных калектываў; сустрэч з вядомымі на Беларусі культуролагамі, этнамузыколагамі, фалькларыстамі, этнолагамі, харэографамі, майстрамі народных музычных інструментаў, цудоўнымі выканаўцамі народных песень… 

НЕ ТОЛЬКІ КУЛЬТУРНЫ МЕНЕДЖАР...

І за ўсім гэтым бачны не просты ўдзел (што вельмі важна!) Стружэцкага як культурнага менеджара ў мерапрыемствах (колькасць іх проста зашкальвала), а найперш пошук магчымасцей практычнай дапамогі справе, калектыву, асобе. Нават своечасовае віншаванне сябра, калегі, кіраўніка ўстановы культуры ці калектыву з днём народзінаў (а ў памяці Тадэвуша Іванавіча — сотні прозвішчаў і імёнаў) характарызуе дзеяча як чалавека абавязковага, удзячнага, неардынарнага. 

Дзелавыя прафесійныя сустрэчы з Т. І. Стружэцкім у міністэрскіх кабінетах, а сёння — у Беларускім фондзе культуры завяршаюцца каскадам ідэй і прапаноў, напрыклад: правядзенне творчых вечарын, прысвечаных знаным асобам, падрыхтоўка і выданне энцыклапедычнага збору з рабочай назвай “100 асоб у галіне беларускай культуры”. Гэта і арганізацыя да ці пасля заключных імпрэз форуму шырокафарматных канцэртаў “Фестывальная «Берагіня» ў Мінску” ды шмат чаго яшчэ — цікавага і патрэбнага. 

І тое, што Тадэвуш Іванавіч на маім творчым шляху з’явіўся ў патрэбны час як дарадца, аднадумца, добры суразмоўца, іншым разам і апанент, у немалой ступені стала прычынай нараджэння нацыянальнага фестывальнага фальклорнага руху “Берагіня”, якому папярэднічалі аўтарскія праекты: “Беларуская полька” (Чачэршчына), “Палескі карагод” (Брэстчына), “Пярэзвы” (Магілёўшчына). Таксама гэта садзейнічала вяртанню з генетычнай памяці ў практыку пластычных элементаў (хадоў трасухі, дробнай полькі, соўгалкі, з падгопам і іншых), якія вызначаюць беларускую адметнасць у свеце народнай харэаграфіі. 

Я дзякую Вам, шаноўны Тадэвуш Іванавіч, за ўсё зробленае і за тое, што яшчэ ператворыцца ў жыццё. Жадаю, каб кожнае pas Вашай шматграннай дзейнасці было не толькі асобным прыгожым рухам, але і суцэльнай формай усёабдымнай любові і павагі да Роднай Зямлі, Роднай Культуры! 

Мікола КОЗЕНКА