Па­лёт да ма­ры, або Ка­хан­не пад ку­па­лам

Дзяўчына лунае ў паветры, гуляе з ім, скарае яго. Не,гэта не фея і не чараўніца, а гімнастка Ганна Кузняцова. Нядаўна яна ўразіла журы Міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва, які праходзіў у В’етнаме. Артыстка прадстаўляла не толькі свой калектыў — мазырскі цэнтр “Арэна”, але і краіну: Ганну абралі адзінай удзельніцай з Беларусі. Надзеі дзяўчына апраўдала — вярнулася дадому з бронзавым медалём. 

МАСТАК, ВЕТЭРЫНАР, АРТЫСТ 

Гераіня не адразу знайшла сваю справу. Ганна з дзяцінства захаплялася маляваннем, скончыла мастацкую школу. Любіла жывёл, і бацькі былі перакананыя, што дачка пойдзе вучыцца на ветэрынара. Аднак у 2006 годзе ў Мазыры адкрылася студыя цыркавога мастацтва “Арэна”. Чатырнаццацігадовая дзяўчынка, якая не мела ніякага вопыту, з першага дня стала ўдзельніцай калектыву і ніколі надоўга яго не пакідала. 

— Аднойчы ў маленстве я ўбачыла, як выступаюць паветраныя гімнасты, і мара рабіць тое ж, што яны, засела недзе ўнутры. Толькі з’явілася магчымасць, і жаданне ўсплыло, — смяецца Ганна.

У цыркавой студыі ўсё зусім не так, як у музычных ці мастацкіх школах. Няма пэўнай устаноўкі, колькі гадоў трэба вучыцца, але заснавальнікі “Арэны” — Барыс і Марыя Кузняцовы — зрабілі ўсё, каб, дасягнуўшы працаздольнага ўзросту, выхаванцы калектыву маглі стаць паўнавартаснымі артыстамі. 

Бацькі спачатку вельмі турбаваліся пра будучыню дачкі. Усё ж цырк — гэта не ветлякарня. 

— Нарэшце тата прыняў мой выбар, а мама доўгі час была супраць. Лічыла, гэта проста мімалётнае захапленне. Не магла паверыць, што прафесія цыркавога артыста можа быць сур’ёзнай, — дзеліцца набалелым гераіня. 

ВУЧАНІЦА — НАСТАЎНІЦА 

Мама Ганны настойвала: належыць атрымаць “нармальную” адукацыю, і дзяўчына скончыла Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна. Аднак ад цырка адмовіцца не здолела — і стала трэнерам у роднай студыі. 

— Адукацыя вельмі мне дапамагае. Праца з дзецьмі патрабуе развітых педагагічных навыкаў. Я разумею, як прывіць хлопчыкам і дзяўчынкам цікавасць, але пры гэтым прывучыць да дысцыпліны,— распавядае маладая настаўніца. 

Дзякуючы ўпартай працы кіраўнікоў, “Арэна” з часам набыла статус цэнтра цыркавога мастацтва. Сярод артыстаў, якія прыносяць калектыву ўзнагароды, і Ганна Кузняцова. З 2008-га дзяўчына ўдзельнічае ў міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, двойчы станавілася лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Восенню разам з калектывам паехала на X Міжнародны фестываль харэаграфіі “Сожскі карагод” у Гомелі. Дамоў студыя “Арэна” прывезла дыплом II ступені ў намінацыі “Цыркавое мастацтва”. 

ГРАВІТАЦЫЯ І ГРАЦЫЯ 

Паветраная гімнастыка — гэта майстэрства пастаяннага пераадолення. Трэба змагацца з гравітацыяй, з целам, з сабой. Нельга спыняцца, бо толькі штодзённыя заняткі дапамогуць заставацца ў форме, развіваць гнуткасць, расцяжку, уменне працаваць з інвентаром.

— Перыядычна даводзіцца прытрымлівацца дыеты, таму што нумары патрабуюць грацыі і прыгажосці, — дзеліцца сакрэтам Ганна. 

Насамрэч, калі глядзіш на выступленні нашай гераіні пад купалам — дыханне замірае і калоціцца сэрца. Дзяўчына сапраўды лунае ў паветры, і ад падзення артыстку ўтрымлівае толькі кальцо — такое ж тонкае, як і яна сама. Але з часам страх сыходзіць і застаецца толькі захапленне: няўжо чалавек навучыўся лётаць? 

Хаця менавіта кальцо — асноўны інструмент Ганны, яна выдатна валодае хулахупам, выступае з канатаходцамі, удзельнічала ў групавых і парных акрабатычных нумарах, выконвала вальтыш. 

З БЕЛАРУСКАЙ ЗІМЫ Ў В’ЕТНАМСКАЕ ЛЕТА 

Пра фестываль у Ханоі Ганна даведалася з “ноты” ад Міністэрства культуры Беларусі. Артыстка падала заяўку — і была абраная для ўдзелу ў конкурсе. 

