У Давыд-Гарадку правядуць рэгіянальнае свята зімовых абрадаў "Конікі". Стаць часткай старажытнага абраду можна будзе 13 студзеня.
Да "Конікаў" мясцовыя жыхары пачынаюць рыхтавацца загадзя, шукаюць або майструюць арыгінальныя маскі і касцюмы. А ў дзень правядзення на вуліцах горада можна сустрэць пераапранутых "дзеда", "бабу", "цыганку", "мядзведзя" і іншых спрадвечных і сучасных персанажаў. Цэнтральная ж фігура абраду – конь з вершнікам.
Акрамя гэтага, на цэнтральнай плошчы горада будуць працаваць гандлёвыя рады, атракцыёны, для дзяцей арганізуюць гульнявую праграму. Удзел у мерапрыемствах будуць прымаць прадстаўнікі розных прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў адукацыі, а таксама творчыя калектывы. Самае ж цікавае пачнецца ў 21.00, калі на парад збяруцца "Конікі".