Ненаўмысныя парадоксы Родзіна. Згадкі пра чалавека, якога мне будзе вельмі неставаць

Апублiкавана: 09 студзеня 2023 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск

Аўтар: СВІРЫН Ілья

У ноч на 19 снежня на 76-м годзе жыцця нас пакінуў мастак Алесь Родзін. Алеся Родзіна ніколі не было замнога. На фоне сваіх вялізных фантасмагарычных карцін ён нават візуальна нібы губляўся. Цяжка паверыць, што ўсе гэтыя касмічныя навальніцы спарадзіў інтэлігентны хударлявы чалавек з трохі загадкавай ветлай усмешкай. Заўсёды спакойны, рахманы… Ніколі ніякага пазёрства або фанабэрыі — нават калі, здавалася б, былі належныя падставы. 

Мабыць, да ўсяго на свеце (уключаючы жыццё і смерць — не кажучы ўжо пра грошы ды зямную славу) ён ставіўся па-філасофску, флегматычна. З той самай загадкавай усмешкай. 

Пра яго карціны, пэўна, і казаць няма чаго: яны цалкам самадастатковыя. Іх трэба бачыць, занурвацца ў іх з галавой, трапляючы ў шматслойны вір разнастайных вобразаў і энергій, сінхранізавацца з імі па меры сваіх магчымасцей. Зразумела, што Родзін — найперш менавіта ў іх. І — праз іх дыялагічнасць, адкрытасць да інтэрпрэтацый — для кожнага ён будзе свой. Наўрад ці хто аспрэчыць, што ў гісторыі беларускага мастацтва гэтыя творы застануцца і будуць успрымацца як ні з чым не параўнальны феномен. 

АНАХАРЭТ У КОЛЕ СЯБРОЎ 

Алесь Родзін літаральна сатканы з парадоксаў — пры ўсёй сваёй унутранай цэласнасці, што таксама парадаксальна. Ён быў анахарэтам, аточаным сябрынай. Заўсёдным “нефармалам”, які, аднак, не адпрэчваў акадэмічную руціну. У адной з апошніх гутарак спадар Алесь прызнаўся, што некалі гадамі маляваў выключна пейзажы — каб зразумець, як выбудоўваецца прастора на карціне, і, ужо засвоіўшы гэтыя навыкі, пайсці сваім шляхам. 

Яго творы — касмапалітычныя паводле сваёй праблематыкі, але пры гэтым вельмі беларускія. У калейдаскопе вобразаў вока выхоплівае то Мірскі замак, то Сынкавіцкую царкву, то сядзібу ў Грушаўцы, для папулярызацыі якой мастак прыклаў столькі намаганняў. Як ён сам казаў, для яго гэта своеасаблівыя “месцы сілы”. 

Любіў балет і класічную музыку — але па ім ніколі не скажаш, зважаючы хаця б на “панкаўскі” выгляд. 

Здавалася б, паміж ім і цяперашнім прагматычным часам — неадольная прорва. Але ж нейкім дзівосным чынам яму ўдалося лёгка пракладаць праз яе масткі ды знаходзіць агульную мову з прадстаўнікамі ўсіх пакаленняў — людзьмі ўзростам недзе ад 20 да 85 — ды яшчэ і самага рознага сацыяльнага статусу. 

Родзін быў сканцэнтраваны на ўласнай творчасці (іначай проста не здолеў бы так шмат зрабіць). Але ж пры гэтым не меў заганнай і ўласцівай многім звычкі факусаваць свой зрок толькі наўпрост перад сабою, пакідаючы без увагі ўсіх, хто наўзбоч. 

Нават цяжка сабе ўявіць, каб спадар Алесь кагосьці ганіў — нават цішком, за вочы, — або выказваў крыўду, не гаворачы ўжо пра зайздрасць. 

Непасрэдных вучняў у Родзіна не было, але пры гэтым ён здолеў паўплываць на мноства іншых творцаў самых розных пакаленняў, відаў і жанраў. Прычым не стылістыкай або творчымі манерамі, але самім падыходам да творчасці — а ў нечым таксама і да жыцця. 

Ды ніколі не прэтэндаваў на ролю настаўніка або лідара — хаця менавіта вакол гэтай асобы канцэнтраваліся незлічоныя фэсты і творчыя авантуры. Аднак Родзін заўсёды лічыў за лепшае растварыцца ў працэсе. 

Ніхто ніколі не пералічыць, колькі карыснага ён зрабіў іншым! Бо рабіў ён гэта цішком, згодна з евангельскім прынцыпам. Хаця варта было бачыць, як ён жыў у тым “Тахелесе”… Але гэта яго свядомы выбар, пра які — пазней. 

Родзін не ведаў, што такое рабіць кар’еру, і ніколі не адваёўваў у іншых “месца пад сонцам”. Можа, менавіта таму гэтага месца яму заўсёды хапала. Немаведама скуль — нібы ён іх магнітам прыцягваў — на даляглядзе несупынна з’яўляліся імпэтныя людзі, якія прапаноўвалі новыя цікавыя праекты. Мастак лёгка пагаджаўся на самыя розныя — будзь то выстава ў шчучынскім Доме культуры або экспазіцыя на шматтысячным рэйве на закінутай вайсковай базе ў Германіі. І ахвотна цягнуў за сабою цэлую плойму творчых сяброў. 