— Я адчувала груз адказнасці на плячах, таму што прадстаўляла краіну. Разумела: трэба выкласціся на поўную. Шанца на памылку ў мяне проста не было, — распавядае гераіня. 

Падарожжа ў невядомую дзяржаву ў поўнай адзіноце — авантура, аднак да гасцей з Беларусі ў В’етнаме ставіліся з павагай і клопатам. Ганну сустрэлі ў аэрапорце, прыставілі перакладчыка, дапамагалі ў камунікацыі з мясцовымі: 

— Мне трапляліся толькі добрыя людзі, якія імкнуліся зрабіць ваяж максімальна камфортным. 

Фестываль быў напоўнены яркімі фарбамі і нумарамі дзіўнай прыгажосці. Конкурсная праграма падабралася сур’ёзная. Кожны ўдзельнік — прэтэндэнт на перамогу. 

— Я бачыла выступленні розных калектываў. Цікава паглядзець, як развіваецца цыркавое мастацтва ў іншых краінах — прычым далёкіх ад нас і геаграфічна, і культурна, — падсумоўвае тыднёвую паездку ў В’етнам Ганна. 

Міжнародны цыркавы фестываль праходзіў у Ханоі з 1 па 10 снежня. Арганізатар — Міністэрства культуры, спорту і турызму В’етнама. Спаборніцтва праводзіцца раз на тры гады. Сёлета ў конкурсе ўдзельнічала больш за 100 артыстаў з Канады, Лаоса, Камбоджы, Егіпта, В’етнама і Беларусі.

Дзяўчына перакананая, што ўдзельнічаць у міжнародных конкурсах — азначае набірацца вопыту. Можа быць страшна, гэта вялікі стрэс, але яркія эмоцыі, уражанні і новыя веды кампенсуюць усё з лішкам. 

ГІМНАСТКА Ў ПАВЕТРАНЫМ КАЛЬЦЫ 

Так называецца нумар, з якім наша гераіня паехала ў азіяцкую дзяржаву. Яго артыстка паказвае ўжо некалькі гадоў. Аднак двух аднолькавых выступленняў не бывае. Тэхніка выканання пастаянна ўдасканальваецца, абнаўляюцца пастаноўка, касцюмы. І кальцо, і трукі з першага выступлення зведалі істотныя змены. 

— У мяне былі невялікія адпачынкі ад цыркавога мастацтва. Напрыклад, праз нараджэнне дзіцяці. Зрэшты, ужо двума месяцамі пазней я зноў выступала. Нешта цягне мяне ў паветра, менавіта да кальца, і я не магу гэтаму пярэчыць, — прызнаецца Ганна. 

Для яе нумар — амаль танец. Выступленні сумяшчаюць палёт пачуццяў і старанна вывераныя трукі. Кожны рух павінен быць адпрацаваны так, каб не засталося ні адной думкі пра яго складанасць. Толькі калі артыст здолее дайсці ў тэхніцы выканання да ідэалу, ён можа па-сапраўднаму заваражыць гледачоў. 

— Я пражываю эмоцыі і дзялюся імі з публікай. Вышыня захапляе мяне, і я паглыбляюся ва ўласную прастору, зліваюся з музыкай. Калі выходжу на паклон, аддаўшы ўсю энергію зале, а мне пляскаюць... Дзеля гэтага адчування я працягваю вяртацца ў паветра, да кальца, — распавядае дзяўчына. 

СПАДЧЫНА І НАШЧАДКІ

Цяпер студыя “Арэна” рыхтуецца да навагодняга тэатральна-цыркавога шоу “Сакрэты чароўнага лесу”. Наша гераіня таксама ўдзельнічае ў гэтым выступленні. А яшчэ падчас імпрэзы ўпершыню з’явіцца на сцэне пяцігадовы сын Ганны. Артыстка закахалася ў чалавека сваёй прафесіі, яны згулялі вяселле, і цяпер муж — рэжысёр цыркавой студыі — ставіць нумары для жонкі, а дзіця назірае за рэпетыцыямі. 

— Нагледзеўшыся на нас, сын таксама захацеў выпрабаваць сябе. І хай роля невялікая, ён ужо адчувае сваю значнасць, ужо пранікаецца асаблівай магіяй выступленняў, — усміхаецца дзяўчына. 

Ганна перакананая, што цыркавое мастацтва — не з простых. І ад дзяцей, і ад дарослых яно патрабуе поўнай самааддачы, мэтанакіраванасці і пастаяннага жадання большага. Цыркавы артыст — той, хто здольны суцешыць, развесяліць і захапіць гледача ў самыя цяжкія жыццёвыя моманты. І ўзнагарода за гэта — захопленыя ўздыхі, звонкі смех, апладысменты — спадчына, якая застаецца з выступоўцам назаўжды. Таму што ён скарае не толькі арэну, але і чалавечыя сэрцы. 

Ксенія ЗАРЭЦКАЯ