Сэлфі са склерозам

Апублiкавана: 18 студзеня 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Спектакль з ачалавечаным Склерозам у якасці дзейнай асобы, неадрыўнай ад 88-гадовай жанчыны, з’явіўся ў Гомельскім абласным драмтэатры ў красавіку, а 30 снежня — у Нацыянальным акадэмічным імя М. Горкага. 

П’еса “Сэлфі са склерозам” была напісана сучасным украінскім пісьменнікам і драматургам Аляксандрам Валадарскім усяго 6—7 гадоў таму, але паспела абляцець многія тэатры Расіі, Украіны, была пастаўлена ў Малдове і нават у Чыкага (ЗША). 

Беларускія версіі аказаліся звязаныя адной пастановачнай камандай. Рэжысёрам выступіла зусім маладая, але ўжо добра спрактыкаваная Марыя Матох. Да яе далучыліся былая аднакурсніца з Акадэміі мастацтваў, навучэнка Сяргея Кавальчыка і цяперашняя калега Віталіна Бідзюк, што паставіла харэаграфію, галоўны мастак згаданага гомельскага тэатра Таццяна Стысіна і кампазітар Андрэй Папкоў. Дададзім, што акурат такім складам два гады таму ў Гомелі быў увасоблены “Цыяністы калій… з малаком ці без?” і амаль такім (за выключэннем мастачкі) — “Крэйцэрава саната” ў тэатры М. Горкага, дзе Марыя з Віталінай пачалі працаваць яшчэ ў гады вучобы. 

Два гэтыя “Сэлфі...”, зразумела, вельмі падобныя, але адрозніваюцца не толькі акцёрскім складам. Параўноўваючы пастаноўкі, можна прасачыць, як паглыбляліся і ўдасканальваліся рэжысёрскія ідэі. Драматург прадугледжваў, што ролі трох мужчын у жыцці гераіні, якіх яна згадвае, будуць аддадзены аднаму артысту. Але М. Матох падзяліла тыя ролі на трох, ды яшчэ і пашырыла колькасць выхадаў кожнага, вымусіўшы прыносіць гераіні неабходныя рэчы (тэлефон, пашпарт, дзённік успамінаў і да т. п.). У сталічнай версіі задзейнічаны больш маладыя акцёры (Сяргей Савянкоў, Сяргей Жбанкоў, Дзяніс Нямцоў, Сяргей Чэкерэс), часткова зменены сцэнічныя строі, некаторыя мізансцэны. Мужчыны ў фраках цяпер не проста выходзяць з куліс, а рухаюцца па строга акрэсленай траекторыі. Склероз не вяжа на спіцах, а круціць ручку швейнай машынкі. Стала больш гумару, закладзенага у тым ліку ў пластыку. Больш ярка і каларытна гучыць музыка, пагружаючы ў камедыйную атмасферу. Агульны сэнс зрушыўся ў іншы бок — драматычна-філасофскі, афарбаваны здаровай іроніяй. Бо народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч акцэнтуе не столькі парывіста эмацыйныя ўзрушэнні сваёй гераіні, колькі трагічнасць яе лёсу, што ахапіў многія складанасці савецкага часу, але пакінуў адчуванне шчасця, не страчанае жанчынай ні пры якіх абставінах. 

Сцэнаграфія прыдатная для выязных паказаў. Прапісаны ў рэмарках прадметны свет не загрувашчвае прастору, у выглядзе барэльефаў ён перавандраваў на шырму. Аднак галоўным сімвалам становіцца гадзіннік з падвойнай выявай: гэта і мужчынскі партрэт паўабаротам, і жаночы профіль. А мігаценне фігур выдатна адпавядае і назве спектакля, і яго сутнасці. 

Надзея БУНЦЭВІЧ