Як адрозніць Дзеда Мароза ад Санта-Клауса?

Апублiкавана: 27 снежня 2022 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: ЧАРНЯКЕВІЧ Юрый

На наступным тыдні пачынаюцца зімовыя канікулы, што працягнуцца ажно да праваслаўнага Раства. Школьнікі змогуць адпачыць ад заняткаў і правесці святы ў дружным сямейным коле ці побач з сябрамі. У любым выпадку ў дзяцей з’явіцца досыць вольнага часу, каб наведаць самыя розныя ўстановы культуры ў сваіх гарадах. Як дазналася “К”, многія музеі Беларусі загадзя падрыхтаваліся да падобных візітаў і на вакацыях плануюць зладзіць цікавыя мерапрыемствы. 

У ГОСЦІ ДА ЗЮЗІ

Дзе сустрэцца з Зюзем, як не на прыродзе? Менавіта такое спатканне прапаноўвае школьнікам падчас зімовых канікул Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. І, да слова, гэта не адзіны варыянт адпачынку ва ўстанове. 

— Мы якраз пачынаем калядную праграму “У гасцях у Зюзі”, што будзе дзейнічаць усе вакацыі, — кажа дырэктар музея і даўні сябар “К” Эдуард Багдановіч. — Таксама ў нас пройдуць майстар-класы па вырабе навагодніх ёлачных упрыгожванняў, конкурсы па лепцы снежных фігур, катанне на драўляных санках з горкі ды многае іншае. 

Экскурсія “Прыгоды ў краіне Зюзі” разлічана на вучняў з першага па шосты клас. Наведвальнікі апынуцца ў казцы разам з таямнічай Зяляркай, падумаюць над заблытанымі пытаннямі Цмока, дапамогуць вярнуць Зюзю яго зімовую сілу, заключаную ў посаху, які скрала злая Баба Яга. А Зюзя за гэта пачастуе гарбатай і запросіць гасцей паўдзельнічаць у традыцыйных гульнях. Яшчэ ў музеі арганізуюць мерапрыемства “Каляды” для групы з 25 чалавек. Падчас дзеі можна даведацца пра галоўныя сімвалы свята, стаць часткаю абраду “Калядоўшчыкі”, павадзіць казу і мядзведзя, праспяваць пад беларускую дуду адмысловыя песні, паваражыць на будучыню з Зяляркай ды паспрабаваць традыцыйную святочную страву — куццю. 

НА“КАЛЯДЫ Ў МАСТАЦКІМ”! 

Дзе чароўнае і магічнае — там творчае і натхняльнае. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь сёння, 24 снежня, запрашае дзяцей на мерапрыемства “Каляды ў Мастацкім”. У 12 гадзін — канцэрт “Спеўнай майстэрні Дар’і Зуевай”, які можна паслухаць у выставачных залах экспазіцыі “Жаночы род” па кошце ўваходнага квітка. А ў 15.00 распачнуцца імпрэзы для малодшых гасцей. 

— У рамках “Каляд у Мастацкім” дзецям раскажуць пра традыцыі святкавання Новага года і Раства, зладзяць майстар-класы па пляценні павука з саломкі, — кажа спецыяліст па маркетынгу ўстановы культуры Лізавета Шкет. — Таксама адбудзецца інтэрактыўны квэст. 

Акрамя таго, 29 снежня для дзяцей запланаваны канцэрт “Барока і фальклор на Каляды” ад хору з Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а яшчэ ў гэты дзень у Мастацкім адбудзецца інтэрактыўная праграма для школьнікаў “Таямніцы Новага года”, напрыканцы якой кожны з наведвальнікаў паспрабуе зрабіць з кардону цацку. 3 студзеня, па словах Лізаветы Шкет, у музеі зладзяць навагодні занятак “Усё самае цікавае пра фарфор”, падчас якога дзяўчынкам і хлопчыкам распавядуць пра вырабы з гэтага матэрыялу, пакажуць найбольш цікавыя прадметы, а таксама прапануюць усім ахвотнікам распісаць талерку. 

ЧЭК-ЛІСТ — КОЖНАМУ! 

У Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі таксама падрыхтаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў. 

