Кінапракат у чаканні фартуны?

Апублiкавана: 06 студзеня 2023 Кiно Кіно Мінск Соцыум

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Лёс беларускага кінапракату стаў падобным да сюжэта драмы, дзе галоўнаму герою даводзіцца сабраць волю ў кулак, пераадолець мноства перашкод — і вярнуць прыхільнасць… наведвальнікаў. Каб не быць галаслоўнымі, мы выправіліся ў сталічны кінатэатр “Кастрычнік”, што паблізу рэдакцыі. 

Днём там заўважылі ўсяго некалькіх чалавек, якія чакалі паказу мультфільма. У білетнай касе невялікую колькасць наведвальнікаў пракаментавалі проста: “Яшчэ не вечар…” І сапраўды, перад апошнім сеансам карціна змянілася. Напрыклад, у кінатэатры “Беларусь” на галівудскі баявік пра супергерояў раскупілі палову квіткоў. Ды ўсё ж залы за¬ стаюцца паўпустымі. “К” вырашыла разабрацца: ці не пандэмія каранавіруса, а затым і санкцыі гэтак паўплывалі на зборы айчынных кінатэатраў? І што дапаможа выправіць сітуацыю? 

КУПІЦЬ ДВА КВІТКІ, КАБ СЕАНС АДБЫЎСЯ 

Аб’ём расійскага кінапракату дасягнуў мінімальных паказчыкаў. Заканамернасці, актуальныя ў суседзяў, дзейнічаюць і ў Беларусі. Гэтая залежнасць тлумачыцца проста: агучка і адаптацыя фільма для лакальнага рынку — дарагое задавальненне, і айчынны бізнес, заснаваны на паказе кінакарцін, лiчыць за лепшае запускаць на экраны прадукт, ужо падрыхтаваны расійскімі дыстрыб’ютарамі. Правы на паказы таксама ў асноўным набываюцца ў партнёраў. Таму калі, напрыклад, у Маскве адмянілі рэлізы галівудскіх карцін, збяднелі і афішы беларускіх кінатэатраў. Як да гэтага ставіцца наш глядач? 

Распавядае Уладзіслаў Баравік — заўсёднік мінскіх кінатэатраў: 

— Адкрыўшы сайты білетных аператараў, я занепакоіўся. Хаця і засталося шмат забаўляльнага кіно, пераважна расійскай вытворчасці, знайсці нешта, каб “зачапіла”, складана. Нельга сказаць, што ўсё заблакавана і да нас нічога не даходзіць, бо мне ўдалося паглядзець некалькі яркіх карцін, але гэта вялікая рэдкасць. Парадавала рашэнне, якое знайшоў сталічны кінатэатр “Піянер”: былі наладжаны паказы работ Інгмара Бергмана. Успомніць класіку сусветнага кінематографа — чым не выйсце з цяперашняй сітуацыі? 

Акрамя таго, у пракат патрапілі годныя фільмы з апошняга Канскага фестывалю. Што мяне здзівіла — амаль пустыя залы. На вячэрнім сеансе ў выхадны ледзь сабралася чатыры чалавекі. Я нават думаў, што давядзецца купіць два квіткi, каб паказ адбыўся. Гэта дзіўна, бо мы скардзімся на бедны рэпертуар, але калі “перлінкі” ўсё ж знаходзяцца — залы пустуюць. Магчыма, людзі прыходзілі адзiн-два разы ў любімы кінатэатр і разумелі, што глядзець няма чаго, і зусім забыліся на такую цудоўную традыцыю. 

А ДЗЕ НАША КІНО? 

Здавалася б, сёння ў кінатэатрах пракат замежных фільмаў абмежаваны, і ніша пустуе. Чаму б не запоўніць яе айчыннымі фільмамі? Вы скажаце, што беларускае можа не сабраць залы, але ўспомнім прыклад Уладзіслава: стужкі з міжнародных фестываляў таксама глядзяць неахвотна. Верагодна, у такі пераломны момант падтрымка роднага кінематографа і стане ключыкам да выратавання? 

Меркаваннем падзялілася кінакрытык Людміла Перагудава: 

— Доўгі час мы знаходзіліся ў цэнтры кінематаграфічнага працэсу. Праз аб’ектыўныя прычыны — пандэмію, санкцыі ў тым ліку — узніклі пытанні з навінкамі. Але няма ліха без дабра: нашы айчынныя кінематаграфісты атрымліваюць магчымасць паказваць свае творы. Больш за тое, ёсць шанц убачыць стужкі, пра якія не ведаюць нават тыя, хто называе сябе знаўцамі. Нашы гледачы больш знаёмыя з фільмамі краін-суседак ці далёкага замежжа. 

Кінатэатр прыцягвае гледачоў асаблівай атмасферай, якаснымі выявай і гукам, магіяй вялікага экрана і эмоцыямі, якія дае толькі поўная зала, няхай гэта будзе сямейны выхад або рамантычнае спатканне.