СТВАРЫЦЬ СІТУАЦЫЮ 

Не раз даводзілася назіраць за рэакцыяй на карціны Родзіна ў берлінскім арт-цэнтры “Тахелес”, куды яго аднойчы занесла нейкім спрыяльным ветрам і галоўнай адметнасцю якога ён у выніку стаў. Трэба прызнаць, што наведвала гэтае месца не адмысловая музейная публіка, а звычайныя разявакі-турысты. Іх перадусім вабіла экзотыка, не параўнальная ні з чым атмасфера контркультурнага вэрхалу, а не якіясьці тонкія матэрыі ды аўтарскія інтэнцыі.

Пра Родзіна амаль ніхто з іх папярэдне не ведаў, і кантакт з яго творамі зазвычай быў нязмушаны, бадай выпадковы. 

Аднак, дабраўшыся да пятага паверха, які спрэс займалі карціны Родзіна, размаітыя з выгляду выхадцы ці не з усіх кантынентаў “заліпалі” там надоўга. Бывала, гадзінамі праседжвалі ля адной карціны. 

Родзін не толькі акліматызаваўся ў “Тахелесе” — тым шалёным “Вулеі” свайго часу, дзе не кожны пагадзіўся б правесці нават суткі, — але асеў у ім на доўгія гады. Жыў там і маляваў. Ды несупынна, зранку да позняй ночы, стасаваўся з наведвальнікамі, лік якіх за суткі часам перавышаў тысячу. 

Пасля таго, калі ўсё гэта знікла, чалавек, які прызвычаіўся быць у цэнтры ўвагі, здавалася б, мусіў перажыць моцны псіхалагічны шок. Але Родзіна такія выкрунтасы лёсу не маглі збіць з панталыку. 

Ды што рабіць далей? Варыянтаў было два: упісацца ў заходні арт-рынак, маючы ўжо добрае рэнамэ, альбо… 

— У той час мяне па розных мясцінах у Германіі вазілі, — распавядаў спадар Алесь.— Замкі там, палацы… Маўляў, сядзі тут у нас, малюй на здароўе, а мы ўсё табе забяспечым. Ды, ведаеш, не маё… У нас жа нават прырода іншая. 

Мастак вярнуўся на радзіму, у сваю сціплую майстэрню на Нямізе. І неўзабаве тая самая атмасфера “Тахелеса” пачала ўтварацца ўжо вакол яго — у розных артлофтах, якія адзін за адным з’яўляліся ў былых цэхах мінскіх заводаў. Як ён сам казаў, трэба стварыць сітуацыю. 

А яшчэ спадар Алесь ахвотна ўдзельнічаў у пленэрах, якія ладзіліся ў закінутых сядзібах, ездзіў з выставамі па малых гарадах... То-бок ствараў сітуацыю на самых розных франтах. У меру сваіх сціплых сіл. Лішне нават казаць, што ўсё гэта абсалютна бескарысліва. 

АСКЕТЫЗМ ДЗЕЛЯ ГАЛОЎНАЙ МЭТЫ 

У творчых колах хадзілі чуткі, нібы Родзін адмовіўся прадаваць свае творы нават за вельмі вялікія грошы: у Маскве яшчэ ў 90-я нейкі банкір хацеў купіць усю яго выставу ў ЦДМ. “Паразважаўшы, я зразумеў, што грошы мне могуць нашкодзіць”, — патлумачыў ён потым. 

Спартанскі лад жыцця стаў ягоным свядомым выбарам — прыблізна так, як манах выбірае ўбоства. 

Што адметна, ён нікому не навязваў сваё крэда і пагатоў нікога ні ў чым не папракаў. Проста жыў так, як лічыў патрэбным, надаючы першае месца творчасці — і будучы ад гэтага па-свойму шчаслівым. 

“Калі працую, дык суну ў рот усё, да чаго магу дацягнуцца рукой. Часам людзі мне потым тлумачаць, што я з’еў нешта зусім для гэтага непрыдатнае, нават таго не заўважыўшы”, — адказаў Алесь Родзін на правакацыйнае пытанне журналістаў “К” пра сваю ўлюбёную страву ў гутарцы пяцігадовай даўніны. 

Магу засведчыць, што неяк так яно ўсё і было. 

Аскетызм дазваляў мастаку паўсячасна захоўваць бадзёрасць духу. А вось на цела ён, на жаль, паўплываў фатальна, урэшце скараціўшы час зямнога жыцця… Адсюль і мараль: за харчаваннем трэба сачыць нават геніям. 

* * * 

Так, яго карціны, без сумневу, застануцца. У іх будуць няспешна ўглядацца многія пакаленні— і кожны па-свойму. А вось спадара Алеся і мне, і многім-многім іншым людзям будзе вельмі неставаць.

Ды, зірнуўшы падчас развітання на спустошанае без духу цела, я яшчэ болей паверыў, што цяпер яму адкрыўся новы досвед, не сувымерны ні з чым папярэднім, — а да новага ён увесь час быў адкрыты… І ўявіў яго гэтую загадкавую філасофскую ўсмешку. 

Ілья СВІРЫН 

Фота Сержука СТУЖКІ