— Напрыклад, днямі ў нас адкрылася выстава “Чароўныя імгненні Раства”, — гаворыць загадчыца сектара маркетынгу Наталля Станкевіч. — Экспазіцыя расказвае, як і калі зарадзілася традыцыя адзначаць гэтае свята, як яго спраўляюць каталікі, праваслаўныя і пратэстанты. Яшчэ падчас экскурсіі дзецям распавядуць, калі і чаму пачалі ўпрыгожваць ялінкі, чым адрозніваецца Дзед Мароз ад Санта-Клауса ды многае іншае. Візуалізуюць і раскрыюць тэму экспанаты, сярод якіх ёсць іконы XVIII— XX стагоддзяў, старажытныя кнігі, ёлачныя цацкі, паштоўкі. 

Па словах Наталлі Станкевіч, праект будзе адрознівацца ад тых, што рабілі ва ўстанове раней. Галоўная фішка экспазіцыі — чэк-ліст па стварэнні каляднага настрою. 

— Кожны, хто прыйдзе на выставу, не проста даведаецца новае пра Раство, але і адчуе чароўную атмасферу свята, — кажа суразмоўца. — На касе мы кожнаму выдаём чэк-ліст па стварэнні каляднага настрою і прапануем адразу ж зверыцца з пералікам. У незвычайны дакумент уваходзіць некалькі пунктаў: уключыць святочную музыку, прайсці адмысловы тэст, упрыгожыць ялінку, зрабіць сэлфі з маскамі на фоне лясной прыгажуні ды іншае. 

А 27 снежня і 8 студзеня для дзяцей ад 6 да 12 гадоў і бацькоў у Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі арганізуюць сапраўдную прыгоду. 

— “У палацы на Замкавай рыхтуюць калядны баль. Прыходзьце, вам будуць рады!” — менавіта так выглядаюць запрашэнні, якія хутка разашлюць жыхарам горада, — раскрывае таямніцы дзеі Наталля Станкевіч. — Але, здаецца, гэта ўсцешыць не ўсіх. Напрыклад, персанаж Яўстафій Мураўёў, у адрозненне ад сястры Разаліі і гасцей, лічыць, што баляванні — пустая трата часу і грошай. Мы прапануем дзецям і падлеткам дапамагчы няшчаснаму пану паверыць, што Раство — выдатнае свята. Таму школьнікам трэба будзе пазнаёміцца з каляднымі традыцыямі, зрабіць ёлачную цацку сваімі рукамі, упрыгожыць ялінку, а яшчэ сабраць батлейку, прайсці квэст і адшукаць падарункі. 

НЕЗВЫЧАЙНЫЯ ЎРОКІ 

Чакаюць зімовых канікул і ў раённых установах культуры. Напрыклад, у Музеі бітвы за Дняпро, што на Лоеўшчыне ў Гомельскай вобласці, акцэнт зрабілі на занятках. 

— Для школьнікаў мы падрыхтавалі адмысловы ўрок “Як праходзіць Новы год у розных краінах свету”, — расказала выконваючая абавязкі дырэктара і галоўны захавальнік фондаў установы Таццяна Кавурава. — Таксама для дзяўчынак і хлопчыкаў 28 снежня адбудуцца музейныя заняткі “Маленькія трагедыі маёй сям’і”. 

Падчас згаданых заняткаў, як адзначае Таццяна Кавурава, навучэнцам распавядуць пра мірных жыхароў, якія сталі сведкамі і ахвярамі вайны. У аснову сустрэч леглі матэрыялы па Лоеўскім раёне Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых, апублікаваныя даследаванні, дакументы з музейных збораў, успаміны відавочцаў і тых, чыя маленькая сямейная трагедыя сталася часткай вялікага гора, што здарылася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 

— Акрамя таго, на школьных канікулах у нас можна паглядзець дзею, якую прапаноўвае батлеечны тэатр, — кажа Таццяна Кавурава. — Будзем паказваць усім ахвотнікам пастаноўку “Салдат і чорт” сіламі як саміх музейшчыкаў, так і супрацоўнікаў раённай бібліятэкі. 

СЛУШНАЯ ПАРАДА 

Як бачна, музеі Беларусі падрыхтаваліся, каб школьнікі правялі зімовыя канікулы з карысцю. Вядома, пашыраць кругагляд заўсёды можна ў любой установе культуры. Але ж музейшчыкі краіны тут дапамагаюць, пэўна, больш за многіх калег па сферы. Таму на цяперашніх вакацыях раім пайсці ў музей усёй сям’ёй. Гарантуем, што ніхто з дзяцей і дарослых пра гэта не пашкадуе, а навагоднія святы стануць сапраўды незвычайнымі і чароўнымі, ды і запомняцца назаўжды. 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ 

Ілюстрацыі з сайтаў музеяў Беларусі