Такая сітуацыя падштурхоўвае пагартаць летапіс нацыянальнага кінематографа, якому праз два гады споўніцца 100. Выдатная нагода звярнуцца да айчыннага залатога фонду. Мноства малавядомых і недаацэненых дыяментаў тоіцца ў яго нетрах. Як чалавек, што ведае беларускае кіно, магу запэўніць: зрабіць адкрыцці ў нашых архівах кіна-, фота-, фанатэк рэальна. Калі разабраць залатыя калекцыі і падысці да гэтага творча, то можна атрымаць сур’ёзныя ўрокі грамадзянскага выхавання і мастацкага густу. Апытайце гледачоў, якія лічаць сябе не проста аматарамі, а прафесіяналамі: што ўваходзіць у іх рэйтынг айчыннага кіно? Шмат хто прыгадае фільмы, на якіх вучыліся нават галівудскія рэжысёры. Вядомы факт: Спілберг, перш чым прыступіць да працы над аскараноснай карцінай “Спіс Шындлера”, уважліва азнаёміўся з нашай стужкай “Ідзі і глядзі” і менавіта ў гукарэжысёра Віктара Морса вучыўся выкарыстоўваць гук у кіно. 

МЕНЮ ПАМЯНЯЛАСЯ НА “ПОСНАЕ” 

У цяперашніх абставінах нельга дзейнічаць па стандарце: атрымалі галівудскую навінку з гатовай фірменнай рэкламай — і не турбуемся. Бо глядач прызвычаiўся да штотыднёвага абнаўлення, а тут у адзін момант меню памянялася на “поснае”. Але ж і такія “стравы” можна зрабіць вельмі смачнымі. Шмат чаго залежыць ад работнікаў пракату і ад творчага падыходу да сістэмы паказаў. Немагчыма спасылацца толькі на эканоміку і лічбы. Трэба прыгадаць, што кінатэатр = кіно + тэатр. Мы начыста забыліся на тэатральную сістэму. А між тым сінематограф — гэта яшчэ і ўстановы культуры, куды прыходзяць не проста паесці папкорн і пацалавацца з дзяўчынай на апошнім радзе. 

Разважаннямі пра цяперашні стан беларускага пракату падзялілася першы намеснік генеральнага дырэктара сеткі кінатэатраў “КіноМінска” Вольга Дзюльдзя

— Рэпертуарная сетка фарміруецца з даступных прапаноў праваўладальнікаў. Нашы гледачы любяць кіно ў яго разнастайнасці, і мы заўсёды імкнёмся даць наведвальнікам выбар. Традыцыйна ў нас прысутнічаюць фільмы для сямейнай аўдыторыі, камедыі, сваiх аматараў знаходзяць трылеры і фільмы жахаў. Асобныя пляцоўкі пастаянна працуюць з незалежнымі фестывальнымі праектамі і з класікай сусветнага кінамастацтва — падобны фармат ужо які раз даказвае сваю жыццяздольнасць. 

Сёння кінатэатр прыцягвае гледачоў асаблівай атмасферай, якаснымі выявай і гукам, магіяй вялікага экрана і эмоцыямі, якія дае толькі наведванне кінатэатра — няхай гэта будзе сямейны выхад або рамантычнае спатканне. Завітаць у кінабар, паслухаць выступленне крытыка перад сеансам, набыць білеты на апошні рад — у кожнага наведвальніка свае рытуалы, i наша задача — прапанаваць шырокі выбар паслуг і забяспечыць камфортныя ўмовы. Таксама сёлета мы сталі больш актыўна працаваць з арганізаваным гледачом, напрыклад, сумесна з Камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама запусцілі праект “100 кінаўрокаў для школьнікаў”. 

У 2023-м спадзяёмся паказаць самыя гучныя і чаканыя сусветныя прэм’еры. Першым фільмам у новым годзе стане “Аперацыя «Фартуна»: Мастацтва перамагаць”, далей плануем выпусціць анімацыйную стужку “Дзівосны Морыс”. На люты заяўленыя новыя прыгоды вядомых сяброў — “Астэрыкс і Абелікс: Паднябесная”. Таксама ў планах — паказ расійскай навінкі “Халоп 2”. 

І ДОМА МОЖНА ПАГЛЯДЗЕЦЬ 

Яшчэ адной аб’ектыўнай прычынай адсутнасці гледачоў у кіназалах з’яўляецца актыўнае развіццё стрымінгавых сэрвісаў у інтэрнэце. Спачатку людзі баяліся наведваць грамадскія месцы праз рызыку падхапіць хваробу, зараз жахаюцца ад думкі марна патраціць час і расчаравацца з-за беднасці рэпертуару. Хуткасць і даступнасць узялі верх над магіяй моманту, калі па вялікай зале пракатваецца хваля захопленых уздыхаў ад нечаканага сюжэтнага павароту. Але кінапракат не намерваецца здавацца і імкнецца прыцягваць розную аўдыторыю, паказваючы запісы вядомых драматычных спектакляў, балетаў і опер. Ці да густу гэта аматарам мейнстрыму? 

Цяпер у Беларусі можна назіраць пазітыўныя тэндэнцыі, бо паступова ў кінатэатры вяртаюцца і сусветныя прэм’еры, і наведвальнікі. Кіно не перастае выконваць асноўныя функцыі: адукоўваць, забаўляць, хваляваць і натхняць прыхільнікаў. Спрагназаваць, калі аб’ёмы паказаў вернуцца да ранейшых лічбаў, складана. Але зразумела адно: наш кінематограф і пракат у пэўнай ступені абавязаны гледачу цярпеннем — надышоў час аддаваць даўгi. 

Настасся ЮРКЕВІЧ