Актуальнасць традыцый

Апублiкавана: 13 студзеня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Соцыум

Аўтар: РУДАК Антон

Чым 2022-і быў адметны ў плане аховы гісторыкакультурнай спадчыны? 

Сёлета ў нашай краіне праходзіў Год гістарычнай памяці. Увага надавалася розным перыядам беларускай мінуўшчыны, аднак акцэнт зрабілі на Вялікай Айчыннай вайне. Пад кіраўніцтвам Міністэрства культуры актывізавалася дзейнасць камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей, вывезеных за межы Рэспублікі Беларусь у гады нацысцкай акупацыі. У музеях краіны ствараліся экспазіцыі, прысвечаныя злачынствам гітлераўцаў і іх памагатых. 

НЕМАТЭРЫЯЛЬНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ 

Па-ранейшаму дынамічна праводзілася работа па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У маі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці набыў элемент “Стравы з таркаванай бульбы (бульбяныя бліны, бабкі, дранікі і іншыя) — традыцыі прыгатавання і спажывання”. Пры падачы заяўкі ўлічылі меркаванні каля паўтысячы носьбітаў звычаяў і прааналізавалі больш за дзве сотні рэцэптаў адных толькі дранікаў з усёй краіны. 

У ліпені статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымаў элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Старадаўні тып народнага лялечнага тэатра «Віцебскі жлоб»”. Такая назва замацавалася ў народзе за батлейкай, якая з’явілася на Беларусі яшчэ ў ХVІ стагоддзі. Будовай “Віцебскі жлоб” значна адрозніваецца ад распаўсюджанага на нашых землях віду батлейкі і перадусім выдзяляецца тым, што спалучае статычную лялечную панараму з рухомым тэатрам ценяў. 

У жніўні статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымаў элемент “Традыцыя вырабу прыпяцкага чоўна”. Архаічны водны транспарт некалі быў пашыраны на Прыпяцкім Палессі. Сёння звычай збярогся толькі ў вёсцы Перароў Жыткавіцкага раёна, дзе сучасныя майстры захавалі старадаўнія тэхналогіі стварэння чоўна з цэльнага камля дуба. 

Нарэшце, у снежні на 17-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO было прынятае рашэнне аб уключэнні элемента “Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство і ўменні” ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Сёння саломапляценнем у краіне займаюцца каля дзвюх соцень майстроў, рамяство ў многіх сем’ях перадаецца ад бабуль і дзядоў унукам, але не толькі: багата ўмельцаў асвоіла саломапляценне самастойна, па кнігах. Безумоўна, прызнанне на міжнароднай арэне паспрыяе павышэнню цікавасці да гэтага традыцыйнага майстэрства. 

ВІТРЫНА КРАІНЫ 

У лістападзе ў рамках Міжнароднага навуковапрактычнага семінара “Захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны краін СНД у кантэксце глабальных выклікаў” у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага прайшла выстава “Нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі”. Агульнарэспубліканская экспазіцыя такога маштабу, якая ахоплівае здабыткі ўсіх рэгіёнаў, дэманстравалася ў нашай краіне ўпершыню. У праекце ўдзельнічалі носьбіты традыцый, прадстаўнікі народных калектываў і народныя майстры, што распавядалі пра рамёствы, звычаі ды святы, уласцівыя розным мясцовасцям Беларусі. Экспазіцыя дапамагла яшчэ раз пераканацца, што ў кожным кутку краіны ёсць адметныя традыцыі, а ўсім нам ёсць чым пахваліцца і на міжнароднай арэне. 

На пачатку снежня ў Мінску адбыўся V Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”, які разгарнуўся ў спартыўна-культурным цэнтры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў пад слоганам “Музей. Спадчына. Памяць”. У мерапрыемстве паўдзельнічалі 84 айчынныя і 12 расійскіх устаноў. Наведвальнікі атрымалі цудоўную магчымасць скласці ўражанне аб найлепшых музеях Беларусі і запланаваць візіты ў найбольш упадабаныя. 

АДРАДЖЭННЕ ПОМНІКА 

Эфектным завяршэннем года стала ўрачыстае адкрыццё палацава-паркавага ансамбля ў Косаве Івацэвіцкага раёна. Палац Пуслоўскіх, збудаваны ў ХІХ стагоддзі, быў пашкоджаны яшчэ ў гады Першай сусветнай вайны, падчас нацысцкай акупацыі выкарыстоўваўся для размяшчэння яўрэяў з гета. У 1944-м пажар істотна пашкодзіў архітэктурны артэфакт. У выніку былі страчаныя як дэталі ўбрання, так і сцены ды дах. Рэстаўрацыя Косаўскага палаца з прыстасаваннем пад гасцінічна-турыстычны комплекс стартавала ў 2008 годзе. 

У будынку з’явіліся фрэскі і роспісы на сценах, ляпніна з пазалотай, каваныя жырандолі. Таксама адноўленыя каміны, пакладзены паркет. Для на¬ дання інтэр’ерам гістарычнага выгляду адмыслова адшукваліся антыкварная мэбля і прадметы побыту, аналагічныя тым, што знаходзіліся ў залах палаца да пачатку заняпаду. Толькі сёлета былую рэзідэнцыю Пуслоўскіх наведалі каля 90 тысяч турыстаў, што сведчыць пра немалую запатрабаванасць аб’ектаў нашай гісторыка-культурнай спадчыны. 

Антон РУДАК