БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ КАЛЯНДАР. ЛЮТЫ

Апублiкавана: 10 студзеня 2023 Каляндар не указан Мінск

Аўтар: Аўтары

Народны каляндар — гэта сістэма зафіксаваных у фальклоры свят, ігрышчаў, абрадавых звычаяў, прысвяткаў, працоўных дзён, якая адлюстроўвае прыроднахраналагічныя веды беларусаў. Асобныя старадаўнія прыкметы надвор’я, звязаныя з пэўнымі датамі, цяпер ужо страцілі актуальнасць, некаторыя звычаі засталіся толькі ў гістарычнай памяці, іншыя ж актыўна бытуюць і сёння. Сістэматызаваны беларускі народны каляндар з яго велікодна-валачобнымі песнямі, што ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць прысвяткі і святы, ёсць нацыянальным шэдэўрам і фенаменальнай з’явай сусветнай нематэрыяльнай культуры. Акрамя таго, валачобныя песні, што выконваліся на Вялікдзень, даўнейшы Новы год, — гэта своеасаблівае паэтычнае кола жыцця.

 

У народным календары на 2023-і прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, прымаўкамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні, якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. Зорачкай (*) вылучаны святы рухомай царкоўнай пасхаліі, што не маюць сталага месца ў годзе.

Умоўныя абазначэнні: п — панядзелак, а — аўторак, с — серада, ч — чацвер, пт — пятніца, сб — субота, н — нядзеля. Астранамічныя звесткі, пададзеныя ў тэксце, адносяцца да Мінска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў можна прачытаць у кнігах “Беларускі народны каляндар” (Мінск, 1993, 2002) і іншых.

 

1. с. Ігнат. “На Святога Ігната зіма багата”. 

2. ч. Грамніцы, Стрэчанне. “Калі на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, то на Юр’я наесца вол травіцы”, “Грамніца — хлебу палавіца”. 

5. пт. Агата. Каровіна свята. “Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты”. 

6. п. Дарота. “Па Дароце высахнуць хусты на плоце”. Паўзіміца Аксіння. “На Аксінні мяце”, “Які дзень на Аксінню, такая будзе і вясна”. 

11. сб. Ігнат. “Ігнат Грамніцам рад”. 

12. н. Стрэчанскія Дзяды. 

13. п. Пачатак *Памінальнага, Дзедавага тыдня. 

14. а. Валянцін. Свята закаханых. Трыфан. “На Трыфана зорна  — вясна позняя”. 

15. с. Грамніцы, Стрэчанне. “Зіма з летам сустракалася, пра здароўейка пыталася”, “На Грамніцы палавіна зіміцы”. 

17. пт. *Дзедава пятніца. 

18. сб. Агата. Каровіна свята. *Памінальніца. Канец Памінальнага тыдня. Калі “вея” ў нядзелю, то авёс трэба сеяць на 9-м тыдні, калі ў панядзелак — то на 8-м, калі ў сераду ці чацвер — то пакідалі “дзесяцінкі дзве”. 

20. п. *Рабы тыдзень, Вясельніца, Развітальны, Сырапусны, Масленічны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Які добры дзень на Масленым тыдні, у той дзень ад Ільі сеялі лён. Дзяўчаты вешалі “калодкі” нежанатым хлопцам. *Дзень сустрэчы на Масленым тыдні. 21. а. *Залвіцыны вячоркі. 

22. с. *Серада Папяльцовая (пачатак Вялікага посту ў католікаў, да 08.04). *Лысая серада. На ўзгорках з’яўляюцца “праталіны-залысіны”. 

23. ч. *Блакітны чацвер. Тумановы дзень. *Крывы, Тлусты чацвер, Валосы, Валосся. Свята жывёлы. “На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі”. 

24. пт. Мацей. “На Мацея дарога пацее”, “На Мацея адліга — будзе мароз”. Улассе, Аўлас. Свята жывёлы. “Аўлас на сыры лас”, “Ты, Улас, Улас, ты найміся ў нас скату пасцівіць”. *Цешчыны вечары. 

25. сб. *Масленыя Дзяды (Бабы). “Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі”. 

26. н. *Масленіца. “Масленіца ў «вятху» (пасля поўні)  — дзяржы пшаніцу ў мяху, сей пшаніцу на ўсю руку”. *Развітальны, або Дараваны, дзень. *Гуканне вясны. “Блаславі, божа, зіму замыкаці, вясну загукаці”. На Палессі вадзілі карагоды, “спявалі чырачку”, насілі елку з вянком. Фаціння. Заступніца ад хвароб (ліхаманкі, трасцы і інш.). 

27. п. *Паласказуб. Першы дзень Вялікага посту (да 15.04). Паласкалі зубы гарэлкаю (у час посту больш не пілі).